Орша: Агітацыя за Лукашэнку ў СМІ набірае абароты
Аршанскія СМІ праігнаравалі візіты ў горад кандыдатаў у Прэзідэнты Кастусёва, Някляева, Раманчука, не напісаўшы не аднаго радка пра іх сустрэчы з выбаршчыкамі. Зусім па-іншаму выглядае сітуацыя з дзеючым прэзідэнтам А. Лукашэнка.
Так, перадавіца аднаго з апошніх нумароў "Аршанскай газеты" пад загалоўкам "Её судьбы льняное полотно" распавядае пра дэлегат Усебеларускага народнага сходу ткачыхі Аршанскага льнокамбіната Святлане Ражанскай. Калі хто вырашыць, што гаворка ў артыкуле пойдзе пра нялёгкую працу ткачоў, той памыліцца. З вуснаў ткачыхі валам сыплюцца спецыфічныя эканамічныя тэрміны і фразы, якім можа пазайздросціць прафесар эканомікі. Напрыклад: "Реализация комплексных мер обеспечила внедрение новых технологий и повысила эффективность работы.… Это позволило увеличить в текущем году объемы продаж на 40%. На 42% возросли экспортные поставки… сальдо внешней торговли достигло 17 млн. долларов… Холдинг поможет … поставлять на рынок не полуфабрикат, а готовую продукцию…” і гэтак далей і таму падобнае. Усяго ў артыкуле 26 лічбаў пра вынікі працы буйнога прадпрыемства. І ўсё з вуснаў ткачыхі Ражанскай, якая па яе словах скончыла толькі прафтэхвучылішча.
Прачытаўшы інтэрв'ю з ткачыхай, мімаволі задаешся пытаннем - а чым жа займаюцца генеральны дырэктар прадпрыемства і яго нам. па эканоміцы? Атрымліваецца, гэта не яны, а ткачыха вырашае ключавыя эканамічныя праблемы камбіната.
У канцы свайго інтэрв'ю “эканаміст” і па сумяшчальніцтву ткачыха Святлана Ражанская робіць наступны вынік. На яе аўтарытэтную думку ўсімі сваімі поспехамі Аршанскі льнокамбінат абавязаны таму, што " развитие льноводческой отрасли находится под непосредственным контролем Главы государства Александра Григорьевича Лукашенко".
«Праваабаронцы за свабодныя выбары»