Лёзна: Правакацыі на пікетах
На пікеты па зборы подпісаў за Алеся Міхалевіча і Рыгора Кастусёва завіталі супрацоўнікі райвыканкаму. А таксама невядомыя асобы, якія літаральна вырывалі з рук удзельнікаў пікетаў інфармацыйныя матэрыялы пра дэмакратычных кандыдатаў.
Выяздныя пікеты ў райцэнтры Лёзна ладзілі віцебскія актывісты. Адзін з іх, Хрыстафор Жаляпаў, распавёў:
- Нас відавочна чакалі. Кірмаш чамусьці заўчасна спыніў працу – ужо апоўдні гандляроў амаль не было. Затое было поўна міліцыі: ледзьве мы ўладкаваліся з пікетам, як нас атачылі з усіх бакоў супрацоўнікі з рацыямі ды пачалі гучна перамаўляцца, што тут “пікет за БНФ”.
Неўзабаве з бязлюднага кірмаша збіральнікі подпісаў вырашылі перабрацца на іншае месца – да рэстарацыі “Івушка”. Тут пачалі падыходзіць супрацоўнікі Лёзненскага райвыканкаму, прыйшла старшыня райсавету. Пакуль размаўлялі з галоўным раённым “ідэолагам”, на пікеце з’явілася спадарыня ды стала выпрошваць агітацыйныя матэрыялы, кажа збіральніца подпісаў Тамара Карызна:
- Яна літаральна вырывала з рук улётку з біяграфіяй Міхалевіча. Мы кажам, што нічога не раздаем, можам толькі даць пачытаць. Але спадарыня не сунімалася: падыходзіла зноў і зноў, прасіла калі не плакат, то хаця б нейкі каляндарык. Маўляў, занясу дадому, будзе сувенір… Відавочна было, што гэта нейкая правакацыя: каб мы нешта ёй далі, а потым пачаліся б скаргі, што праводзім незаконную агітацыю.
Яшчэ адна чыноўніца райвыканкаму, падпісаўшыся за Алеся Міхалевіча, папрасіла дазволу падпісацца за свайго мужа, ды яшчэ без ягонага пашпарту. Ёй адмовілі. Але прыкрае ўражанне засталося: наўрад ці работнікі выканкаму да такой ступені наіўныя і неабазнаныя ў выбарчым заканадаўстве, што несвядома падштурхоўвалі сябраў ініцыятыўных групаў да парушэнняў. Значыць, правакацыі былі свядомыя, лічаць віцебскія актывісты.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”