Горацкая міліцыя канфіскавала апазіцыйную друкаваную прадукцыю
Як паведаміла прэс-служба Асамблеі НДА, 12 сакавіка ў гараж, дзе захоўвае агітацыйныя матэрыялы горацкі грамадзкі актывіст Эдуард Брокараў, зайшоў маёр-пажарнік з невядомым у цывільным нібыта для праверкі супрацьпажарнага стану памяшканьня. Праз некалькі хвілінаў яны сышлі, а пасьля той жа чалавек у цывільным зьявіўся ў суправаджэньні намесьніка начальніка Горацкага РАУС падпалкоўніка міліцыі Ўладзімера Коўшыка і яшчэ трох афіцэраў.
Яны ўвайшлі ў адчынены гараж без дазволу і не прад'явіўшы ніякіх дакумэнтаў. Адразу ж міліцыянты пачалі ператрус, і ў выніку забралі вялікую колькасьць улетак, буклетаў А. Мілінкевіча і А. Казуліна, хаця ўсе матэрыялы былі з выходнымі дадзенымі. Таксама забралі каля 1000 асобнікаў «Народнай волі» і 50 асобнікаў — газэты «Горацкі выбар».
На патрабаваньні Э. Брокарава прадставіцца і прад'явіць дакументы чалавек у цывільным адмовіўся, сказаўшы толькі, што ён — «стажор РАУС». Падпалкоўнік Коўшык таксама не рэагаваў на яго заўвагі. Ператрус і падлік друкаванай прадукцыі адбыліся без панятых, пасьля чаго ўсё забранае міліцыянты завезьлі ў РАУС. Эдуарда Брокарава адпусьцілі, але пасьля прыехалі да яго дадому і зноў завезьлі ў пастарунак, дзе пачалі дапытваць. Калі ён адмовіўся даваць паказаньні, міліцыянты зноў адпусьцілі грамадзкага актывіста, паабяцаўшы, што праз тры дні паведамяць аб выніках праверкі. Э. Брокараў кажа, што рыхтуе заяву ў раённую выбарчую камісію і пракуратуру.