viasna on patreon

Дзеючы прэзідэнт напоўную выкарыстоўвае адміністратыўны рэсурс, ініцыятыўным групам іншых кандыдытаў ствараюць яўныя перашкоды

2006 2006-01-25T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Засталіся апошнія дні да завяршэньня збору подпісаў за вылучэньне ў кандыдаты на ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах.

Кіраўнік ініцыятыўнай групы Віктар Шэйман заявіў, што ў падтрымку вылучэньня кандыдатам у прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнкі сабрана мільён пяцьсот семдзесят чатыры тысячы подпісы грамадзянаў. Паводле спадара Шэймана, гэтая лічба, маўляў, адлюстроўвае падтрымку Лукашэнкі, якая расьце, і "няма падставаў нейкім чынам абмяжоўваць жаданьне людзей выказваць падтрымку прэзыдэнту". Для арганізацыі сувязі з выбаршчыкамі працуе нават грамадзкая прыёмная, а сама ініцыятыўная група знаходзіцца ў менскім Доме афіцэраў.
12 студзеня Аляксандар Лукашэнка заявіў: "Нам ня трэба фальсыфікаваць выбары. Мы наадварот робім усё, каб нас ні ў якім выпадку не абвінавацілі, нават выпадкова. Мы зарэгістравалі нават тых, каго нельга было рэгістраваць, ледзь не подпісы за іх зьбіраем – усё роўна кепска. Каму ўлада перашкаджае? Нікому".

Але на працягу ўсяго часу збору подпісаў паступалі скаргі ад грамадзянаў, якіх прымушалі падпісвацца за Аляксандра Лукашэнку, што сьведчыць пра выкарыстаньне адміністратыўнага рэсурсу. У той жа самы час ініцыятыўныя групы Мілінкевіча і Пазьняка атрымалі папярэджаньні ЦВК, а зборшчыкі подпісаў падвяргаліся ціску, застрашэньню, адміністратыўным пакараньням і г.д.

Радыё Свабода шукала адказы на пытаньні:ці роўныя ўмовы збору подпісаў за кандыдатаў? якія перашкоды ствараюцца ініцыятыўным групам? чаму гэтыя перашкоды ўсё ж дазволілі камандам большасьці кандыдатаў сабраць значна больш за 100 тысячаў падпісаў?

Свае адказы на гэтыя пытаньні прапанавалі кіраўнік ініцыятыўнай групы Мілінкевіча Аляксандар Бухвостаў, кіраўнік выбарчага штабу Казуліна Мечыслаў Грыб і галоўны рэдактар Інтэрнэт-газэты "Беларускія навіны" Кірыл Пазьняк.

Мечыслаў Грыб: "Збор подпісаў па месцы жыхарства выбаршчыкаў, збор подпісаў на вуліцы, на падпісных сталах – гэта адно, а збор подпісаў на прадпрыемствах, у арганізацыях, у інтэрнатах – гэта зусім іншае.
Што тычыцца першага, то можна сказаць, што ўлада тут не стварае вялікіх перашкодаў сябрам нашай ініцыятыўнай групы Казуліна (я мяркую, і іншым). Праўда, ёсьць асобыя пытаньні па асобных раёнах, па гэтых выпадках я пісаў скаргі ў ЦВК.
Што тычыцца збору подпісаў на прадпрыемствах – адкрытых ці закрытых, то тут умовы вельмі розныя. Калі нашых сябраў ініцыятыўнай групы і блізка на парог туды не падпускаюць, то кіраўнікі гэтых прадпрыемстваў атрымоўваюць загад, каб усе супрацоўнікі пагалоўна падпісаліся за Лукашэнку. Такія зьвесткі да нас паступалі з "Атланту" і з "Мэталаскладу". Зараз перада мной ляжыць інфармацыя з Наваполацку, там пры зборы подпісаў за Лукашэнку адміністрацыя пераконвала людзей у тым, што подпіс можна паставіць толькі за аднаго кандыдата. На заводзе "БВК" збор подпісаў рабіўся начальнікамі цэхаў, а не сябрамі ініцыятыўнай групы. Супрацоўнікі заводу пад ціскам начальства ставяць у падпісных лістах дату і подпіс, астатнія дадзеныя – нумар пашпарту, прапіска запісваюцца ў аддзеле кадраў. Такіх выпадкаў вельмі шмат.
Што тычыцца інтэрнатаў, то туды нашых людзей наагул не пускаюць, трэба ўзгадняць з кіраўніком прадпрыемства, каб патрапіць туды ў той час, калі туды можа зайсьці кожны чалавек.
Калі просіш нашых людзей даць сваё прозьвішча, паскардзіцца, пацьвердзіць факты – людзі адмаўляюцца, людзі баяцца. Настолькі людзі запалоханыя.
Цэнтральная выбарчая камісія пры гэтым робіць выгляд, што нічога ня бачыць, як быццам гэта яе ня тычыцца".

