Куляшоў распавёў, чаму да затрыманых не трапляюць адвакаты
Анатоль Куляшоў патлумачыў, чаму да кандыдатаў у прэзідэнты ды іх давераных асобаў не могуць трапіць адвакаты.
Раней генеральная пракуратура заявіла, што яны маюць доступ да сваіх падабаронных, аднак адвакаты Уладзіміра Някляева, Міколы Статкевіча, Андрэя Саннікава ды іншых вязняў турмы КДБ не мелі з імі сустрэчы з канца мінулага году.
- Ёсць некалькі для таго прычынаў. Да прыкладу, гэта правілы той альбо іншай установы закрытага-адкрытага, плюс унутраныя прычыны звязаныя з кантралюючымі службамі, як санэпідэм служба да таго ж прычыны, якія напрамую звязаныя з чалавечым фактарам і сапраўды, трэба сёння ўлічваць, што сапраўды не хапае месцаў не толькі для адвакатаў, але і для следчых , - паведаміў Куляшоў.
Па звестках Міністэрства ўнутраных спраў у следчых ізалятарах знаходзіцца 33 чалавекі, якіх вінавацяць альбо падазраюць у арганізацыі акцыі 19-га снежня. Адвакаты і сваякі практычна не маюць інфармацыі пра стан іх здароўя і ўмовы ўтрымання.