viasna on patreon

"У турмах не менш за 16 палітвязняў з інваліднасцю". Як выглядаў альтэрнатыўны даклад для Камітэта па правах людзей з інваліднасцю

2024 2024-08-28T16:32:55+0300 2024-08-28T16:32:55+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sacunkevich-drazdouski.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Жэневе разгледзелі сітуацыі з правамі людзей з інваліднасцю ў Беларусі. Пра тое, як адчытваліся беларускія ўлады, "Вясна" пісала тут. А цяпер — пра тое, якую ролю адыгралі беларускія праваабаронцы.

sacunkevich-drazdouski.jpg
Наталля Сацункевіч, Хуан Ігнасіа Перэс Бэла і Сяргей Драздоўскі

Камітэт па правах людзей з інваліднасцю сустрэўся з беларускай грамадзянскай супольнасцю — з тымі, хто рыхтаваў альтэрнатыўны даклад па Беларусі. Сярод іх — прадстаўніца "Вясны" Наталля Сацункевіч і дырэктар Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі.

"Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі пагаршаецца з кожным месяцам, арыштоўваюць і рэпрэсуюць новых людзей, і проста цяпер людзі сутыкаюцца з катаваннямі, — адзначыла на сустрэчы з Камітэтам Наталля Сацункевіч. — Любая спроба публічна рэалізаваць свае правы або крытыкаваць урад прыводзіць да арыштаў і рэпрэсій. Людзі баяцца звяртацца да праваабаронцаў і незалежных журналістаў. "Вясна" прызнаная экстрэмісцкім фармаваннем, удзел у дзейнасці або перадача інфармацыі цягне за сабой крымінальны пераслед і турэмнае зняволенне тэрмінам да 6 гадоў.

У сваім маніторынгу мы надаем асаблівую ўвагу ўразлівым групам і радыя даць Камітэту інфармацыю аб грамадзянскіх і палітычных правах людзей з інваліднасцю. На сённяшні дзень вядома, што супраць больш чым 3 300 чалавек ужываўся палітычна матываваны крымінальны пераслед, з іх 1 385 знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі. Паводле звестак Праваабарончага цэнтра "Вясна", сярод асуджаных паводле палітычных матываў, што адбываюць пакаранне ў калоніях і турмах, не менш за 16 чалавек з інваліднасцю, 91 чалавек з цяжкімі захворваннямі, 65 пажылых людзей старэйшых за 60 гадоў (многія з якіх таксама маюць сур'ёзныя праблемы са здароўем) і 10 чалавек з псіхасацыяльнымі парушэннямі. Гэта няпоўныя дадзеныя. Таксама варта ўлічваць, што ўстанаўленне інваліднасці ў месцах пазбаўлення волі спалучана з вялікімі цяжкасцямі, праз што многія людзі не прызнаюцца ўладамі інвалідамі".

Згадала Наталля Сацункевіч і пра артыкул 10 Канвенцыі аб правах людзей з інваліднасцю — "Права на жыццё", які кажа пра тое, што "дзяржавы-ўдзельніцы [Канвенцыі] зноў пацвярджаюць неад'емнае права кожнага чалавека на жыццё і прымаюць усе неабходныя захады для забеспячэння яго эфектыўнага ажыццяўлення людзьмі з інваліднасцю нароўні з іншымі".

"Асуджаным людзям з інваліднасцю не аказваецца адэкватная медычная дапамога, што прывяло да смерці некалькіх палітычна матываваных асуджаных людзей з інваліднасцю ў калоніях за апошнія гады, — распавяла Камітэту па правах людзей з інваліднасцю Наталля Сацункевіч. — 20 лютага 2024 года ва ўзросце 64 гадоў памёр палітвязень і грамадскі дзеяч Ігар Леднік. Ён быў адвольна асуджаны да трох гадоў пазбаўлення волі за паклёп на Аляксандра Лукашэнку ў друкаваным выданні. Палітвязень меў другую групу інваліднасці праз праблемы з сэрцам, але яго ўсё роўна асудзілі да пазбаўлення волі. У зняволенні здароўе Ігара Ледніка значна пагоршылася, і яму зрабілі аперацыю на страўнікава-кішачным тракце. Прычынай смерці палітвязня стала спыненне сэрца.

У траўні 2023 года ў віцебскай калоніі № 3 памёр 61-гадовы грамадскі актывіст з Пінска Мікалай Клімовіч. Ён быў асуджаны да аднаго года пазбаўлення волі ў калоніі за рэакцыю ў "Аднакласніках" на карыкатуру з Лукашэнкам. У Мікалая Клімовіча была інваліднасць, ён перанёс інсульт і складаную аперацыю на сэрцы".

Акрамя таго, праваабаронца звярнула ўвагу і на такую нявырашаную праблему, як змяшчэнне людзей з псіхасацыяльнымі парушэннямі ў следчыя ізалятары на некалькі месяцаў да рашэння суда. У гэты час яны практычна не атрымліваюць лячэння і ўтрымліваюцца ў агульных камерах або ў адзіночных камерах.