Аляксандар Бухвостаў: "У выступах нават чальцоў Цэнтральнай выбарчай камісіі гучала думка, што прэзыдэнт мае перавагі ў выбарчай кампаніі. Я ня думаю, што гэта адпавядае справядлівасьці і роўнасьці ўмоваў.
Мечыслаў Іванавіч даў падрабязную інфармацыю. Я шмат у чым зь ім згодны. Хацеў бы зьвярнуць увагу, што калі мы толькі пачалі зьбіраць подпісы, з боку міліцыі былі перашкоды нашым зборшчыкам. У нас былі выпадкі і затрыманьня сябраў ініцыятыўнай групы, у іх адбіралі падпісныя лісты. Мы з гэтай нагоды накіроўвалі вялікую колькасьць скаргаў у Цэнтральную выбарчую камісію і ў пракуратуру. З пракуратуры звычайна прыходзілі адпіскі, ЦВК неаднаразова заяўляла, што ўмовы ствараюцца ўсім аднолькавыя. Сапраўды, потым стала менш такіх інцыдэнтаў.
Але з іншага боку вельмі своеасаблівы характар мае кампанія збору подпісаў за Лукашэнку. На поўную моц выкарыстоўваецца адміністрацыйны рэсурс, прычым у самых розных формах.
Супрацоўнікі службаў сацыяльнага забесьпячэньня працуюць са сваім кантынгентам, часам нават гучаць пагрозы, што не атрымаеце тое, што вам трэба, калі не паставіце подпіс. У нас ёсьць такія факты. Другое – супрацоўнікі пошты, прыносяць, скажам, пэнсію і патрабуюць падпісацца. Ёсьць інфармацыя, што часам у дактароў на прыёме ляжаць падпісныя лісты і яны "здымаюць" подпісы з пацыентаў. На прадпрыемствах – дакладная каманда, людзі прыносяць пашпарты, аддзелы кадраў запаўняюць падпісныя лісты і потым людзі ў цэхах падпісваюцца.
Пачынаючы з Лукашэнкі, у нас дзейнічаюць не паводле закону, а паводле "паняцьцяў". Сказаў ён, што ўсіх трэба рэгістраваць – усіх зарэгістравалі. Заўтра ён ацэніць сітуацыю і скажа "Гэтага не рэгістраваць" – і не зарэгіструюць. І як бы мы тут не зьбіралі подпісы, як бы мы іх ні "вылізвалі", як бы ні правяралі, наш кандыдат можа быць не зарэгістраваны, бо так будзе сказана.
Тое, што мы сабралі дастатковую колькасьць подпісаў, гэта вынік таго, што мы арганізавалі актывістаў, і таго, што за перамены ў Беларусі выступае дастатковая колькасьць людзей. І актыўнасьць гэтых людзей падвышаецца. Улада спрабуе такой тактыкай дробнага фолу ня толькі папсаваць нам нэрвы, але і трымаць людзей у страху. Калі не асадзіць, калі адпусьціць лейцы, калі не паказаць, хто тут гаспадар, чалавек можа падумаць, што ён сапраўды свабодны і заўтра пойдзе на плошчу".

