viasna on patreon

Студэнты ЕГУ рашуча выступаюць у абарону Міколы Дзядка

2010 2010-12-07T15:25:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/dziadok-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Мікалай Дзядок

Мікалай Дзядок

Студэнцкае  прадстаўніцтва  Еўрапейскага  гуманітарнага ўніверсітэта  звяртаецца да міжнароднай супольнасці са спадзевам на вашую падтрымку і салідарнасць са студэнтам ЕГУ Міколам Дзядком.

Мікола Дзядок, студэнт 2 курса Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, ужо амаль тры месяцы знаходзіцца пад вартай па абсурдных абвінавачваннях у свой адрас. Наш абавязак, як яго калегаў і людзей, якім цяжка глядзець на беззаконне ў Рэспубліцы Беларусь, данесці да вас наступнае юрыдычнае заключэнне па справе Міколы Дзядка (гл. дадатак).

Мы заклікаем міжнародную супольнасць не быць абыякавымі да гэтай праблемы. Мы спадзяемся, што ў гэтую адказную хвіліну не будуць заплюшчаныя вочы на праблему парушэння правоў чалавека ў Беларусі, знявагу асобы і непрытрымліванне прынцыпаў міжнароднага права.

Мікола Дзядок з'яўляецца закладнікам палітычнай сітуацыі, якая склалася ў Беларусі. Як вядома, 19 снежня ў Беларусі пройдуць выбары прэзідэнта. Ёсць падставы меркаваць, што тыя злачынствы, у якіх вінавацяць Міколу, - справа рук зусім іншых асобаў. Зыходзячы з таго,  што  следства  не  мае  ніводнага  наўпроставага  доказу,   а  справа  вядзецца  з парушэннямі і фальсіфікацыямі, можна выказаць здагадку, што Міколу хочуць ілжыва абвінаваціць у злачынствах, якіх ён не здзяйсняў, і на карысць гэтага сведчаць усе наяўныя ў нас факты.

Беларускія ўлады ўсё часцей кажуць пра "дэмакратызацыю" ў краіне. "Дэмакратызацыя" па-беларуску - у тым, што ў беларускіх турмах у закладніках па-ранейшаму трымаюць апанентаў  улады   і   такіх   людзей,   як   Мікола,   на   якіх   можна   павесіць   хлуслівае абвінавачванне і пазбавіцца ад палітычнай праблемы (зачыніць справу пра напад на амбасаду Расійскай Федэрацыі ў Мінску).

Мы звяртаемся да людзей з высокімі маральнымі стандартамі. Мы   звяртаемся  да  людзей,   паслядоўных  і   прынцыповых  у  сваіх   перакананнях  і каштоўнасцях.

Мы заклікаем да салідарнасці з Міколам Дзядком!

Максім Мілто, прэзідэнт Студэнцкага прадстаўніцтва Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта.

 

ДАДАТАК

Прававое заключэнне па справе Міколы Дзядка

Дзядок Мікалай Аляксандравіч, 23 жніўня 1988 года нараджэння, першапачаткова затрыманы і змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання на вул. Акрэсціна ў г. Мінску аператыўным супрацоўнікам Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю МУС Рэспублікі Беларусь 3 верасня 2010 года па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч.2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса (КК), па падазрэнні Дзядка М.А. у ажыццяўленні нападу на расійскую амбасаду ўвечары 30 жніўня 2010 года.

Гэтае і ўсе наступныя затрыманні праз кожныя тры дні да 24 верасня 2010 года здзейсненыя з парушэннем патрабаванняў арт. 108 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса (КПК), бо адсутнічалі прадугледжаныя названай нормай працэсуальнага закона падставы для затрымання, хоць толькі яны могуць служыць у якасці такіх падставаў. Пры тым, затрыманні кожны раз здзяйсняліся ў памяшканні ізалятара, за межы якога Дзядка М.А., нягледзячы на сканчэнне тэрміна папярэдняга затрымання, на волю не выпускалі.

Адвакат у неаднаразовых скаргах, пакінутых органамі крымінальнага пераследу і пракуратурай без увагі, зазначала, што падставаў для затрымання Дзядка М.А. не мелася яшчэ і таму, што ён цалкам сацыяльна адаптаваны, мае сталае месца жыхарства ў г. Мінску і працуе ў юрыдычнай фірме, закончыў юрыдычны каледж і вучыцца завочна ва ўніверсітэце, пражывае з добрапрыстойнымі бацькамі, ні ў чым заганным не заўважаны.

Акрамя таго, было парушана прадугледжанае арт. 17 КПК права Дзядка М.А. на абарону, бо насуперак патрабаванням арт. 41 КПК, яму неадкладна па затрыманні не ўручаныя неабходныя для абароны копіі пастановаў пра ўзбуджэнне ўсіх крымінальных справаў, па якіх ён затрымліваўся ў якасці падазраванага, па некаторых справах не ўручаныя копіі пастановаў пра прызнанне яго падазраваным, пастановы ці пратаколы пра затрыманне, у шэрагу копіяў наогул не пазначаныя падставы затрымання.

