Светлагорск: Парковачная пляцоўка як месца для пікету
Светлагорскі райвыканкам прапануе кандыдатам у дэпутаты праводзіць агітацыйныя мерапрыемствы на... парковачнай пляцоўцы.
Калі кандыдаты пажадаюць правесці агітацыйныя мерапрыемствы па-за памяшканнямі – сходы, мітынгі, пікеты, – то могуць ісці на парковачную пляцоўку ля спартыўнага комплекса Цэлюлозна-кардоннага камбіната. Акрамя спарткомплексу, іншых аб’ектаў тут няма, вакол – лесапаркавая зона. Чым не месца для пікетаў?
Гэтым жа рашэннем (№ 397 ад 10 сакавіка) райвыканкам вызначыў у Светлагорску яшчэ 2 агітацыйныя месцы: пляцоўкі ў парку і ля набярэжнай. Як паведаміла адна з кандыдатаў у дэпутаты, парк у Светлагорску – маланаведваемае месца на ўскраіне. Што тычыцца набярэжнай – яна таксама на ўскраіне, але калі дачакацца цёплага надвор’я, то людзі там бываюць.
Акрамя Светлагорска, раённая ўлада вызначыла толькі 2 месцы для агітмерапрыемстваў: у пасёлках Парычы і Сасновы Бор. Адносна сельскай мясцовасці райвыканкам загадаў прыняць аналагічныя рашэнні сельскім і пасялковым адміністрацыям.
Вызначэнне месцаў для правядзення масавых мерапрыемстваў па-за памяшканнямі прадугледжана папраўкамі ў Выбарчы кодэкс, якія былі прынятыя напярэдадні цяперашніх выбараў у мясцовыя Саветы.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”