Кірыл Пазьняк:"Подпісаў за кіраўніка дзяржавы сабралі ў некалькі разоў болей за астатніх прэтэндэнтаў. Можна меркаваць, што за Лукашэнку падпісваюцца больш ахвотна таму, што ў яго больш шырокая электаральная база. Але каля вулічных пікетаў чальцоў ягонай ініцыятыўнай групы людзей меней, чым каля зборшчыкаў подпісаў у падтрымку дэмакратаў. І па кватэрах прэзыдэнцкія людзі ходзяць ня больш актыўна, чым ініцыятыўныя групы іх супернікаў. Таму натуральна ўзьнікае іншая вэрсія – што подпісы за Лукашэнку сапраўды зьбіраюцца з выкарыстаньнем адміністрацыйнага рэсурсу – па месцах працы ці вучобы людзей. Сьведчаньняў пра гэта гучыць вельмі шмат, у тым ліку і на Радыё Свабода.
Наагул, збор подпісаў, на маю думку, выклікаў пэўнае ажыўленьне выбаршчыкаў, бо гэта адзін з нешматлікіх эпізадычных пэрыядаў дэмакратыі ў Беларусі.
Людзі цешацца сваімі правам падпісацца за таго, за каго яны хочуць зрабіць свой выбар. Хаця апатычных усё ж больш, нямала і тых, хто ня хоча "сьвяціцца" са сваім пашпартам у выбары на карысьць дэмакратаў. Між тым збор подпісаў у добраахвотна–прымусовым парадку для атрыманьня гігантаманскай лічбы нясе ў сабе рызыку і для самой улады – з аднаго боку гэта закручвае "сьпіраль маўчаньня", ці дакладней сьпіраль палітычнага фаталізму, грамадзкая думка рыхтуецца да "элегантнай перамогі" 19 сакавіка, але з другога боку – гэта можа выклікаць хвалю абурэньня ў часткі людзей, прычым абурэньня з уласнага досьведу, а не з апазыцыйнай контрапрапаганды.
І гэта можа адгукнуцца ўладам больш масавым і самае галоўнае – больш актыўным недаверам да вынікаў галасаваньня 19 сакавіка, чым гэта было пасьля леташняга рэфэрэндуму.
Што да перашкодаў збору подпісаў, то мне здаецца, што гэта звычайная тактыка "дробнага фалу", кажучы футбольным тэрмінам, гэта інэрцыя дзяржаўнай машыны.
Што тычыцца папярэджаньня, то паводле незалежных сацыялягічных апытаньняў, у якіх вывучалася гіпатэтычнае галасаваньне выбаршчыкаў у парах Лукашэнка – альтэрнатыўны кандыдат, самымі рэйтынгавымі аказаліся як раз Мілінкевіч і Пазьняк. І гэтыя папярэджаньні – гэта Дамоклаў меч, які падвесілі над гэтымі дзьвюма кандыдатамі. Пагроза зьняцьця іх з перадвыбарчай гонкі ёсьць і мне здаецца, што ўлады яшчэ канчаткова ня вызначыліся, з кім апынецца Лукашэнка ў бюлетэні для галасаваньня – са спарынг-партнэрам, з моцным ці са слабым партнэрам, з адным, двума, трыма дэмакратамі, без таго ж Мілінкевіча, каб выключыць усялякія Майданы, ці з Мілінкевічам, каб перамога выглядала больш спаборніцкай і саліднай. Хаця паводле майго прагнозу Мілінкевіч будзе зарэгістраваны, байкот уладаў ня выгадны, бо тады легітымнасьці выбараў будзе тады бракаваць яшчэ больш. І вось імавернасьць нерэгістрацыі Зянона Пазьняка мне падаецца высокай, бо ўлады перасьцерагаюцца, што ў выпадку рэгістрацыі яго кандыдатам на прэзыдэнта ён вернецца, і гэта ажывіць палітычнае жыцьцё. Пазьняк можа адрадзіць вулічную дэмакратыю. Хаця і спакуса пакінуць Пазьняка кандыдатам усё ж ва ўладзе ёсьць, ён можа адцягнуць частку галасоў ад Мілінкевіча. Хаця гэты чыньнік мае значэньне толькі тады, калі галасы будуць лічыць сумленна".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства