Генпракуратура адказала пісьменьнікам
Генпракуратура Беларусі адказала беларускім літаратарам на запыт адносна Ўладзімера Някляева, накіраваны 27 сьнежня.
Ліст з пракуратуры атрымаў Сяргей Законьнікаў.
«Гэта
была заява наконт допуску адваката да Ўладзімера. І наконт таго, каб
Генпракуратура нарэшце паведаміла беларускаму грамадзтву, дзе
знаходзіцца Някляеў, бо тое, што прэзыдэнт гаворыць, гэта яшчэ адно,
мы нашаму прэзыдэнту ня верым. Таму мы зьвярнуліся ў пракуратуру», —
сказаў спадар Законьнікаў.
Генпракуратура адказала, што Ўладзімер Някляеў знаходзіцца пад вартай у СІЗА КДБ.
«Адначасова
паведамляю, што надалей інфармацыя пра месцазнаходжаньне ўзятага пад
варту, згодна зь дзейным крымінальна-працэсуальным заканадаўствам
Рэспублікі Беларусь, будзе падавацца толькі паўналетнім членам яго сям’і
ці блізкім сваякам», — адзначае ў лісьце намесьнік Генпракурора
Беларусі Лашын.
Спадар Законьнікаў сказаў, што не чакаў адказу на зварот з Генпракуратуры праз трое сутак.
Сяргей
Законьнікаў сказаў, што сёньня беларускія літаратары зьвярнуліся
да Генэральнага пракурора Беларусі Рыгора Васілевіча з патрабаваньнем
выратаваць жыцьцё паэта Ўладзімера Някляева. Адказу на яго пакуль
не паступіла.
«Тэрмінова трэба такога цяжкахворага чалавека
шпіталізаваць і аказаць яму самую лепшую дапамогу. Калі гэта ня будзе
зроблена, то здароўе і далейшы лёс Уладзімера будзе на сумленьні тых,
хто яго трымае і так вось зьдзекуецца зь яго», — адзначыў Сяргей
Законьнікаў.