viasna on patreon

Арышты і канфіскацыя маёмасці палітычных: лік можа ісці на тысячы пакінуўшых краіну беларусаў

2024 2024-08-30T12:10:00+0300 2024-08-30T12:58:50+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/arysht-kvatera-3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстрацыйнае фота.

Ілюстрацыйнае фота.

Усё часцей маёмасць асуджаных па пратэсных артыкулах беларусаў рэалізуецца з аўкцыёнаў на падставе судовых штрафаў і спагнанняў. Яшчэ болей выпадкаў, калі на жыллё, альбо іншую нерухомасць, аўтамабілі і бытавую тэхніку асуджаных аддзеламі прымусовага выканання ці іншымі дзяржаўнымі органамі накладаецца арышт. Такія меры тычацца не толькі тых, хто быў зняволены ў Беларусі, але ў значнай частцы тых, хто з’ехаў ад пераследу з краіны і патрапіў пад працэдуру спецвытворчасці.

Спачатку арышт, затым – электронны аўкцыён

Прыгадаем некалькі вядомых выпадкаў аб продажы з аўкцыёнаў “БелЮрзабеспячэнне” нерухомасці ў 2024 годзе.

15 красавіка 2024 года на электронны аўкцыён была выстаўленая нерухомасць, якая з'яўляецца ўласнасцю двух праваабаронцаў “Вясны”: Валянціна Стэфановіча і Уладзіміра Лабковіча.

Кватэру, якая належыць палітвязню-праваабаронцу Уладзіміру Лабковічу прадалі 23 красавіка. Пачатковая цана двухпакаёвай кватэры на вуліцы Тухачэўскага ў Мінску склала 134 тысячы рублёў, у таргах удзельнічалі тры чалавекі. У выніку кватэру прадалі за 145 390 рублёў.

Таксама на продаж была выстаўленая 1/7 доля адміністрацыйнага памяшкання ў Мінску на вуліцы Ложынскай. Пачатковая цана лота – 33 тыс. 300 рублёў. Гэтая нерухомасць лічыцца за віцэ-прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Валянцінам Стэфановічам. 

Патрэбна дадаць, што памяшканне на вуліцы Ложынскай належыць яшчэ шасці сябрам праваабарончай арганізацыі. Звестак, што яе здалося прадаць пакуль няма. А вось аўтамабіль праваабаронцы быў прададзены.

Прысудам суда Ленінскага раёна Мінска 3 сакавіка 2023 года Стэфановічу і Лабковічу, акрамя вялікіх тэрмінаў зняволення, прызначылі штрафы ў памеры тры тысячы базавых велічыняў кожнаму. Таксама пастанавілі спагнаць у салідарным парадку з Бяляцкага, Стэфановіча, Лабковіча і Салаўёва суму ў памеры 752 438 рублёў 62 капеек (гэта амаль 297 650 даляраў) якую яны нібыта "здабылі злачынным шляхам".

labkovisch-kvatera-2.png
Кватэра Уладзіміра Лабковіча. Фота: e-auction.by

Кватэру палітзняволенага Сяргея Ціханоўскага выставілі на продаж 6 сакавіка, але толькі з трэцяга заходу знайшоўся пакупнік і 26 ліпеня 2023 года нарэшце-такі прадалі трохпакаёвую мінскую кватэру Сяргея і Святланы Ціханоўскіх у Мінску. Падчас таргоў удзельнікі некалькі разоў перабівалі стаўкі адзін адного, а аўкцыён увесь час працягвалі. Ён доўжыўся 13 гадзін, а ў выніку кошт кватэры перавысіў 203 тысячы рублёў.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, фігуранты "справы Ціханоўскага" павінны будуць сплаціць 22 мільёны рублёў кампенсацыі — як пазначана ў судовым рашэнні, "для выплат супрацоўнікам Міністэрства ўнутраных спраў за дадатковы час на службе падчас паслявыбарчых пратэстаў

9 красавіка ў Мінску праз электронны аўкцыён прадалі кватэру Валерыя і Веранікі Цапкалаў. Зрабіць гэта ўдалося толькі з другой спробы, калі знайшліся тры пакупнікі. яе прадалі за 395 тысяч 720 рублёў 27 капеек.

У Беларусі сям'я Цапкалаў не жыве з лета 2020-га з-за пагрозы палітычнага пераследу. Валерыя Цапкалу на радзіме завочна асудзілі на 17 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Вераніка Цапкала заявіла, што з часам вернецца і будзе спаганяць арэнду з пакупнікоў кватэры.

За зямельны ўчастак палітзняволенага Віктара Бабарыкі ў вёсцы Мачаны Лагойскага раёна ўзялі на таргах, якія прайшлі 31 ліпеня выручылі 331 647 рублёў.

У судзе Маскоўскага раёна Мінска 6 ліпеня 2021 года апрача вялікага тэрміну – 14 гадоў – Бабарыку пакаралі штрафам у памеры 145 тысяч рублёй (пяць тысяч базавых велічыняў), а таксама ён павінен будзе выплаціць больш за 46 мільёнаў рублёў, каб пагасіць нібыта прычыненую ім шкоду. 

