Мінск: Апальная сябра ўчастковай камісіі ад Партыі БНФ спрабуе ўзнавіць свае правы
Сябра ўчастковай выбарчай камісіі №104 Маскоўскага раёну г. Мінска Ірына Смяян–Семянюк звярнулася ў Цэнтрвыбаркам і Мінскую гарадскую ТВК са скаргай на незаконныя дзеянні старшыні камісіі Юрыя Насонава. Як гаворыцца ў скарзе, у парушэнне ч.3 арт.37 Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь, І.Смяян-Семянюк не была запрошана на пасяджэнні камісіі, сябрам якой яна з’яўляецца, акрамя першых двух. Такім чынам, яна не змагла ўзяць удзелу ў такіх важных момантах выбарчай кампаніі, як атрыманне спіса выбаршчыкаў і бюлетэняў для галасавання, а таксама ў навучанні. Акрамя таго, старшыня камісіі адказваў на пытанні дзяўчыны ў грубай форме. Ёй не дазволілі таксама азнаёміцца з пратаколамі прапушчаных не па яе віне паседжанняў і іншымі дакументамі ўчастковай камісіі, прынятымі ў яе адсутнасць.
“Падчас маёй размовы са старшынём камісіі я адрасавала яму пытанне аб тым, чаму мяне не запрашалі і не паведамлялі аб паседжаннях, якія адбываліся, і атрымала адказ у даволі грубай форме. Старшыня адказаў, што не абавязаны мяне запрашаць,” – піша І.Смяян-Семянюк.
7 снежня па ініцыятыве спадарыні Ірыны адбылася яе гутарка са старшынём камісіі, падчас якой той прызнаўся, што “ўсё вырашае не ён, а прадстаўнікі адміністрацыі раёна”. Апальная сябра выбарчай камісіі канстатуе ў сваёй скарзе: “У такім выпадку адбываецца ўмяшальніцтва ў дзейнасць камісіі з боку дзяржаўных органаў, якія не надзелены такім правам згодна з Выбарчым кодэксам Рэспублікі Беларусь. Так, артыкул 24 Выбарчага кодэксу рэгламентуе абавязкі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, у абавязкі якіх не ўваходзіць кіраванне дзейнасцю ўчастковых выбарчых камісій”.
Спадарыня Смяян-Семянюк таксама звяртае ўвагу, што навучанне сябраў камісій, якое павінны былі, “у адпаведнасці з Пастановай Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь №99 ад 05.11.2010 г.”, праводзіць да 8 снежня раённыя ў гарадах выбарчыя камісіі, на самай справе, як распавёў ёй спадар Насонаў, праводзілася адміністрацыяй Маскоўскага раёна г. Мінска. “Такім чынам, бачна, што ўчастковая выбарчая камісія навучалася не ўпаўнаважным на тое органам, не з’яўляецца самастойнай і кіруецца раённай адміністрацыяй, што парушае яе самастойнасць, гарантаваную ч.3 арт.11 Выбарчага кодэксу, дзе сказана, што камісіі пры правядзенні выбараў у межах сваіх паўнамоцтваў незалежныя ад дзяржаўных органаў”, -- адзначае І.Смяян-Семянюк.
Ірына Смяян-Семяюк упэўнена, што прычына ігнаравання яе як сябры выбарчай камісіі – тое, што яна вылучана ад Партыі БНФ. Пры гэтым яе фактычны нядопуск да працы скіраваны на тое, каб у парушэнне закону не дапусціць удзелу прадстаўніцы апазіцыі ў працы камісіі. “Такім чынам, -- рэзюмуе спадарыня Ірына, -- я фактычна адхілена ад працы ў камісіі, адхілена ад ўдзелу ў якасці сябра камісіі ў датэрміновым галасаванні, завярэнні выбарчых бюлетэняў, што вядзе да немагчымасці ў далейшым прызнання мной вынікаў галасавання, якія будуць зацверджаныя на выніковым паседжанні выбарчай камісіі”.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”