У Кіеве каля амбасады Беларусі прайшла акцыя салідарнасці
У Кіеве каля будынка амбасады Беларусі 21 снежня прадстаўнікі грамадскіх і праваабарончых арганізацый, а таксама журналісты правялі акцыю салідарнасці з беларускімі калегамі, затрыманымі падчас і пасля завяршэння акцыі пратэсту 19 снежня ў Мінску.
У акцыі ўзялі ўдзел каля 50 чалавек. Яны вылілі на снег перад амбасадай чырвоную фарбу – як сімвал таго, што падчас акцыі пратэсту ў Мінску ўлада праліла кроў сваіх грамадзян, якія выступілі супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў.
Украінскія грамадскія актывісты, якія выступаюць супраць грубых парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі, прынялі зварот да беларускіх ўладаў з патрабаваннем вызваліць затрыманых удзельнікаў акцыі і спыніць масавыя рэпрэсіі супраць апазіцыі:
"Паважаны спадар Прэзідэнт,
Прадстаўнікі ўкраінскіх няўрадавых арганізацый і грамадскія актывісты
выказваюць рашучы пратэст у сувязі з грубымі парушэннямі абавязацельстваў
Рэспублікі Беларусь у галіне правоў чалавека, дапушчанымі падчас прэзідэнцкіх
выбараў.
Мы сур'ёзна занепакоеныя фактамі пагромаў і ператрусаў у офісах грамадскіх
арганізацый і сродкаў масавай інфармацыі, неабгрунтаваных затрыманняў грамадскіх
актывістаў, журналістаў і прадстаўнікоў палітычнай апазіцыі. Мы рашуча асуджаем
прымяненне гвалту і жорсткасці праваахоўнымі органамі Рэспублікі Беларусь у
дачыненні да ўдзельнікаў мірнага сходу 19 снежня 2010 г.
Мы, якія падпісаліся пад дадзеным зваротам, патрабуем ад ўладаў Рэспублікі
Беларусь:
- неадкладна спыніць перашкоды ў дзейнасці журналістаў і праваабаронцаў, пераслед
прадстаўнікоў палітычнай апазіцыі;
- правядзення эфектыўнага расследавання і справядлівага судовага разбіральніцтва
ў дачыненні да ўсіх прадстаўнікоў праваахоўных органаў Рэспублікі Беларусь,
якія праявілі неабгрунтаваную жорсткасць падчас падаўлення мірных акцый
пратэсту;
- апублікавання інфармацыі пра ўсіх затрыманых, у тым ліку інфармацыі пра
прычыны затрымання і месцазнаходжанне арыштаваных, і неадкладнага вызвалення
ўсіх, неправамерна пазбаўленых волі".
Удзельнікі акцыі падпісаную петыцыю хацелі перадаць у амбасаду, але з амбасады праваабаронцам праз перамоўную прыладу ў дзвярах адказалі, што ніякіх заяваў яны не прымаюць, толькі па пошце.
Усе жадаючыя таксама могуць падпісаць петыцыю ў інтэрнеце.