Яшчэ аднаму замежнаму карэспандэнту адмовілі ў акрэдытацыі
Спроба атрымаць акрэдытацыю для асвятлення прэзідэнцкіх выбараў скончылася нічым для вядомага шведскага фотакарэспандэнта Дзіна Кокса (Dean CK Cox).
Пра гэта ГА «БАЖ» паведамілі беларускія журналісты, якія мелі суправаджаць замежнага калегу ў нашай краіне.
Фотакарэспандэнту, які спецыялізуецца на постсавецкіх краінах, адмовілі ў акрэдытацыі ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі і на гэтай падставе не далі візу на ўезд у краіну.
Запыт на візу Дзін Кокс накіраваў у МЗС Беларусі яшчэ 4 лістапада. Праз дзень яму патэлефанавалі і прапанавалі з’явіцца па візу ў амбасаду Беларусі ў Швецыі. Але, калі журналіст прыйшоў, яму заявілі, што не маюць ніякіх распараджэнняў наконт яго асобы.
Больш за месяц Дзіну Коксу, які супрацоўнічаў з такімі СМІ, як The Associated Press, The New York Times, EurasiaNet and Bloomberg News, абяцалі разабрацца з яго запытам, але ў выніку ў візе адмовілі, прычым без усялякіх тумачэнняў.
На пытанне, ці можна яму прыехаць у Беларусь у якасці турыста, у беларускай амбасадзе адказалі адмоўна — маўляў, візы яму ўсё роўна не дадуць, бо ведаюць, што ён журналіст.
Сфера зацікаўленняў Дзіна Кокса, як ён піша на ўласным сайце, уключае «жорсткія навіны, асабліва ў міжнародных стасунках, палітычныя каментары, сацыяльныя пытанні» і г.д.
Дзін Кокс наведваў Беларусь у часе выбараў 2006 года, прыязджаў і летась. Раней праблем з атрыманнем візы ў яго не паўставала.
Галерэя зробленых у Беларусі фотаздымкаў, якую Дзін Кокс назваў «Савецкія іконы», можна паглядзець ТУТ
Нагадаем, што ў канцы лістапада стала вядома пра адмову Міністэрства замежных спраў Беларусі акрэдытаваць у Беларусі двух журналістаў польскай «Газэты Выборчай», якія нібыта да гэтага працавалі на замежнае выданне без дазволу.
Між тым, гэта актуальна толькі для Анджэя Пачобута, які сапраўды не мае акрэдытацыі з 2009 года. Фотакарэспандэнт выдання да гэтага часу ў Беларусі без акрэдытацыі не працаваў.
Раней МЗС на той жа падставе адмовілася працягнуць акрэдытацыю ў Беларусі карэспандэнту радыёстанцыі «Голос России» Яўгену Агурцову.
Між тым, паводле МЗС, агульная колькасць акрэдытаваных у Беларусі замежных журналістаў сёння складае больш за 400 чалавек.