viasna on patreon

Абласная выбарчая камісія не спяшаецца з разглядам скаргі

2010 2010-03-30T17:22:20+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Тамара Валянцінаўна Каважэнка, нягледзячы на пенсійны ўзрост, добра вядомая ў барысаўскім мікрараёне Дымкі сваёй актыўнай грамадзянскай пазіцыяй і нястомнай барацьбой з мясцовымі ўладамі за вырашэнне праблемы падтапленняў падворкаў жыхароў мікрараёну. Яна без праблем сабрала больш за паўтысячы подпісаў выбаршчыкаў у падтрымку вылучэння сябе кандыдатам у дэпутаты Барысаўскага раённага Савета.
 
Прычапіцца да подпісаў, здадзеных у раённую выбарчую камісію, не атрымлівалася. А шанцы перамагчы ў акрузе № 7 начальніка 72-га гвардзейскага аб'яднанага вучэбнага цэнтра падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў палкоўніка Валерыя Гнілазуба у Тамары Каважэнка маглі быць вельмі высокія.
 
У выніку пільныя сябры барысаўскага выбаркама выявілі непарадак у запаўненні пенсіянеркай падатковай дэкларацыі. Указаўшы, што валодае домам і двума гаражамі, Каважэнка нічога не напісала пра зямельны участак, на якім гэты дом і гаражы пабудаваны. Што і казаць, сур'ёзнае парушэньне!
 
На наступны дзень, 26 сакавіка, Тамара Валянцінаўна звярнулася з заявай у Менскую абласную выбарчую камісію па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў, копію заявы накіравала ў Цэнтральную Камісію.
 
У заяве яна, у прыватнасці, пісала:
«Паводле інструкцыі па запаўненні дэкларацыі аб даходах і маёмасці, у яе ўносяцца звесткі аб маёмасці, што належыць фiзiчнай асобе па праву ўласнасці. Я ў дэкларацыі аб даходах і маёмасці ўказала жылы дом і два гаражы, якія належаць мне па правах уласнасці. А зямельны ўчастак, з-за якога мяне не зарэгістравалі кандыдатам у дэпутаты ў Барысаўскі раённы Савет дэпутатаў 26-га склікання, не з'яўляецца маёй уласнасцю, а прадастаўлены мне на падставе рашэння Барысаўскага гарадскога выканаўчага камітэта ад 23 снежня 2004 года № 737 па «Дзяржаўнаму Акту на зямельны ўчастак ГА № 0049254» у пажыццёвае спадчыннае валоданне.
На падставе вышэйвыкладзенага лічу адмова мне ў рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты ў Барысаўскі раённы Савет дэпутатаў 26-га склікання неабгрунтаваным».
 
З моманту звароту Тамары Каважэнка ў абласную выбарчую камісію прайшло ўжо чатыры дні, але там, падобна, не спяшаюцца. Сёння яна датэлефанавалася ў Менскі аблсавет і нехта Вольга Таранда, якая прымала скаргу, паведаміла пенсіянерцы, што яе скаргу будуць разглядаць, хутчэй за ўсё, у чацвер, 1 красавіка.
 
Куды больш аператыўна аказаліся супрацоўнікі Цэнтральнай камісіі. Сёння раніцай адтуль прыйшло паведамленне за подпісам спадарыні Ярмошынай аб тым, што скарга Тамары Каважэнка перанакіраваная ў Менскую абласную выбарчую камісію, у чыёй кампетэнцыі знаходзіцца разгляд падобных заяваў.
 
Кола замыкаецца?

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"



Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства