Тацяна Севярынец патрабуе прыцягнуць да адказнасьці следчага КГБ і іншых асобаў, вінаватых у парушэньні яе правоў
Маці зьняволенага палітыка Тацяна Севярынец падрыхтавала скаргу на імя Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь. Яна пратэстуе супраць яе затрыманьня 12 студзеня і незаконнага адняцця асабістага пашпарту.
Паводле Тацяны Севярынец, яе даставілі на допыт да следчага КДБ Санько І.І. Пры гэтым яе суправаджаў невядомы супрацоўнік КГБ, які пазней прадставіўся “псіхолагам”, і які запатрабаваў у жанчыны пашпарт.
На шматлікія звароты вярнуць пашпарт пасьля допыту “псіхолаг” не рэагаваў. Следчы Санько, да якога Севярынец звярнулася за дапамогай, адказаў, што не ведае, у каго знаходзіцца пашпарт. Улічваючы, што дадзеная асоба суправаджала Тацяну Севярынец на допыт у кабінет следчага, сумнеўна, што яны былі незнаёмыя.
Раніцай 13 студзеня Тацяна Севярынец звярнулася з пісьмовай скаргай на імя старшыні КГБ Зайцава В.Ю. Пасьля нядоўгіх пошукаў пашпарт адшукаўся і быў вернуты, але жанчыну настойліва ўгаворвалі забраць скаргу назад.
Тацяна Севярынец лічыць што сваімі наўмыснымі і супрацьзаконнымі дзеяньнямі следчы Санько І.І. і невядомы прадстаўнік КГБ парушылі яе законныя правы, у выніку чаго было фактычна абмежаванае права на свабоду перамяшчэньня. Таксама гэтымі дзеяньнямі была нанесеная і матэрыяльная шкода, паколькі Тацяна Севярынец не змагла выехаць у Польшу і не змагла пры гэтым скарыстацца квіткамі на цягнік у суме 418 000 рублёў.
Маці зняволенага палітыка у сваёй скарзе патрабуе правесці праверку ўказаных фактаў, прыцягнуць да ўстаноўленай законам адказнасьці следчага КГБ Санько І. і іншых асобаў, вінаватых у парушэньні законных правоў, а таксама прыняць захады па неадкладнаму аднаўленьню парушаных правоў.