viasna on patreon

Сяргей Вазняк: «Там было цяжэй, чым я чакаў і чым быў маральна гатовы...»

2011 2011-01-31T13:06:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Сябра Праўлення ГА «БАЖ» Сяргей Вазняк, выпушчаны 29 студзеня з СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыездзе, у панядзелак завітаў у офіс арганізацыі, дзе яго цёпла павіталі калегі і сябры.

Тэлефон журналіста не змаўкае — Сяргей увесь час адказвае на пытанні,  распавядае пра ўмовы свайго ўтрымання ў СІЗА, прыгадвае новыя дэталі… І гэтыя ўспаміны, відаць па ўсім, даюцца яму няпроста.

Сяргей выглядае схуднелым і прыгаломшаным. «Магу сказаць, што там было цяжэй, чым я чакаў і чым быў маральна гатовы… Але я там не раскісаў, трымаў сябе ў руках», — зазначыў ён.

Перанаселеныя камеры (4–5 чалавек замест двух), спальнае месца пад сталом, 15-хвілінны душ раз на тыдзень, двухразовае наведванне прыбіральні на дзень, вобшукі ў камеры і дэтальны асабісты дагляд раз на тыдзень… Такія складнікі суровага побыту, які Сяргей дзяліў 41 дзень са сваімі сукамернікамі — дзяржслужбоўцамі, бізнесменамі…

І ніводнага ліста за ўвесь час. Пра тое, што яму пісала мноства людзей, Сяргей даведаўся толькі ад іх саміх — калі выйшаў з-за кратаў. Высветлілася, што тэлевізар у камеры быў, але яго адключылі праз 2 дні пасля прыходу ў камеру «палітычнага» зняволенага. Праз яго ж астатнія вязні пазбавіліся права чытаць газеты. Але канфліктаў на гэтай глебе не было, кажа Сяргей.

На турэмнае харчаванне ён не скардзіўся, але прызнаўся, што, калі 2–3 дні былі перабоі з «перадачамі», голад даваў пра сябе знаць.

Умовы знаходжання на волі для Сяргея — падпіска аб нявыездзе і «належныя паводзіны». Межы Мінска яму можна пакідаць толькі з дазволу следчага. Таксама яму забаронена разгалошваць матэрыялы справы і распавядаць пра следчыя дзеянні, якія вядуцца ў дачыненні да яго. Затое можна кантактаваць з людзьмі, карыстацца СМІ і г.д.

«Я ўпэўнены, што няма чаго ў СІЗА трымаць астатніх людзей. Гэта ж не злачынцы — гэта толькі падазраваныя ці абвінавачаныя, а не асуджаныя. А ўмовы там такія, што можна праз два месяцы ў судзе прызнацца ў чым заўгодна, хоць у забойстве Кенэдзі…», — лічыць Сяргей Вазняк.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства