Студэнты БНТУ падвяргаюцца агляду сумак і пляцакоў пры ўваходзе ў інтэрнат
На электронны адрас сайту www.zubr-mogilev.org прыйшоў ліст, у якім паведамляецца, што ў адным зь менскіх інтэрнатаў Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту пачалі правяраць асабістыя рэчы. Цяпер на вахце інтэрнату патрабуюць, каб студэнты паказвалі свае сумкі і рукзакі. Як адзначае аўтар ліста, такія выпадкі былі заўважаныя ўжо некалькі разоў. “Самае цікавае ў тым, што правяраюць не ў чужых людзей, а ў студэнтаў, якія жывуць там ужо не адзін год”, – піша наведнік сайту.
Гэта ня першы прыклад падвышанай увагі да асабістых рэчаў грамадзянаў Беларусі. Так, у рэдакцыю газэты “Комсомольская правда в Беларуси” пачалі тэлефанаваць чытачы, якіх затрымлівалі супрацоўнікі міліцыі з патрабаваньнем паказаць тое, што знаходзіцца ў іх сумках і рукзаках. “Калі я пачаў абурацца, патлумачылі, маўляў, зараз такое распараджэньне – правяраць вялікія торбы. Сказалі, нейкую друкаваную прадукцыю шукаюць”, – распавёў адзін з чытачоў. Падобная гісторыя адбылася 16 сьнежня ў Магілёве падчас мінулага Дня салідарнасьці, калі міліцыянты, шукаючы друкаваныя матэрыялы, правяралі асабістыя рэчы мінакоў у цэнтры гораду.