Маладафронтавец Цянюта і ў войску знайшоў магчымасць абразіць прэзідэнта
У войску актывісту Маладога Фронта Андрусю Цянюту пагражаюць крымінальнай адказнасцю за абразу прэзідэнта і дзяржаўных сімвалаў Беларусі. Андрусь Цянюта, які цяпер служыць у Віцебскай вайсковай частцы ваенна-паветравай абароны, запісаў у сшытку па ідэалагічнай працы, што нацыянальнымі сімваламі Беларусі з’яўляюцца бел-чырвона-белы сцяг і Пагоня. Юнак заканспектаваў таксама меркаванне пра нелегітымнасць улады Лукашэнкі. Нататкі хлопца пабачыў палкоўнік Павел Якаўлевіч Пішчулаў і адразу выпісаў юнаку тры нарады па-за чаргой. Цяпер кіраўніцтва часткі пагражае маладафронтаўцу крымінальнымі справамі за абразу дзяржаўных сімвалаў і прэзідэнта Беларусі. Палкоўнік абяцаўся выпісаць нават пракурорскае папярэджанне.
«Абразы ніякай не было, — лічыць Андрусь Цянюта. — Па-першае, па законе прадугледжваецца адказнасць менавіта за публічную выказванні. Па-другое, Лукашэнка і сам заяўляў аб фальсіфікацыі выбараў».
Павел Якаўлевіч, як намеснік камандзіра брыгады па ідэалагічнай працы, даў заданне кантраляваць кожнага госця, з кім ля КПП бачыцца Андрусь. У вуснай форме палкоўнік прыгразіў адпусціць Андруся ў адпачынак толькі перад дзембелем.
Апроч таго, хлопец сустракаецца з дыскрымінацыяй беларускай мовы на кіраўнічым узроўні. Днямі намеснік камандзіра батальёна капітан Хілько за беларускую каманду «Зважай!» загадаў Андрусю увесь час прыбіраць у нарадзе туалеты. Капітан Хілько, такім чынам хоча навучыць Андруся размаўляць па-расійску.