Мазыр: Чыноўнікі райвыканкама абяцаюць прыслухацца да прапановы праваабаронцаў
На дзяржаўным тэлеканале «Мазыр» у перадачы «Дыялог у прамым эфіры» 12 кастрычніка брала ўдзел сакратар Мазырскай раённай выбарчай камісіі Вераніка Анатольеўна Байкова, якая з’яўляецца начальнікам арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама.
Гледачам тлумачыліся арганізацыйныя асаблівасці правядзення выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, выбарчыя правы грамадзян, а таксама былі дадзены адказы на пытанні ад жыхароў рэгіёна ў прамым эфіры.
“Старае балючае пытанне: агітацыйныя стэнды, узведзеныя на хуткую руку падчас мясцовых выбараў, шмат дзе пападалі і зніклі. Вывешванне плакатаў групамі падтрымкі на інфармацыйных стэндах стварае напружаныя стасункі з культурнымі ўстановамі, якія перыядычна заклейваюць плакаты кандыдатаў афішамі. Чаму б падчас выбараў ні зрабіць менавіта агітацыйныя стэнды і выстаўляць іх на перыяд агітацыі?”, – спытаў мазырскі праваабаронца Уладзімір Целяпун.
Праваабаронцу Вераніка Байкова адказала, што пытанне і заўвага слушная. Яна пагадзілася, што падчас выбарчых кампаніяў такая праблема ўзнікае і паабяцала разгледзіць гэтую прапанову.
“Ці будуць прадстаўнікі апазіцыйных партый уключаны ў склад участковых выбарчых камісій?”, – прагучала пытанне ад Мазырскай раённай арганізацыі партыі левых “Справедлівы свет”.
Вераніка Байкова спаслалася на тое, што гэта будзе вырашаць орган, якія ўтварае выбарчыя камісіі, а менавіта Мазырскі райвыканкам.
Нагадаем, што Мазырская раённая арганізацыя партыі "Справядлівы свет" вылучала свайго прадстаўніка ў раённую выбарчую камісію па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, але ён не быў уключаны ў яе склад.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”