viasna on patreon

Хрысціна Шацікава ў бальніцы з унутранымі пашкоджаннямі

2010 2010-12-22T14:45:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Магілёўская актывістка Хрысціна Шацікава была затрыманая 19 снежня каля 23.30 ў арцы, па якой можна прайсці ад плошчы Незалежнасці да вуліцы Ленінградскай — ужо пасля разгону акцыі.Шацікава кажа, што яна з сябрамі спрабавала бараніць людзей ад амонаўскай зачысткі.

Яна распавяла карэспандэнту «НН», што ў міліцэйскім аўтобусе пачала збіраць прозвішчы затрыманых і паведамляць іх праваабаронцам па тэлефоне, які адмовілася аддаць. За гэта яе збілі амонаўцы ў двары Кастрычніцкага РУУС. Пасля ў самім РУУСе, расказала Хрысціна, падчас перапісвання звестак і вобшуку затрыманых, яна абурылася. За гэта яе вывалаклі ў калідор і збілі нагамі і душылі. Рабіў гэта, паводле яе словаў, супрацоўнік РУУС В. А.П.. Ён жа забраў у яе пашпарт. Пры гэтым прысутнічала супрацоўніца РУУС С. А. Г..

Ніякіх судовых дзеянняў супраць Шацікавай не праводзілася.

Пасля перапісвання звестак партыю вязняў, у якой была Шацікава, адвезлі ў двор спецпрыёмніка на Акрэсціна і трымалі там у аўтазаку. Актывістка адчула сябе дрэнна і папрасіла помачы ў дактароў. «Доктар на Акрэсціна абследаваў мяне, спалохаўся і накіраваў у бальніцу», — сказала Хрысціна. У шпіталь яе суправаджаў міліцыянт. Ён жа прысутнічаў падчас абследаванняў. «Яго не пусцілі толькі туды, дзе было крэсла», — удакладніла Шацікава.

Хрысціна Шацікава знаходзіцца ў 1-м гінекалагічным аддзяленні Гарадской гінекалагічнай бальніцы, што на вуліцы Сенніцкай. Паводле словаў загадчыцы аддзялення Святланы Кандрашовай, дактары мелі падозранне на апаплексію яечнікаў і ўнутраны крывацёк у брушную поласць. Аднак ад аперацыйнага ўмяшальніцтва вырашылі адмовіцца. Доктар кажа, што да канца тыдня Шацікава можа быць выпісаная. Яна ляжыць у палаце № 507.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства