Выбары ў Гомелі: дзе пуста, а дзе і густа
Сітуацыя з кандыдатамі ў дэпутаты Гомельскага абласнога савета, якія балатуюцца па выбарчых акругах у Гомелі, склалася так, што на некаторых акругах па 4 кандыдаты, а на іншых — па аднаму. Напрыклад, у Цэнтральным раёне Гомеля ўтвораны чатыры выбарчыя акругі — Гагарынская №17, Пушкінская №18, Мазураўская №19 і Кленкаўская №20. Па Гагарынскай акрузе ў абласны савет зарэгістраваны 3 кандыдаты, з якіх адзін — ад улады, дырэктар філіялу РУП «Белпочта» Галіна Цярэшчанка, і два апазіцыянеры — сябра АГП Міхаіл Губараў і сябра ствараемай партыі БХД Аляксандр Шарыпаў.
Па Пушкінскай выбарчай акрузе зарэгістраваны 4 кандыдаты — дырэктар абласнога музея ваеннай славы Павел Ждановіч, сябра Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці Аляксандр Грамыка, і два апазіцыянеры — сябра партыі левых «Справядлівы свет» Анатоль Ільінчык і сябра ствараемай партыі БХД Святаслаў Шапавалаў. А вось па Мазураўскай і Кленкаўскай акрузу балатуюцца па аднаму кандыдату ад ўлады — дырэктар упраўлення капітальнага будаўніцтва Аляксандр Пахомаў і кіраўнік адміністрацыі Цэнтральнага раена Іван Барадзінчык.
У Чыгуначным раёне Гомеля ўтворана 7 акругаў. Па Алімпійскай акрузе №1 кандыдатамі ў дэпутаты абласнога савета сталі сябра АГП Мікалай Калюка і дырэктар Гомельскай універсальнай базы Павел Семянюк. Па Крупскай акрузе №2 зарэгістравана 3 кандыдаты — дырэктар прадстаўніцтва НАК па Гомельскай вобласці Аляксей Кугаеў, сябра ствараемай партыі БХД Андрэй Папоў і сябра партыі АГП Святлана Піласевіч. На Юбілейнай акрузе №3 за дэпутатскія мандаты будуць змагацца старшыня абласной арганізацыі партыі левых «Справядлівы свет» Уладзімір Сякерка і начальнік Гомельскага аддзялення Беларускай чыгункі.
3 кандыдаты ў дэпутаты зарэгістраваны па Чырвонаармейскай акрузе — юрысконсульт ААТ «Табаквінторг» Аксана Масензава, сябра АГП Уладзімір Няпомняшчых і прарэктар Беларускага універсітэту транспарту Юрый Самадум.
Па Рошчыскай акрузе №5 у дэпутаты ідуць начальнік упраўлення аховы здароўя аблвыканкама Мікалай Васількоў і сябра АГП Аляксандр Каротчанка. Па Чапаеўскай акрузе №6 зарэгітсраваны кандыдатамі сябра партыі левых «Справядлівы свет» Валерый Клімаў і галоўны ўрач Гомельскай гарбальніцы №1 Алег Ядрэнцаў. А Карастаянаўскай акрузе зарэгістраваны дырэктар філіяла «Гомсельмаша» Уладзімір Мельнікаў і сябра партыі левых «Справядлівы свет» Марына Смяглікава.
Па Навабеліцкай аркузе №8 кандыдатамі ў дэпутаты зарэгістраваны сябра АГП Аксана Бас і генеральны дырэктар ТАА «АгроІнтэрТранс» Аляксандр Стрыбук. Па Крысталаўскай акрузе №9 есць адзіны кандыдат — галоўны ўрач Гомельскага абласнога шпіталя для ветэранаў вайны Алег Іванцоў.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"