Мінсувязі папярэдзіла пра санкцыі за невыкананьне закону аб інтэрнэце
Дырэктар дэпартамэнту інфарматызацыі Мінсувязі Андрэй Ільін так акрэсьліў канчатковую мэту задумы з "упарадкаваньнем" беларускага інтэрнэту: "Асноўная задача - гэта атрыманьне інфармацыі аб усіх рэсурсах, якія знаходзяцца ў зоне BY".
У Міністэрстве сувязі і інфарматызацыі адбылася прэсавая канфэрэнцыя з нагоды ўнясеньня зьменаў у заканадаўства, якое рэгулюе дзейнасьць у сеціве. Нагадаем: ад 1 ліпеня ў адпаведнасьці з прэзыдэнцкім указам № 60 і ўрадавай пастановай № 644 будзе дадзены старт уніфікацыі захадаў, накіраваных на "ўдасканаленьне выкарыстаньня нацыянальнага сэгмэнту сеткі Інтэрнэт".
Аднак па выніках мерапрыемства кіраўнікі фірмаў, якія прадстаўляюць паслугі хостынгу, сказалі, што не атрымалі практычна ніводнага адказу на тыя пытаньні, якія зрабіліся зараз актуальнымі і цікавяць усю інтэрнэт-супольнасьць.
Фактычна чыноўнікі дэкляравалі толькі карныя захады, якія будуць ужывацца адносна тых кампаній, якія прадстаўляюць паслугі інтэрнэту. У прыватнасьці, было сказана, што адсутнасьць рэгістрацыі сайту да 1 ліпеня аўтаматычна пазбаўляе яго права працаваць на беларускім рынку.
Таксама было сказана, што пры парушэньні гэтых нормаў заканадаўства напачатку будзе выносіцца папярэджаньне, а ўрэшце аказаньне паслугаў давядзецца спыніць.
Само мерапрыемства выявіла на гэты момант поўную нестыкоўку ў поглядах чыноўнікаў і людзей, якія прадстаўляюць інтэрнэт-супольнасьць. Як кажуць інтэрнэт-хостэры, база вельмі сырая, недапрацаваная, і ў такіх умовах пачаць новую працу ад 1 ліпеня папросту немагчыма.