Сёння павінны прад’явіць абвінавачванні шэрагу актывістаў
Следчыя КДБ цягам панядзелка маюць прад’явіць абвінавачанні шэрагу актывістаў альбо прыняць рашэнне аб іх вызваленні. Праваабаронцы чакаюць, што многіх з затрыманых на мінулым тыдні супрацоўнікам сілавых органаў прыйдзецца вызваліць з-за відавочнай адсутнасці ў іхных дзеяннях складу злачынства.
Аднак, па словах супрацоўніцы цэнтру “Вясна’96” Настассі Лойкі, спіс затрыманых павялічваўся нават у выходныя.
- Некалькім актывістам сёння будзе прад’яўлена абвінавачванне і будзе прынятае рашэнне ці яны застануцца пад вартай ці іх выпусцяць пад падпіску. Павінна быць прад’яўлена абвінавачванне Давыдзенку Антону, якія цяпер знаходзіцца на Валадарцы. Таксама былі затрыманыя некалькі чалавек, інфармацыю пра якіх мы атрымалі пазней - дадаўся напрыклад новы чалавек – Ілля Васілевіч, ё9-гадовы малады чалавек, які адбываў 10-сутачны арышт: яго цягалі па допытах а ў выніку ён стаў чарговым падазраваным па крымінальнай справе.
Таксама сёння ў Мінску мае прайсці суд над затрыманым 6 студзеня актывістам Маладога фронту Юльянам Місюкевічам. Пасля экзамену ва ўніверсітэце хлопца даставілі на допыт у КДБ, а потым абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі 19 снежня. Пры гэтым, па словах Настассі Лойкі, не выключана, што маладафронтавец можа стаць і чарговым падазраваным па крымінальнай справе, распачатай мінскай міліцыяй супраць удзельнікаў дэмакратычнага руху. Зараз абвінавачанымі па ёй прызнаныя 25 чалавек, сярод якіх пяцёра кандыдатаў у прэзідэнты.