Працягваюцца затрыманні па справе нападу на амбасаду РФ
У Мінску працягваюцца затрыманні ў сувязі з нападам на расійскую амбасаду, якое здарылася 30 жніўня. Па мінімальных падліках у турэмным ізалятары за гэты час пабывала ля 30 чалавек – актывістаў анарха-руху, прадстаўнікоў моладзевых ініцыятываў і партый.
Некаторым з тых, хто дагэтуль утрымліваецца за кратамі, абвінавачванне так і не прад’яўлена. Праваабаронцы заяўляюць пра парушэнне законаў і маюць намер узняць пытанне на ўзроўні Арганізацыі аб’яднаных нацый.
Тыя актывісты, каго ўжо адпусцілі, вырашылі распавесці падрабязнасці сваіх справаў.
Адзін з іх, адзін з лідараў партыі “Зялёныя” Уладзімір Валодзін.
– Мяне завезлі ў ізалятар часовага ўтрымання на Акрэсціна. Там я правёў дзевяць дзён, таму што мяне затрымоўвалі яшчэ двойчы па артыкуле “хуліганства”, другі раз па нападзе на амбасаду Расіі і трэці раз па нападзе на будынак Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. На допытах у мяне пыталі пра ўдзел у зарэгістраваных і незарэгістраваных арганізацыях. Я не ведаю, якое дачыненне мае ТБШ да кідання “кактэйляў Молатава”, тым не менш, у мяне пра яго пыталі і распытвалі пра мае палітычныя погляды, у прыватнасці, ці не з’яўляюся я антыфашыстам. Супрацоўнікі міліцыі часта ўжывалі фразу “вы ж самыя ўсё разумееце”. Наколькі я гэта разумею, мяне затрымалі па загаду зверху і незаконна, што наводзіць на думкі, што гэта палітычная справа.
Кіраўнік Беларускага Хельсінкскага камітэта Алег Гулак мяркуе, што хваля рэпрэсій у дачыненні да моладзевых актывістаў ды іх затрыманні з надуманых прычынаў могуць працягнуцца.
Паплечнікі і праваабаронцы таксама заклапочаны станам здароўя актывістаў, якіх трымаюць у следчым ізалятары па падазрэнні ў нападзе на расійскую амбасаду і яшчэ шэрагу акцый, звязаных з падпалам. Нягледзячы на тое, што адвакаты аднаго з затрыманых – Аляксандра Францкевіча – прад’явілі дакументы, што па стану здароўя ён не можа знаходзіцца ў турэмным ізалятары, следчыя настаялі на ўтрыманні пад вартай.
Яшчэ адзін затрыманы Ігар Трухановіч па некаторых звестках абвесціў галадоўку, пратэстуючы супраць незаконных дзеянняў. Кажа яго паплечнік Ігар Багачак, якога ўжо вызвалілі з ізалятара:
– Пакуль няма дакладных звестак, пакуль не было сустрэчы з адвакатам, таму не можам сказаць, ці ён надалей галадае. Другому затрыманаму Мікалаю Дзядку абвінавачванні не прад’яўлены, ён арыштаваны і на 10 сутак змешчаны ў СІЗА на Валадарскага.
Акрамя здзяйснення нападу на расійскую амбасаду, затрыманых актывістаў падазраюць таксама ў шэрагу нападаў на будынкі “Беларусьбанка”, Федэрацыі прафсаюзаў, а таксама Генеральнага штаба ўзброеных сіл Беларусі.
Між тым прыйшла інфармацыя з Пецярбурга, што мясцовыя актывісты анарха-руху прыйшлі ў беларускую амбасаду і заявілі, што не сыйдуць, пакуль не вызваляць іх беларускіх паплечнікаў. У выніку яны былі затрыманыя міліцыяй.