У Алены Янушкоўскай з Віцебскай вобласці, грамадскага дзеяча, сябра Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі, арыштавалі дом за нявыплачаныя штрафы і падаткі — 1 400 рублёў за прапісанага ў кватэры арандатара. 30 траўня кватэру прадалі з таргоў. Было два ўдзельнікі. Улады ацанілі дом у 10 000 рублёў.

Арышты на нерухомасць палітэмігрантаў, якія патрапілі пад спецвытворчасць: лік ідзе на тысячы?

Яшчэ большы масштаб у гэтым годзе атрымала накладанне арышту на нерухомасць грамадзян, якія выехалі з Беларусі, а ў дачыненні да іх распачатая спецвытворчасць. Наколькі гэта з’ява масавая – бачна з сюжэта АНТ.

На дзяржаўным тэлеканале АНТ увечары 20 траўня выйшаў сюжэт пра кватэры актывістаў, вымушаных пад палітычным пераследам пакінуць Беларусь.

У кадрах бачна, як сілавікі ўваходзяць у кватэры і апячатваюць іх "для далейшай рэалізацыі". У сюжэце паведамілі пра арышт кватэры Яны Латушка (дачкі Паўла Латушкі), Аляксандра Шышко, Алы Пухавай, Андрэя Тупоўскага, Ганны Федаронак, гісторыка Віктара Якубава, каардынатара кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Змітра Бандарэнкі, журналіста Змітра Казакевіча. Таксама ў сюжэце паказалі, як сілавікі заварваюць уваходныя дзверы ў кватэры актывістак Караліны Цярэнцьевай іТаццяны Баранавай.

Так, напрыклад, Незалежны журналіст з Віцебска Зміцер Казакевіч не жыве ў Беларусі са жніўня 2021 года. Увесь час, што ён знаходзіцца ў замежжы, да яго маёмасці ніхто цікаўнасці не меў. Цяпер, мяркуе журналіст, і да яе ў следчых "дайшлі рукі"

"Даведаўся ад знаёмых, што 16 траўня ў 18.40 дзверы ў кватэру ўжо былі ўзламаныя. Яны жалезныя, і трэба было прыкласці пэўныя намаганні. Кажуць, што рабілі гэта супрацоўнікі МНС, але апячатвалі іншыя структуры. На паперцы, якой апячаталі кватэру, напісана: «Апячатана. Накладзены арышт. Уваход забаронены. Супрацоўнік КДБ Красноў", "Па ўсіх пытаннях звяртацца ў Следчы Камітэт", — распавёў журналіст.

2024-08-30-09_00_51-na-telekanale-ant-sk
Ілюстрацыйнае фота.

Таксама быў накладзены арышт на маёмасць праваабаронцы і рэдактара Аршанскага незалежнага сайта Ігара Казмерчака. На ягоную думку, падставай для такога рашэння паслужыла крымінальная справа за абразу Лукашэнкі (ч.1 арт 368 КК), узбуджаная яшчэ ў 2022 годзе. 

Арыштаваная кватэра медыяменеджара і сузаснавальніка "Tribuna.com Беларусь" Дзмітрыя Навошы, які знаходзіцца за мяжой.
Навоша ўпэўнены, што "да апошняга дня лукашызму" беларускія ўлады "будуць са знарочыстым чвяканнем жэрці людзей — каб трымаць астатніх у страху і пакоры". І вінаватым па выстаўленых абвінавачваннях сябе не лічыць".

Зусім нядаўна, 19 жніўня, Гродненскі абласны суд завочна прыгаварыў журналіста Уладзіміра Хільмановіча да пяці гадоў пазбаўлення волі са штрафам у памеры 1 000 базавых велічынь (40 тыс. рублёў), паведамляе “Гарадзенская праваабарона”.  Адзначаецца, што на частку маёмасці журналіста (лецішча, двухпакаёвую кватэру ў Гродне і бытавую тэхніку) накладзены арышт.

Арышт на маёмасць можа быць накладзены з мэтай кампенсацыі ўрону і з мэтай выканання судовага прысуду. Прычым арышт на маёмасць накладваецца толькі ў тым памеры, які неабходны для кампенсацыі шкоды, напрыклад, нельга накладаць арышт на дом, альбо дарагі аўтамабіль для пагашэння невялікага штрафу. Арышт на маёмасць мае права накласці: орган дазнання або орган, які вядзе адміністратыўны працэс, следчы, пракурор, суд, судовы выканаўца..

 Грамадска-палітычны актывіст Сяргей Верамеенка, які зараз жыве за мяжой і супраць якога вядзецца спецвытворчасць па сфабрыкаванай крымінальнай справе, нядаўна выклаў у фэйсбуку фота свайго гарадзенскага дому, на які наклалі арышт і апячаталі дзверы. Пасля сям’я ўбачыла на сайце «Белюрзабеспячэнне», што яе маёмасць прадаецца: мэбля, пральная машына, лядоўня, фатэлі, столікі, люстэрка. Гэта значыць, што маёмасць канфіскаваная. Якім рашэннем — Сяргей не ведае. На ліпень 2024 года лядоўню ўжо прадалі.

