viasna on patreon

Віцебшчына: прызначэнне дэпутатаў шляхам выбараў

2010 2010-03-30T10:29:58+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Віцебскай вобласці ў многіх выбарчых акругах па выбарах у раённыя і гарадскія Саветы дэпутатаў на адно месца прэтэндуе адзін кандыдат у дэпутаты. Гэта значыць, у гэтых раёнах ці гарадах выбары будуць абсалютна безальтэрнатыўнымі, і такі працэс выбару мае іншую назву - прызначэнне дэпутатаў мясцовых Саветаў.

Так, на 31 мандат у Гарадокскі раённы Савет дэпутатаў прэтэндуе 31 кандыдат у дэпутаты, г.зн. на адно дэпутацкае месца прэтэндуе адзін кандыдат. Прычым сярод кандыдатаў -- адны начальнікі і дырэктары з заробкамі ад 6 млн. да 44 млн. рублёў. Ужо можна з упэўненасцю казаць, што такія сацыяльныя групы, як рабочыя і прадпрымальнікі ў Гарадокскім райсавеце прадстаўлены не будуць. Партыі ў раёне будзе прадстаўляць адзін сябра Камуністычнай партыі Беларусі і работнік раённай выканаўчай вертыкалі адначасова.

У спісе кандыдатаў у дэпутаты Полацкага раённага Савета дэпутатаў лічыцца 30 прэтэндэнтаў на 30 дэпутацкіх месцаў. Дырэктары, старшыні, галоўныя ўрачы і іншыя кіраўнічыя пасады ў прэтэндэнтаў. Для разнастайнасці адзін нязменны праўладны камуніст. Адзін у адзін паўтараецца сітуацыя Гарадокскага раёна. І такая сітуацыя зафіксавана практычна паўсюдна ў 21 адным раёне Віцебскай вобласці!

У гарадах сітуацыя не такая адыёзная, як у раённых цэнтрах, але плюралістычнай яе не назавеш.

Полацкі гарадскі Савет дэпутатаў налічвае 32 месцы, на якія прэтэндуе 41 чалавек, г.зн. у 9 акругах маецца альтэрнатыва. У кандыдатаў- безальтернатыўшчыкаў пасады спрэс кіраўнічыя. Партыі прадстаўлены двума сябрамі Камуністычнай партыі і двума прадстаўнікамі Беларускай партыі левых «Справядлівы свет».

У абласным цэнтры ў 17 выбарчых акругах будзе сапраўдная канкурэнтная барацьба, а ў астатніх 23 будзе «ціхая выбарчая затока». Начальнікі і дырэктары дзяржпрадпрыемстваў перамешаны беспрацоўнымі, прадпрымальнікамі, цырульнікамі, выкладчыкамі, электрыкамі, пенсіянерамі, лекарамі, інжынерамі і юрыстамі. Тут шырэй спектр і партый, якія маюць сваіх прадстаўнікоў. Гэта апазіцыйныя, якіх практычна няма ў раёнах: АГП, і БПЛ «Справядлівы свет», БСДП (НГ), БХД, а таксама праўрадавыя КПБ і Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці.

«Праваабаронцы за свабодныя выбары»

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства