Затрыманні вайскоўцаў і дальнабойніка, ліквідацыя грамадскіх аб'яданняў: хроніка пераследу 24-27 жніўня Дапоўнена
У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 24-27 жніўня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
У Гродне затрымалі вядучага інжынера-тэхнолага аднаго з прадпрыемстваў горада
Ён нібыта наведваў паслявыбарчыя акцыі пратэсту (на адной з якіх быў затрыманы), распаўсюджваў пратэсныя лістоўкі ў сваім пад'ездзе, а таксама дасылаў у чат-бот "Nexta" інфармацыю пра перасоўванне ваеннай тэхнікі і інфармацыю са свайго прадпрыемства.
Мужчыну затрымалі за данаты "Палку Каліноўскага" і фонду BYSOL
На "пакаяльным відэа" затрыманы кажа, што раней працаваў у прадстаўніцтве "Вольва Груп БЛР" і што ў 2020 годзе два разы выходзіў на мітынгі, а таксама 10 разоў заданаціў праз PayPal "Палку Каліноўскага" і фонду BYSOL.
У Кобрыне за ўдзел у пратэстах затрыманы мясцовы жыхар
Гэта як мінімум дзясяты жыхар Кобрына, якога затрымалі з пачатку году за ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту.
У сацыяльных сетках затрыманы падпісаны як Іван Літвін.
У Беларусі працягваецца масавая ліквідацыя грамадскіх аб'яданняў
27 верасня ў Мінскім гарадскім судзе будуць разглядацца адразу тры позвы ўладаў аб ліквідацыі грамадскіх аб'яднанняў. Так, вырашаецца пытанне аб ліквідацыі Міжнароднага грамадскага аб'яднання "Культурны абмен", грамадскага аб'яднання "Спартыўны клуб ВМХ", Міжнароднага грамадскага аб'яднання "Альтэрнатыва".
Паводле Lawtrend, колькасць прымусова ліквідуемых некамерцыйных арганізацый складае на канец ліпеня 2024 года не менш за 1086 арганізацый.
Instagram-старонка мастака Уладзіміра Цэслера прызнаная "экстрэмісцкай"
Адпаведнае рашэнне прынятае судом Пухавічскага раёну 23 жніўня. На старонку Цэслера падпісана больш за 36000 чалавек.
Таксама ў Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў трапілі:
- Telegram-каналы і чаты "Беларусь Rазам!", "Подвиг народа бессмертен, "Золотая Горка чат района, "ProChat;
- Facebook-старонкі "Беларусы в Украине", "Хата Белсату";
- Сайт agrolivе.bу;
- Старонкі ў "Х" "Valery Kavaleuski", "Valery Tsepkalo", "propovedny";
- Instagram-старонкі "volha.vialichka", "bloody_dictator";
- Старонка ва "Укантакце" "luka.zonе";
- Youtube-старонка "Такое жыццё";
- Старонкі ў "Аднакласніках" "игорь селиханов", "Наша Вiлейка";
- TikTok-старонка "masterslk".
У Мінску затрыманы адміністратар дваровага чату
У ім нібыта "размяшчалася інфармацыя аб перасоўванні сілавікоў, публікаваліся абразы, а таксама заклікі да выхадаў на вуліцы". Праўладныя тэлеграм-каналы сцвярджаюць, што заробак затрыманага — 16 000 рублёў.
Паводле папярэдняй інфармацыі, затрыманы — Аляксей Еўмянкоў.
"Полк Каліноўскага" хочуць прызнаць "тэрарыстычнай арганізацыяй"
Генпракурор Андрэй Швед па прапанове Камітэта дзяржаўнай бяспекі 26 жніўня накіраваў у Вярхоўны Суд заяву аб прызнанні фармавання "Полк імя Кастуся Каліноўскага" з яго структурнымі падраздзяленнямі "тэрарыстычнай арганізацыяй".
Жыхара Магілёва затрымалі на "хіміі" з-за рэгістрацыі ў "Плане Перамога"
На "пакаяльным відэа" затрыманы кажа, што адбывае тэрмін на "хіміі" "за ўжыванне наркатычных сродкаў". Паводле мужчыны, ён прайшоў рэгістрацыю ў "Плане Перамога", за што і быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі.
Паводле інфармацыі "Медыязоны", затрыманы — Сяргей Палякоў.
Па вяртанні з Польшчы затрымалі дальнабойніка
На "пакаяльным відэа", апублікаваным у праўладных тг-каналах, мужчына кажа, што быў падпісаны на "экстрэмісцкія каналы", дзе пакідаў абразлівыя каментары. Таксама ён нібыта дасылаў інфармацыю ў чат-боты некаторых ініцыятыў, сярод якіх і "Чорная кніга Беларусі".
Па пастанове пракурора Брэсцкай вобласці абмежаваны доступ да інтэрнэт-рэсурсу povestka.prо
На партале публікаваліся звесткі, якія прапагандуюць спосабы ўхілення ад выканання вайсковага абавязку, а таксама аказвалася прававая дапамога прызыўнікам па пытаннях ухілення ад праходжання тэрміновай ваеннай службы.
Раней, 11 чэрвеня, судом Цэнтральнага раёна Мінска сайт, сацсеткі і лагатып праекту "povestka.оrg" былі прызнаныя "экстрэмісцкімі матэрыяламі".
Адбыліся масавыя затрыманні вайскоўцаў у Заслонаве пад Лепелем
Цягам апошняга тыдня ў раскладзе суда Лепельскага раёна адзначылася шэсць імёнаў. Усе выкліканыя ў суд — мужчыны, а абвінавачваюць іх у "распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў", паведамляе "Віцебск, я гуляю".
22 жніўня мусілі адбыцца суды над Іванам Мадэлюсам, 23 жніўня — над Віктарам Дубовікам і Уладзіславам Стаховічам, у панядзелак (26 жніўня) — над Ягорам Шмярковым, Аляксеем Чэрнікавым і Алегам Ляхам.
Профіль Мадэлюса ва "Укантакце" быў нядаўна выдалены, мужчына служыць у в/ч 71327 ў Заслонава.На паблік в/ч 71327 аказаўся падпісаны і берасцеец Шмяркоў, якога яшчэ будуць судзіць. У сетцы нагугліваўся таксама поўны цёзка пятнічнага падсуднага — нядаўні курсант Вайсковай акадэміі Уладзіслаў Стаховіч.