Былы дэпутат Сяргей Скрабец па-ранейшаму адмаўляецца ўдзельнічаць у судовым працэсе і працягвае галадоўку.
У Вярхоўным судзе Беларусі працягваецца працэс над Сяргеем Скрабцом, якога абвінавачваюць у шэрагу злачынстваў. Паседжаньне 24 студзеня зноў пачалося з прозьбы Сяргея Скрабца зьмяніць яму меру стрыманьня, каб у яго былі роўныя з іншымі прэтэндэнтамі магчымасьці для ўдзелу ў перадвыбарчай кампаніі. Хадайніцтва падсуднага судзьдзя адхіліў. Пасьля гэтага Сяргей Скрабец зрабіў заяву пра тое, што ён ня можа ўдзельнічаць у працэсе з прычыны стану здароўя, бо галадае ўжо 23 дні. У адказ судзьдзя зачытаў мэдычную даведку са сьледчага ізалятару, паводле якой Скрабец ня мае захворваньняў. Акрамя таго, судзьдзя, спаслаўшыся на аналізы падсуднага, выказаў сумнеў, што Сяргей Скрабец галадуе.
Далей у судзе працягваўся допыт сьведкаў. На прысуд можа паўплываць адказ на пытаньне, ці сапраўды фірмам, да якіх меў дачыненьне былы дэпутат, належала маёмасьць, якая пры атрыманьні імі крэдыту паслужыла гарантыяй.
Былы кіраўнік дэпутацкай групы "Рэспубліка" Сяргей Скрабец заяўляе, што яго перасьледуюць за апазыцыйную дзейнасьць і намер абірацца на прэзыдэнта, паведаміла Радыё Свабода.