Затрыманы наклад газеты "Товарищ"
17.03.2006 раніцай у Мінску міліцыя затрымала наклад газеты "Товарищ", надрукаваны ў Маскве і бесперашкодна ўвезены ў Беларусь з Расіі.
Галоўны рэдактар выдання Сяргей Вазняк распавёў прэс-службе БАЖ, што каля 8-й гадзіны раніцы, калі ішла разгрузка накладу з "фуры" ў прыватны гараж Сяргея Калякіна на вул. Карастаянавай, непадалёк праязджаў міліцэйскі патруль. Убачыўшы, што ідзе разгрузка друкаванай прадукцыі, міліцыя адразу ж выклікала падмацаванне: каля 9-й гадзіны на месцы падзеяў былі ўжо і супрацоўнікі АБЭЗ, і ДАІ, і іншых службаў. Міліцыя загадала спыніць разгрузку, зачыніць машыну і везці яе ў аўтобусны парк №7. Што будзе адбывацца там, пакуль невядома, аднак С. Вазняк паведаміў, што істотную частку накладу ім удалося выгрузіць. С. Калякін зачыніў яе ў гаражы і заявіў, што без санкцыі пракурора нікому не дазволіць аглядаць сваю маёмасць. На месцы падзеяў ужо сабраліся журналісты.
Па словах С. Вазняка, гэта быў звычайны нумар газеты "Товарищ", які павінен быў выйсці ў аўторак. Пасля адмовы Смаленскага паліграфкамбінату ад супрацоўніцтва рэдакцыя знайшла друкарню ў Маскве, дзе ў чацвер і выпусцілі яго накладам 200 тысяч асобнікаў. Паводле галоўнага рэдактара, на мяжы машыну з накладам нават не спынілі. Паколькі офіс Партыі Камуністаў Беларускай знаходзіцца ў адміністратыўным будынку, наклад вырашылі разгрузіць у прыватным гаражы.