"Мы стараемся быць моцнымі. Будзьце моцнымі й непахіснымі й Вы!"
“Малады Фронт” зьвярнуўся з адкрытым лістом да Міністраў замежных справаў краін Эўразьвязу з нагоды 31 студзеня:
Шаноўныя Міністры!
Сёньня перад вамі стаіць складана задача: прыняцьцё візавых і
эканамічных санкцыяў супраць злачынцаў і катаў беларускага народу.
Напярэдадні з боку беларускіх уладаў была зроблена некалькі адкрыта
паказных крокаў: выпусьцілі з СІЗА КДБ журналістаў Натальлю Радзіну, Сяргея Вазьняка, Ірыну Халіп, паэта й экс-кандыдата ў прэзыдэнты Уладзіміра Някляева.
Пра гэтыя падзеі ахвотна расказалі беларускія дзяржаўныя медыі, якія
чамусьці змаўчалі, на якіх умовах палітьвязьняў выпусьцілі з СІЗА, а
гэтаксама пра дзясяткі абвінавачаных і падазраваных па справе пра
масавыя беспарадкі й злоснае хуліганства, якіх працягваюць утрымоўваць у
зьняволеньні.
Палітычны гандаль ужо пачаўся. Дык час Эўропе стаць на месца моцных, а
не слабых. Час увесьці жорсткія санкцыі і не здымаць іх да поўнага
выкананьня патрабаваньняў міжнароднай і беларускай дэмакратычных
супольнасьцяў.
У адваротным выпадку Эўропа зноўку будзе абведзеная вакол пальца, й ёй прыйдзецца на правах тых, хто прайграў, “выкупляць” Някляева, Халіп, Радзіну й Вазьняка, якіх павернуць назад у СІЗА, а гэтаксама дзясяткі іншых людзей, зьняволеных на тэрміны да 15 год.
Паводзіны дзеючага кіраўніка краіны, які адчувае сваю беспакаранасьць
нават за самыя цяжкія злачынства супраць беларускага народа, - гэта
абраза Эўропе і ўсяму цывілізаванаму сусьвету. Нельга дапусціць, каб
зьдейсненыя паказныя крокі зацямнілі Вам вочы, а ілюзія дэмакратыі
замяніла рэальную лібэралізацыю. Але на выбарах мы пабачылі, што
рассыпалася нават гэтая ілюзія. Эўропа не павінна паўтарыць сваіх
ранейшых памылак у стаўленьні да дыктатара.Як паказвае практыка,
дыктатура разумее толькі мову санкцый.
Пяцёра сяброў нашай арганізацыі знаходзяцца за кратамі: Зьміцер Дашкевіч, Наста Палажанка, Эдуард Лобаў, Уладзімір Яроменак, Алесь Кіркевіч.
Сярэдні ўзрост актывістаў “Маладога Фронту” – 21 год. Што ж гэта за
“законная” і “моцная” ўлада, што адпраўляе у турмы бяскрыўдных юнакоў?
Такія паводзіны – сьведчаньне страху й слабасьці перад сваім народам. А
значыцца, супольна мы маем усе шанцы перамагчы слабака.
Мы стараемся быць моцнымі. Будзьце моцнымі й непахіснымі й Вы!