Адносіны паміж Польшчай і ўладамі Беларусі ізноў абвастраюцца: беларускі амбасадар у Польшчы Павал Латушка адкліканы ў Менск
Афіцыйна зазначаецца, што спадар Латушка адкліканы для кансультацыяў і вернецца ў Варшаву пасьля іх заканчэньня. Прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Папоў зазначыў, што ягонае ведамства пакуль не камэнтуе адкліканьня амбасадара Паўла Латушкі з Варшавы, ад нейкіх абагульненьняў цяперашняга стану беларуска-польскіх дачыненьняў спадар Папоў таксама адмовіўся. На пытаньне радыё Свабода, ці не зьвязваецца гэтая падзея з прыёмам прэзыдэнтам Польшчы і іншымі кіраўнікамі польскай дзяржавы лідэра беларускай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча, прэс-сакратар адказаў: "Прэзідэнт Польшчы як прэзідэнт любой краіны мае права сустракацца з любымі прыватнымі асобамі. Наш прэзідэнт таксама прымае амаль што кожны дзень розных прыватных асобаў. Так што хай прэзідэнт Польшчы займаецца тым, што яму падабаецца".
Аляксандар Мілінкевіч мае свой погляд на цяперашнія польска-беларускія дачыненьні: "Я толькі што вярнуўся з Варшавы. Цэлы дзень там правёў, былі сустрэчы з прэзыдэнтам, кіраўніком сэнату, прэм'ер-міністрам. І сапраўды адчуваецца вялікая напружанасьць. Па-першае, таму што Марыюш Машкевіч зьбіты і асуджаны, гэта ўсё-такі былы амбасадар. А па-другое, тое, што ў Гародні зьбіты польскі дыпламат, і цяпер ён у вельмі цяжкім стане, нават з пагрозай для жыцьця. Для палякаў ўжо гэта перабрала ўсе меры. Таму сапраўды такой напружанасьці ў адносінах Беларусі і Польшчы яшчэ не было".
Спадар Мілінкевіч ня думае, што могуць быць парваныя дыпляматычныя адносіны паміж Менскам і Варшавай, бо гэта пайшло б на шкоду ўсім. На ягоную думку, нармалізацыя дачыненьняў магчымая толькі ў тым выпадку, калі афіцыйны Менск прадэманструе жаданьне іх паляпшэньня, але такіх сыгналаў пакуль няма, толькі адваротныя.
На думку прадстаўніка БСДП (Грамада) Аляксея Караля, адносіны Беларусі з Польшчай ускладніліся з-за адкрытай пазыцыі Варшавы да несумленных прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, бо менавіта польскі бок раней, чым іншыя выказаў сваю пазыцыю адкрыта і жорстка.
Прадстаўнік непрызнаванага ўладамі кіраўніцтва Саюзу палякаў Беларусі Анджэй Пачобут чарговае абвастрэньне беларуска-польскіх адносінаў таксама зьвязвае з выбарамі: "Менавіта цяпер Польшча вядзе рэй у кампаніі міжнароднай падтрымкі беларускай апазыцыі. Канечне, вось такая дастаткова нэрвовая рэакцыя на гэта з беларускага боку. І мы, палякі Беларусі, безумоўна, гэта адчуваем, і я, і Анджэй Пісальнік і іншыя актывісты былі арыштаваныя і ў тых самых камэрах апынуліся, што і сябры перадвыбарчых штабоў кандыдатаў. Гэта сьведчыць пра тое, што фактычна мы прыроўненыя да апазыцыі, і на сёньня такі самы наш лёс".
Анджэй Пачобут перакананы, што рэпрэсіі супраць польскай меншасьці ў Беларусі зьяўляюцца дадатковай падставай для занепакоенасьці афіцыйнай Варшавы. Беларускаму боку непатрэбныя прыязныя адносіны са сваім заходнім суседам, перакананы спадар Пачобут.
***
31 сакаівка ў МЗС Беларусі быў выкліканы часовы павераны ў справах Польшчы ў Беларусі Аляксандар Васілеўскі, яму было заяўлена, што Польшча дапусьціла апошнім часам парушэньні Дамовы аб добрасуседзтве, што яе дзеяньні пагаршаюць клімат добрасуседзтва. Беларускі МЗС прыгразіў Польшчы, калі яна будзе працягваць такую палітыку, прымяніць "прынцып узаемнасьці".