Шклоў: Назіральнік не задаволены адказам раённай камісіі на свой пратэст
Назіральнік Міхаіл Кучарэнка атрымаў адказ з Шклоўскай раённай камісіі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на пададзены ў камісію пратэст супраць незаконных, на яго думку, дзеянняў сябраў ініцыятыўнай групы па вылучэнні кадыдатам у прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі.
У адказе за подпісам старшыні Шклоўскай раённай камісіі, начальніка ідэалагічнага аддзела Шклоўскага райвыканкама, Аляксандра Давыдовіча гаворыцца, што пратэст назіральніка быў разгледжаны з выездам на месца. Далей паведамляецца, што факты парушэнняў, выкладзеныя ў пратэсце Міхаілам Кучарэнка, пацверджання не знайшлі.
Адказ камісіі каментуе Міхаіл Кучарэнка:
- Проста смешна, калі чытаеш гэты адказ. Факты не пацвярджаюцца, але ўсё роўна яны мелі месца. Я дакладна ведаю, што подпісы збіралі на тэрыторыі Папраўчай калоніі -17 у працоўны час. Нават калі ў адказе пішуць, што “праводзіўся збор подпісаў на аўтастаянцы”, дык гэта ўсё роўна тэрыторыя калоніі - а я дакладна ведаю, што насамрэч подпісы за вылучэнне Аляксандра Рыгоравіча збіраліся ў памяшканні). Тое самае і па аддзяленні “Беларусбанка” – быццам бы не пацвердзіўся факт, што збор подпісаў праводзіўся кіраўніцтвам аддзялення. А што, згодна з заканадаўствам, у нас можна збіраць подпісы за ва ўстанове ў працоўны час? Наконт збору подпісаў сябрамі ініцыятыўнай групы Лукашэнкі ў забароненым рашэннем Шклоўскага райвыканкама месцы таксама “факт не адпавядае рэчаіснасці”, але ж старшыня камісіі асабіста дае мяркуемым парушальнікам указанне на выкананне патрабаванняў Шклоўскага райвыканкама. Ну што пасля гэтага можна сказаць пра аб’ектыўнасць і бесстароннасць сяброў раённай камісіі...
Міхаіл Кучарэнка паведаміў, што збіраецца пракансультавацца з юрыстамі і падаць скаргу на дзеянні сябраў ініцыятыўнай групы Аляксандра Лукашэнкі ў вышэйстаячыя выбарчыя камісіі.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”