Выбарчая чахарда ў аршанскіх чыноўнікаў не спыняецца
"Праваабаронцы за свабодныя выбары" ужо паведамлялі пра чахарду з шматлікімі адменамі і зменамі ў рашэннях аршанскіх чыноўнікаў, якія вызначаюць парадак выбарчай кампаніі. Нажаль, у апошнія дні парадку больш не стала.
Так, ужо праз 3 дні пасля зацвярджэння участкаў для галасавання па Оршы, гарвыканкам унёс у гэтае рашэнне змяненне. У склад ўчастка № 11 дадаткова ўключаны пасёлак Лясны, які Указам Прэзідэнта № 124 ад 01.03.2010 уключаны ў рысу горада Оршы. Варта адзначыць, што пасёлак Лясны мясцовыя ўлады ўжо забывалі ўключыць у гарадскі ўчастак і на папярэдніх выбарах у мясцовыя Саветы ў красавіку. Гісторыя зноў паўтарылася.
Чарговы казус выдаў і выканкам Болбасаўскага пасялковага Савету. Ён адмяніў сваё рашэнне двухтыднёвай даўнасці «Аб вызначэнні месцаў, забароненых для правядзення пікетавання ...». Тут відавочна, што гэта рашэнне прынята па ўказанні звыш. Бо ў пасёлку Болбасава да гэтага часу не адзначана ніводнага пікету. Калі пікетаў няма наогул, падобнае рашэнне сэнсу ніякага не мае.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"