У Жодзіне арыштаваныя чатыры актывісты па стандартным абвінавачаньні "дробнае хуліганства"
У Жодзіне 7 сутак арышту далі мясцовым актывістам моладзевага дэмакратычнага руху Сержуку Гудзіліну, Яўгену Ваўкаўцу і Алесю Чырэйку.
Як паведаміў Радыё Свабода лідэр жодзінскай суполкі Партыі БНФ Аляксей Лапіцкі, такое рашэньне прыняў гарадзкі суд, куды яны былі дастаўлены зь міліцэйскага пастарунку.
Міліцыянты затрымалі іх уначы 15 сакавіка падчас распаўсюду агітацыйных матэрыялаў кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Мілінкевіча. Актывістаў абвінавачваюць у "дробным хуліганстве"
А ўвечары быў затрыманы актывіст моладзевага дэмакратычнага руху Зьміцер Чарткоў. Як паведаміў лідэр мясцовай суполкі Маладога фронту Павал Красоўскі, міліцыянты прыехалі да Чарткова дадому і адвезьлі ў пастарунак за "хуліганскія дзеяньні" Зьміцер Чарткоў браў актыўны ўдзел у агітацыйных мерапрыемствах кандыдата на прэзідэнта Аляксандра Мілінкевіча.