Верамеенка фіксуе ў папцы «Скрадзеная маёмасць» кожнага, хто датычны да продажу яго маёмасці. У папцы ўжо некалькі дзясяткаў чалавек. Ён лічыць, што гэтыя людзі будуць адказваць персанальна: "Я спадзяюся, што мы дажывём да гэтага часу, калі ім прыйдзецца адказваць па закону, калі ўжо мы іх будзем судзіць. Калі гэта будзе не пры маім жыцці, у мяне ёсць сын — ён-та дакладна дажыве". 

Колькасць беларускіх палітуцекачоў, якія могуць страціць жыллё на радзіме, "набліжаецца да 1000". Такую лічбу ў эфіры тэлеканала АНТ назваў прапагандыст Ігар Тур.

Ён нагадаў, што перад выбарамі ў Каардынацыйную раду Следчы камітэт пачаў крымінальную справу на 257 чалавек, якія вылучыліся на выбары і арганізоўвалі іх. Неўзабаве пасля таго стала вядома пра масавыя ператрусы ў кватэрах кандыдатаў у КР.

"Ва ўсіх будзе канфіскаваная ў даход дзяржавы нерухомасць, якая арыштаваная, апячатаная і заварана. Давайце палічым. У сярэднім хай 100 тысяч долараў за кватэру, памножым на 257, атрымаем крыху больш чым 2,5 мільёна долараў (насамрэч атрымліваецца 25,7 мільёна долараў — Еўрарадыё). Калі шчыра, для бюджэту Беларусі гэта слёзы", — заявіў Тур.

Сярод праяваў дыскрымінацыі самым жорсткім і незаконным метадам ціску юрыст НАУ Міхаіл Кірылюк лічыць завочныя крымінальныя справы і гвалтоўнае адабранне маёмасці:

«Завочныя крымінальныя справы супраць палітычных уцекачоў ужо не рэдкасць. Але цяпер у Беларусі магчымая канфіскацыя маёмасці нават без прысуду па крымінальных справах: дастаткова звярнуцца ў эканамічны суд з афіцыйнай заявай, што нейкі чалавек нанёс матэрыяльную шкоду дзяржаве. Да прыкладу, нехта сказаў у інтэрв'ю, што эканамічныя санкцыі супраць Беларусі — гэта добра. І ўсё, пры жаданні можна налічыць мільярдныя страты, якія нібыта панесла Беларусь".

Леанід Судаленка: "Спецвытворчасць закране тысячы пакінуўшых краіну беларусаў"

На юрыста і праваабаронцу Леаніда Судаленку згодна з апошнім завочным прысудам — пяць гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах строгага рэжыму — таксама накладзены штраф у памеры 650 базавых велічынь. А таму на зямельны ўчастак, які знаходзіцца ў ягоным пажыццёвым спадчынным валоданні, быў накладзены арышт. Ён выказвае сваё бачанне гэтай праблемы і разважае пра перспектывы:

"Вядома, што спецвытворчасць па крымінальных справах уведзена як рэпрэсіўны інструмент для палітычна матываванага пераследу асоб, вымушаных пакінуць краіну з меркаванняў бяспекі і відавочных палітычных рэпрэсій.

Увесну 2023 года ў крымінальны кодэкс Беларусі былі ўнесеныя папраўкі, якія дазволілі за экстрэмістскія злачынствы спаганяць штрафы ў памеры да 50 000 базавых велічынь (да 2 млн. беларускіх рублёў) дзеля звароту ў даход дзяржавы маёмасці асуджаных беларусаў, якая засталася ў краіне"

ivent_sudalenko_9.jpg
Леанід Судаленка. Фота з сацыяльных сетак.

Судаленка нагадвае, што 1 ліпеня бягучага года Мінскі абласны суд разгледзеў у парадку спецвытворчасці “справу 20 аналітыкаў Ціханоўскай”. Прэс-сакратару Ганне Красулінай суд прысудзіў штраф у 40 тыс. базавых велічыняў (1,6 млн. руб.) або каля 450 тыс. еўра па курсе Нацбанка Беларусі. У бягучым СК годзе анансаваў распачатыя крымінальныя справы ў дачыненні да асоб, якія бралі ўдзел у Дні Волі ў розных краінах за межамі Беларусі. Гэта значыць, што ўжо хутка "спецвытворчасць" закране тысячы пакінуўшых краіну беларусаў.

"Упэўнены, як толькі ў краіну вернецца канстытуцыйная законнасць, усе гэтыя завочныя прысуды будуць адменены з поўнай рэабілітацыяй кожнай ахвяры рэпрэсій, у тым ліку з вяртаннем незаконна аднятай падчас рэпрэсій маёмасці. Нагадаю, 15 сакавіка бягучага года ў Савеце ААН па правах чалавека рэпрэсіі ў Беларусі названыя злачынствам супраць чалавечнасці ў форме пераследу і іншых спадарожных дзеянняў", — перакананы праваабаронца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства