Хадайніцтвы былога дэпутата Сяргея Скрабца аб зьмяненьні меры стрыманьня на час прэзыдэнцкай кампаніі адхіленыя
На працэсе над Сяргеем Скрабцом, які працягваецца ў Вярхоўным судзе, судзьдзя працягвае адхіляць хадайніцтвы былога дэпутата аб зьмяненьні меры стрыманьня на час прэзыдэнцкай кампаніі, паведаміла Радыё Свабода.
"У мяне няма магчымасьці кіраваць ініцыятыўнай групай, якая зьбірае за мяне подпісы, як гэта робяць іншыя прэтэндэнты", — даказвае Сяргей Скрабец, але ягоныя аргумэнты судзьдзю не пераканалі.
Палітзьняволены па-ранейшаму адмаўляецца ўдзельнічаць у працэсе, які з 16 студзеня ідзе ў Вярхоўным судзе. Былога дэпутата разам зь ягоным братам Аляксандрам Скрабцом абвінавачваюць у шэрагу злачынстваў, адно зь якіх лічыцца цяжкім. Сярод сьведкаў, якія выступілі 19 студзеня на працэсе, быў Раман Рыўкін, былы памочнік дэпутата Сяргея Скрабца і дырэктар фірмы "Белтрэйдэкспа". Гэтая фірма мела цесныя партнэрскія зносіны з гандлёвым домам "Белбабаеўскае", якім кіравалі спачатку Сяргей Скрабец, а потым ягоны брат Аляксандар. Два гады таму за выманьваньне крэдытаў у "Беларусьбанку" для фірмы "Белтрэйдэкспа" быў асуджаны Раман Рыўкін. Ён дагэтуль лічыць, што быў невінаваты, крэдыт атрымаў цалкам законна, а справу супраць яго сфальшавалі, і гэта ж робіцца цяпер супраць Сяргея Скрабца. Вось што Раман Рыўкін патлумачыў Радыё Свабода: "У нас на офісе забралі ўсе дакумэнты, пячатку, пазбавілі фірму рахункаў, арыштавалі маёмасьць, мяне як дырэктара пазбавілі магчымасьці кіраваць. Потым дачакаліся, пакуль пройдзе тры месяцы, і фірма не вярнула крэдыту, і сказалі, што, паколькі крэдыт не аддадзены, то мы будзем цябе абвінавачваць у выманьваньні крэдыту. А яшчэ мяне спрабавалі абвінаваціць у яго крадзяжы, зусім беспадстаўна. І вось на гэтым працэсе збольшага пакуль што тое самае".
Сьведка Раман Рыўкін прадставіў суду шэраг дакумэнтаў, якія, паводле яго, пацьвярджалі намер фірмы вярнуць крэдыты "Беларусьбанку" ў поўным аб’ёме. Між тым, падчас допыту сьведкі прадстаўніца пракуратуры Марына Асіпчык некалькі разоў заклікала Рыўкіна быць шчырым і рабіла яму заўвагі, што ён ухіляецца ад адказаў на яе пытаньні. Судзьдзя пацікавіўся ў Рамана Рыўкіна, чаму ён не аспрэчыў прысуду, калі лічыць сябе невінаватым. Сьведка патлумачыў, што правёў у сьледчым ізалятары 25 месяцаў, а пасьля прысуду адразу выйшаў на волю. З адказу сьведкі вынікала, што, калі б ён аспрэчваў прысуд, то сядзеў бы ў турме яшчэ доўга.
Зараз Сяргей Скрабец трымае галадоўку, пратэстуючы супраць арышту. Ён заяўляе, што яго перасьледуюць за апазыцыйную дзейнасьць і намер абірацца на прэзыдэнта.