"Людзі з інваліднасцю і пажылыя людзі рэгулярна становяцца ахвярамі катаванняў і жорсткага, бесчалавечнага або зневажальнага годнасць абыходжання, асабліва ў сувязі з крымінальнымі абвінавачваннямі паводле палітычных матываў. Таксама такі зварот шырока распаўсюджваецца дзяржаўнымі СМІ, — сказала Наталля Сацункевіч. Галіна Дзербыш, 63-гадовая жанчына з інваліднасцю і анкалагічным захворваннем, якую пераследуюць паводле палітычных матываў, была змешчаная ў адзіночную камеру на 10 сутак у турму № 1 у Гродне, дзе ёй не давалі неабходныя лекі, праз што яна некалькі разоў губляла прытомнасць. 15 месяцаў жанчына ўтрымлівалася ў адзіночнай камеры. Цяпер яна знаходзіцца ў калоніі ва ўмовах інфармацыйнай блакады. Ёсць паведамленні аб яе вельмі цяжкім становішчы. Як сказаў мой калега, статыстыка не прадастаўляецца, і гэта не дазваляе распрацоўваць і ўкараняць стратэгіі па выкананні дзеючай Канвенцыі ў дачыненні да асуджаных і зняволеных асоб з інваліднасцю".

Сярод удзельнікаў і складальнікаў альтэрнатыўнага дакладу — і дырэктар Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі. Ён распавёў, якія рэкамендацыі вынесла грамадзянская супольнасць для беларускіх уладаў:

  • У мэтах выканання ў тым ліку артыкулаў 15 і 21 Канвенцыі па правах людзей з інваліднасцю, неадкладна вызваліць ад знаходжання ў месцах пазбаўлення волі ўсіх асоб, якія маюць інваліднасць і парушэнні здароўя (якія прама могуць быць расцэненыя як неацэнены фактар інваліднасці), што знаходзяцца там паводле палітычна матываваных падставаў.
  • Неадкладна пачаць выконваць абавязальніцтвы адносна артыкула 31 Канвенцыі, забяспечыўшы права грамадзян на доступ да належнай інфармацыі, уключна з статыстычнымі і даследчымі дадзенымі аб інваліднасці, а таксама поўныя і ўсямерныя справаздачы ўрада, органаў кіравання, і мясцовых органаў улады аб ходзе выканання дзяржаўных праграм па інваліднасці, выканання абавязальніцтваў у гэтай сферы.
  • Спыніць пераследы, уключна з цэнзурай, за іншадумства і крытыку ў сферы інваліднасці ў адрас дзяржавы і дзяржаўных органаў, ды палітыкы што імі праводзіцца.
  • Працягнуць працу па ўдасканаленні нацыянальнай палітыкі інваліднасці, звяртаючы асаблівую ўвагу на яе праваабарончае разуменне.
  • Праводзіць імплементацыю нормаў КПІ больш дасканала, з разлікам на заўвагі агульнага парадку Камітэта, улічваючы рэкамендацыі Камітэта па правах інвалідаў ААН.
  • Рэарганізаваць Савет па правах інвалідаў пры Савеце Міністраў у структуру, якая дзейнічае паводле дэмакратычных правілаў.
  • Распрацаваць і прыняць рамачныя антыдыскрымінацыйныя нормы заканадаўства, якія дазваляюць поўна і эфектыўна абараняць ад дыскрымінацыі асоб з інваліднасцю. Забяспечыць заканадаўства прамымі нормамі забароны розных формаў дыскрымінацыі і мерамі эфектыўнай абароны.
  • Неадкладна прыступіць да перагляду нормаў заканадаўства, якія змяшчаюць дыскрымінацыйныя складнікі па прыкмеце інваліднасці.
  • Спыніць і блакаваць дыскрымінацыйныя практыкі, што гістарычна склаліся.
  • Прызнаць праблему інстытуалізацыі людзей з інваліднасцю. Распрацаваць і пачаць рэалізоўваць комплексную нацыянальную праграму дэінстытуалізацыі. Нацыянальныя праграмы ў сферы інваліднасці арыентаваць на прыярытэты незалежнага пражывання
    у мясцовых супольнасцях, перадаючы прыярытэт прыняцця рашэнняў і распараджэння рэсурсамі самому чалавеку.
  • Перайсці да вызначэння і экспертызы інваліднасці на падставах Міжнароднай класіфікацыі функцыянавання (СААЗ).
  • Распрацаваць меры па дыверсіфікацыі дзяржаўнай манаполіі ў галінах сацыяльных паслуг, рэабілітацыі і абілітацыі, медыцыны, гарантаваўшы роўныя ўмовы ўдзелу для правайдэраў рознай формы ўласнасці.
  • Перагледзець прававыя адносіны ў сферы рэгулявання дзеяздольнасці. Прывесці нацыянальнае заканадаўства адносна дзеяздольнасці і праваздольнасць у адпаведнасці з КПІ.
  • Падпісаць і ратыфікаваць Факультатыўны пратакол Канвенцыі аб правах людзей з інваліднасцю.

Цалкам з версіяй альтэрнатыўнага дакладу па Беларусі можна азнаёміцца тут.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства