viasna on patreon

Шрэк гуляў каля МЗС

2010 2010-09-22T14:41:22+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/akcyja-ass.jpg

Грамадзкія актывісты зладзілі пэрформанс ў касьцюмах пэрсанажаў папулярнага мультфільма “Шрэк” каля будынку Міністэрства замежных справаў Беларусі. Удзельнікі вясёлай працэсіі нагадалі дыпляматам, што “абяляць аўтарытарны рэжым на міжнароднай арэне – гэта марная і няўдзячная справа”. Гэпэнінг адбыўся ў рамках кампаніі Асамблеі НДА “Стоп 193.1!”.

Прынц Фаркуад – галоўны антыгерой падзеі – гэтаксама, як і ўлады РБ, не ўяўляе, дзеля чаго хтосьці хоча займаца грамадзкім актывізмам і баіцца гэтай зьявы.  “Грамадзкія актывісты, недзяржаўныя журналісты ды іншыя казачныя монстры!” – зьвяртаецца ён да натоўпу грамадзка-актыўных Шрэка, Прынцэсы, Чырвонага каптурка, Ката ў ботах, іншых ўдзельнікаў фантастычна калярытнага натоўпу, разам з прысутнымі журналістамі, ды зачытвае зь вялізнага скрутку свой указ: ніколі не зьбірацца разам, нічога не рабіць супольна і выехаць у высылку на балота. Ён, між тым, перажывае за свой імідж: “Міністэрству замежных справаў загадваю паведаміць усяму сьвету, што гэтым крокам ратую просты народ ад лішніх думак і пытаньняў ды іншых праяваў казачнага экстрэмізму!”,– агучыў сваё рашэньне маладзён у вобразе мульцяшнага тырана.

Сатырычная акцыя стала адказам на крывадушную пазыцыю ўладаў. “За апошні год мы шматкроць чулі абяцаньні з боку чыноўнікаў Мін'юсту, ад дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў аб скасаваньні крымінальнай адказнасьці за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Аднак, днямі прадстаўнікі МЗС заявілі з трыбуны ААН, што аніякіх захадаў па дэкрыміналізацыі грамадзкай актыўнасьці не плянуецца! Карацей, усе мы ў закладніках у прынца Фаркуада, якому грамадзкі актывізм незразумелы і страшны”,– распавяла ўдзельніца акцыі Алёна Валынец. 

15 верасьня МЗС Беларусі адправіла ў ААН дакумэнт пад назвай “Меркаваньні і адказы Рэспублікі Беларусь па высновах і/альбо рэкамэндацыях, прынятых для далейшага разгляду кампэтэнтнымі дзяржаўнымі органамі ў рамках Унівэрсальнага пэрыядычнага агляду 14 траўня 2010 года”. З гэтага дакумэнта вынікае, што ўлады ўхіліліся ад вырашэньня прынцыповых пытаньняў, працягваючы заяўляць пра адсутнасьць сур’ёзных праблемаў з правамі чалавека ў Беларусі. Так, напрыклад, у “Меркаваньнях...” несумленна сьцьвярджаецца: “Беларусь не прымае рэкамэндацыю адносна скасаваньня артыкула 193.1 Крымінальнага кодэкса. Дадзены артыкул скіраваны на спыненьне дзейнасьці ў Беларусі экстрэмісцкіх групаў і арганізацыяў...”

“Не, прынц, мы магчыма і занадта казачныя для твайго розуму, але выслаць ці забараніць нас ты ня зможаш. І нікога тваё міністэрства і твае амбасадары не падмануць. І пакуль будзеш супраць грамадзкага актывізму – будзеш ты і твае міністры сусьветна вядомымі міжнароднымі монстрамі!”,– парыраваў грамадзкі волат Шрэк.

Казачны герой адправіўся наўпрост у МЗС з загадзя падрыхтаванай заявай. У дакумэнце, адрасаваным дыпляматам, зазначалася: “...мы абураныя неабгрунтаваным і ганебным для нашай краіны ігнараваньнем рэкамэндацыяў Рады па правах чалавека ААН. Мы лічым, што адмаўленьне МЗС праблемаў са свабодай асацыяцыяў дэманструе нежаданьне Міністэрства забясьпечыць выкананьне міжнародных дамоваў у галіне правоў чалавека, ратыфікаваных Рэспублікай Беларусь”.

У акцыі ўзялі ўдзел прадстаўнікі Асамблеі НДА, праваабарончага цэнтра “Вясна”, Моладзі БНФ, Ініцыятывы ды іншых дэмакратычных няўрадавых аб’яднаньняў. Пэрформанс ля сьценаў МЗС прайшоў напярэдадні 15-й сэсіі Рады па правах чалавека ААН, якая мае адбыцца 23-га верасьня. У межах сэсіі будзе зацьверджаны канчатковы дакумэнт з ацэнкай становішча з правамі чалавека  ў Беларусі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства