viasna on patreon

Ініцыятыўная група кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча накіравала ў Вярхоўны суд і пракуратуру Беларусі скаргі на папярэджаньне Цэнтравыбаркаму

2006 2006-01-20T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У ініцыятыўнай групе Аляксандра Мілінкевіча перакананыя, што ў каляндарыках, якія сталі падставай для папярэджаньня ЦВК, не было ніякай агітацыі. Акрамя таго, як паведаміў кіраўнік юрыдычнай службы штабу падтрымкі Аляксандра Мілінкевіча Ўладзімер Лабковіч, у скаргах зьвяртаецца ўвага на тое, што згодна з 49 артыкулам Выбарчага кодэксу, ЦВК ня мае права выносіць папярэджаньні ініцыятыўным групам прэтэндэнтаў: "Толькі тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі могуць выносіць папярэджаньне ініцыятыўнай групе за парушэньне на сваёй тэрыторыі падчас збору подпісаў. А Цэнтральная камісія можа толькі адмяніць рэгістрацыю кандыдата".

Такое ж меркаваньне юрыста праваабарончага цэнтру "Вясна" Валянціна Стэфановіча, які апублікаваў на гэты конт сваё заключэньне. Аднак старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына перакананая, што яе камісія дзейнічала адпаведна з законам: "Якім чынам тэрытарыяльная камісія можа выносіць рашэньне па ініцыятыўнай групе, якую зарэгістравала Цэнтральная камісія? Гэта будзе перавышэньнем паўнамоцтваў, таму спадар Стэфановіч проста непісьменны".

Спадарыня Ярмошына мяркуе, што рашэньні ЦВК у гэтым выпадку нават не падлягаюць абскарджаньню ў Вярхоўным судзе: "Мы зьяўляемся апошняй канчатковай інстанцыяй, яны могуць толькі апратэставаць гэта ў пракуратуру".

Лідзія Ярмошына заявіла, што гэтае папярэджаньне групе Мілінкевіча будзе разглядацца і пры рэгістрацыі кандыдатаў, як і магчымыя новыя факты парушэньняў. Аднак гэта не абавязак, а права Цэнтральнай камісіі, падкрэсьліла спадарыня Ярмошына.

Тым часам Сяргей Папкоў, кіраўнік ініцыятыўнай групы Зянона Пазьняка, якая таксама атрымала папярэджаньне ЦВК за распаўсюд друкаванай прадукцыі, заявіў, што ня будзе яго абскарджваць у Вярхоўным судзе і пракуратуры, бо ня бачыць у гэтым сэнсу: "А што, у нас суд самастойны? Гэта як адна галінка і другая галінка".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства