Грамадзкія актывісты не далі ўрадавай дэлегацыі схаваць праблему рэпрэсіўнага заканадаўства ў Беларусі
Сёньня, 12 красавіка, у Радзе па правах чалавека ААН (Жэнэва), адбылося абмеркаваньне праблемы рэпрэсіўнага артыкулу 193.1, арганізаванае Асамблеяй НДА Беларусі ў супрацы з міжнародным альянсам CIVICUS ды Міжнароднай фэдэрацыяй правоў чалавека (FIDH). Падзея прымеркаваная да разгляду справаздачы ўраду Рэспублікі Беларусь пра становішча з правамі чалавека ў краіне ў рамках Ўнівэрсальнага пэрыядычнага агляду (Universal periodic review) - новага мэханізму ААН дзеля абароны правоў чалавека.
У мерапрыемстве ўзялі ўдзел каля 40 чалавек. Зь беларускага боку: праваабаронцы, адвакаты і грамадзкія актывісты, раней зьняволеныя праз сумнавядомы артыкул. Сярод удзельнікаў і гасьцей - сябры дзяржаўных прадстаўніцтваў і дэлегацыяў з краінаў-сябраў Рады па правах чалавека (Нідэрлянды, Вугоршчына, Нарвэгія ды інш.), прадстаўнікі няўрадавых і міждзяржаўных арганізацыяў.
Праваабаронца Валянцін Стэфановіч з ПЦ “Вясна” асьвятліў палітыка-прававы кантэкст увядзеньня артыкула 1931 Крымінальны Кодэкс - як часткі “антырэвалюцыйных” зьменаў у КК напярэдадні выбараў 2006 г.
Вольга Смалянка (Цэнтар прававых тэхналёгіяў) прааналізавала юрыдычны зьмест артыкулу, канстатаваўшы яго неадпаведнасьць міжнародна-прававымі дакумэнтам і агульнапрынятым стандартамі ў галіне свабоды асацыяцыяў, у прыватнасьці Усеагульнай дэклярацыі правоў чалавека, Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, нормам Рады Эўропы.
Эніра Браніцкая, ўвязьненая ў 2006 г. на падставе арт.1931 (справа “Партнэрства”), апісала прыклады ўжываньня артыкулу супраць грамадзкіх і палітычных актывістаў.
Юрыст Асамблеі НДА Юры Чавусаў распавёў пра процідзеяньне грамадзтва рэпрэсіўнаму заканадаўства, у першую чаргу пра кампанію «Стоп 1931!», распачатую летась Асамблеяй НДА Беларусі.
“Правядзеньне гэтага абмеркаваньня зьяўляецца прыкладам таго, як беларускія няўрадавыя арганізацыі могуць выкарыстоўваць супрацоўніцтва зь міжнароднымі структурамі для адстойваньня сваіх супольных інтарэсаў. Беларускаму ўраду не атрымалася зрабіць незаўважнай праблему ганебнага артыкула 193-1. Унівэрсальны пэрыядычны агляд – гэта шанец на высокім узроўні заявіць пра самыя балючыя праблемы непавагі да правоў чалавека ў Беларусі: ня толькі пра забарону дзейнасьці незарэгістраваных аб’яднаньняў і крымінальны перасьлед іх сябраў, але і выкананьне сьмяротных пакараньняў, зьнікненьні апанэнтаў кіруючага рэжыму, неабгрунтаваныя абмежаваньні свабоды слова”, - пракамэнтаваў вынікі мерапрыемства юрыст Асамблеі НДА Юры Чавусаў.
Арганізатары разьлічваюць, што прыведзеныя факты дазволяць аб'ектыўна ацаніць актуальнае становішча і паўплываюць на зьмест выніковых рэкамэндацыяў да Рэспублікі Беларусь. Ужо вядома, што прадстаўнікі Чэхіі, Нідэрляндаў, Швэцыі, Вялікай Брытаніі ды шэрагу іншых краінаў зьвярнулі ўвагу на існаваньне рэпрэсіўнага арт.1931 ў сваіх пытаньнях да ўрадавай дэлегацыі зь Менску.