Барысаўская дзяржгазета: Усё выдатна, і ніякіх выбараў
За дзесяць дзён да выбараў прэзідэнта газета Барысаўскага райвыканкама “Адзiнства” ў свежым нумары ні разу не ўзгадала пра галоўную палітычную падзею.
Затое там шмат сказана пра “дасягненні” цяперашняй улады і яшчэ больш пра тое, як выдатна будзе жыць усім жыхарам Барысава ў надыходзячай пяцігодцы. Дзіўна пры гэтым, што само наступленне “лукашэнкаўскай” пяцігодкі з яе грандыёзнымі планамі, не ставіцца пад сумнеў.
Чатыры паласы газеты цалкам прысвечаны цяперашняй палітыцы дзяржавы. Вядома ж, амаль дзве паласы аддадзены на інфармацыю з Усебеларускага сходу пад загалоўкам “А.Р.Лукашэнка: “Мы наблізіліся да галоўнай мэты - высокага ўзроўню і якасці жыцця народа”. Яшчэ адзін матэрыял прысвечаны сустрэчы старшыні Мінаблвыканкама Барыса Батуры з жыхарамі горада. І, нарэшце, цэлая паласа адведзена пад інтэрв'ю са старшынёй мясцовага райвыканкама, які, вядома ж, абяцае цудоўнае жыццё ў наступным пяцігоддзі і нагадвае чытачам, якім клопатам яны акружаны з боку дзяржавы і ўлады.
Увогуле, усё выдатна. І ніякіх выбараў…
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”