Шведскаму праваабаронцу адмовілі ў візе
Амбасада Рэспублікі Беларусь у Стакгольме адмовіла ў візе Марціну Углу - старшыні шведскай праваабарончай арганізацыі Östgruppen. Афіцыйнай матывацыі такога рашэння праваабаронца ад беларускай амбасады не атрымаў.
- Відавочна, што мяне хочуць пакараць за тое, што я крытыкаваў тыя парушэнні правоў чалавека, якія беларуская ўлада рэгулярна ўчыняе, - лічыць Марцін Угла.
Беларусь – прыярытэтная краіна ў дзейнасці Östgruppen. Арганізацыя мае шырокія кантакты з беларускім дэмакратычным рухам і шмат гадоў супрацоўнічае з вядучымі праваабарончымі арганізацыямі Беларусі.
Гэта ўжо чацвёртая адмова ў візе ў Беларусь для Марціна Углы, апошні раз ён змог наведаць нашу краіну ў чэрвені 2006 года.
- Рашэнне амбасады дакладна адлюстроўвае, што прыгожыя словы беларускіх уладаў пра лібералізацыю і імкненне да дэмакратызацыі з’яўляюцца пустымі. Яно таксама паказывае, што ўлада баіцца публічнай крытыкі з-за мяжы, - кажа Марцін Угла. – Але я не збіраюся зніжаць свой голас. Калі парушаюцца правы чалавека, пра гэта трэба паведаміць і асудзіць бескампрамісна. Калі не рабіць гэтага - гэта была б здрада тым людям, якія падвяргаюцца рэпрэсіям у Беларусі.