Затрыманне за пратэсты і ціск на палітвязняў: хроніка пераследу 1-2 верасня Дапоўнена
У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 1-2 верасня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
За ўдзел у "масавых беспарадках" затрымалі мужчыну
Паводле праўладных тэлеграм-каналаў, мужчына браў удзел у "масавых беспарадках" і "скідваў інструкцыю як зрынуць уладу".
Праўладныя тэлеграм-каналы пішуць, што ў дачыненні да мужчыны распачалі крымінальную справу па артыкулах аб "масавых беспарадках" (293 КК) і "стварэнні экстрэмісцкага фармавання або ўдзеле ў ім" (361-1 КК).
Затрымалі страхавога агента кампаніі DSD Insurance
На "пакаяльным відэа" затрыманы кажа, што ў 2020 годзе хадзіў на акцыі пратэсту, пісаў "абразлівыя каментары ў экстрэмісцкім чаце" і адпраўляў інфармацыю пра перамяшчэнне тэхнікі ў чат-бот канала "Кантроль аўтазакаў".
Таксама праўладныя тэлеграм-каналы апублікавалі фотаздымкі, дзе затрыманы разам з сябрамі святкуе Новы год — у кадры бачныя нацыянальныя сцягі.
Беларуску Дзіяну Маісеенку затрымалі ў Арменіі па палітычна матываваным вышуку з боку Беларусі
Пра гэта паведамляе юрыст Алесь Міхалевіч.
"2 верасня ў 9 гадзін раніцы Дзіяна была затрымана пры перасячэнні мяжы Грузіі з Арменіяй, бо яна знаходзіцца ў вышуку ў Беларусі па адным з часта ўжываных беларускімі ўладамі палітычных крымінальных артыкулаў. Ёй інкрымінуюць артыкул 342 ч.1 КК ("Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх"). У Беларусі ёй пагражае пазбаўленне волі на тэрмін да чатырох гадоў.
У дадзены момант Дзіяна знаходзіцца ў аддзеле паліцыі горада Наемберан. Судовае пасяджэнне будзе прызначана ў бліжэйшы час. Маё адвакацкае бюро ўжо падключылася да гэтага працэсу. Думаю, што нам удасца адстаяць правы Дзіяны і дамагчыся адмовы ў яе экстрадыцыі з Арменіі, паколькі міжнароднае права забараняе экстрадыцыю асоб, якія праследуюцца па палітычных матывах, але патрэбная дапамога журналістаў і Офіса Ціханоўскай, які ўжо паінфармаваны".
У Мінску затрымалі мужчыну за ўдзел у паслявыбарчых пратэстах
Праўладны тэлеграм-канал 1 верасня паведаміў пра затрыманне мінчука за ўдзел у акцыі пратэсту 6 верасня 2020 года. На пакаяльным відэа мужчына кажа, што "выходзіў на праезную частку, каб сфатаграфавацца".
Па папярэдняй інфармацыі, імя затрыманага – Максім Карабак.
Палітвязняволенаму Арцёму Лапікаву збіраюцца ўзмацніць пакаранне
Арцёма затрымалі ў жніўні 2023 года. У судзе Кастрычніцкага раёну Магілёва 7 верасня 2023 года яго асудзілі паводле арт. 367 КК (паклёп на Лукашэнку). Суддзя Жанна Пушкіна прызначыла Арцёму 3 гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Вязень адбывае пакаранне ў ваўкавыскай калоніі № 11. 2 верасня ў Ваўкавыску адбыўся суд аб пераводзе палітвязня на турэмны рэжым. Справу разглядаў суддзя Мікалай Сяргейка. Вынік суда пакуль невядомы.
Палітвязня Максіма Матырку хочуць перавесці на турэмны рэжым
За апошнія два гады палітвязня асудзілі ўжо тройчы — спачатку за ўдзел у акцыі пратэсту (арт. 342 КК) і падпал машыны (арт. 218 КК), а пазней за "злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі (арт. 411 КК). Максіму прызначылі 9 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, але прысуд па справе за "непадпарадкаванне", невядомы. Адбываць тэрмін яго накіравалі ў горацкую калонію № 9.
Стала вядома, што 10 верасня ў судзе Горацкага раёна будзе разглядацца справа аб пераводзе Максіма на турэмны рэжым. Працэс будзе весці суддзя Алена Шляхціцава.
Жыхара Баранавічаў затрымалі за каментары пра міліцыянтаў — ён назваў ГУБАЗіК экстрэмісцкім фармаваннем
Праўладныя тэлеграм-каналы пішуць, што мужчына "адправіцца адбываць доўгае пакаранне за абразы і пагрозы на адрас супрацоўнікаў МУС". Пра гэта стала вядома 31 жніўня.