Па адной са справаў Дзядок М.А. затрыманы ў якасці падазраванага ў здзяйсненні рабавання, хоць орган крымінальнага пераследу УУС Ленінскага раёна г. Мінска загадзя быў інфармаваны пра абсурднасць гэтага падазрэння, бо ў пашпарце Дзядка М.А. меліся штампы, якія сведчылі пра знаходжанне яго ў перыяд, калі было здзейсненае гэтае злачынства, за межамі Рэспублікі Беларусь на сесіі ў Літве, а потым у Польшчы. Пра незаконнасць таго затрымання сведчыць і тая акалічнасць, што ў кастрычніку 2010 года крымінальны пераслед у дачыненні Дзядка М.А. па дадзеным факце спынены.

Пры затрыманні Дзядка М.А. супрацоўнікамі УУС Савецкага раёна г. Мінска 21 верасня 2010 года ў копіях працэсуальных дакументаў наогул не пазначана, у здзяйсненні якога злачынства ён падазраецца.

У парушэнне п. 4 ч.2 арт. 41 КПК орган крымінальнага пераследу не даў магчымасці Дзядку М.А. пасля яго затрымання паведаміць блізкім сваякам пра месца яго ўтрымання пад вартай; сваякі самастойна шукалі яго ў месцах ізаляцыі ў г. Мінску.

Неабходна адзначыць таксама, што пасля абвяшчэння Дзядку М.А. у 15 гадзін пастановы ад 24 верасня 2010 года пра заключэнне яго пад варту ў якасці падазраванага сваякі да сярэдзіны наступнага дня не ведалі пра месца яго знаходжання, бо супрацоўнікі органа крымінальнага пераследу гэта хавалі, дэзінфармуючы сваякоў. Тым часам Дзядок М.А. амаль суткі ўтрымліваўся без ежы і выканання элементарных патрабаванняў гігіены ў халоднай камеры УУС Цэнтральнага раёна г. Мінска.

Цягам усяго перыяду ўтрымання Дзядка М.А. пад вартай у якасці падазраванага орган крымінальнага пераследу без тлумачэння прычынаў адмаўляе блізкім сваякам у спатканні з ім, хоць у перыяд знаходжання ў СІЗА-1 г. Мінска ён прастыў і некалькі дзён хварэў. У прыёме самых простых медычных прэпаратаў ад галаўнога болю (цытрамон, кетаноў і таму падобных) адміністрацыя СІЗА-1 г. Мінска яму беспадстаўна адмовіла.

Выстаўленае Дзядку М.А. 1 кастрычніка 2010 года абвінавачванне ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 4 арт. 16, ч.2 арт. 339 КК таксама незаконнае, бо дзеянне, апісанае ў пастанове пра прыцягненне ў якасці абвінавачванага, нібыта здзейсненае ім, не ўтрымлівае складу злачынства - злоснага хуліганства, у тым ліку і таму, што дыспазіцыя ўсіх трох частак арт. 339 КК не ўтрымлівае такой прыкметы злачынства, як "здзяйсненне наўмысных дзеянняў, якія пацягнулі дэзарганізацыю працы дзяржаўнай установы Генеральнага штаба Міністэрства абароны ВС Рэспублікі Беларусь".

Неабходна адзначыць і незаконнасць пастановы органа крымінальнага пераследу ГУУС Мінгарвыканкама ад 1 лістапада 2010 года пра падаўжэнне тэрміна ўтрымання Дзядка М.А. пад вартай да 6 лютага 2011 года і тэрміна папярэдняга следства да 12 студзеня 2011 года.

Незаконнасць дзеянняў органа крымінальнага пераследу пацвярджаецца супярэчлівасцю довадаў пастановы, прыведзеных для абгрунтавання неабходнасці падаўжэння тэрміна ўтрымання пад вартай, поўнай адсутнасцю ў пастанове ўказання на доказы вінаватасці. Лічыць доказам вінаватасці Дзядка М.А. указанне ў пастанове на тое, што "віна пацвярджаецца ўласнымі сведчаннямі", пры тым, што Дзядок М.А. паслядоўна адмаўляе сваю датычнасць да любых злачынстваў, супярэчыць рэчаіснасці і ёсць незаконным.

Акрамя таго, арт. 127 КПК паказвае на магчымасць падаўжэння тэрміна ўтрымання пад вартай толькі пры наяўнасці падставаў для ўжывання такой меры стрымання і адсутнасці падставаў для ўжывання ў дачыненні да абвінавачванага іншай меры стрымання. Тым больш, што звесткі пра асобу Дзядка М.А. відавочна сведчаць пра наяўнасць падставаў для ўжывання меры стрымання, не звязанай з пазбаўленнем волі.

Вышэйпададзенае сведчыць пра адсутнасць законных і дастатковых, прадугледжаных арт. арт. 117, 126 КПК падставаў як для ўжывання да Дзядка М.А. меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту, так і для падаўжэння тэрміна ўтрымання пад вартай. У прыватнасці, у матэрыялах крымінальнай справы адсутнічаюць дакладныя дадзеныя, што ён можа схавацца ад органа крымінальнага пераследу і суда, якім-небудзь чынам перашкодзіць папярэдняму расследаванню ці разгляду справы судом, а ўжо тым больш, здзейсніць прадугледжанае крымінальным законам небяспечнае для грамадства дзеянне.

На сённяшні момант Мікалай Дзядок знаходзіцца ў турме №8 г.Жодзіна (Рэспубліка Беларусь, Мінская вобласць) па адрасе Савецкая 22-а.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства