Гомель: Кандыдата ў дэпутаты папярэдзілі аб непрацягненні працоўнага кантракта
Гомельскага актывіста ствараемай Партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», кандыдата ў дэпутаты Гомельскага абласнога і гарадскога саветаў Аляксандра Шарыпава папярэдзілі аб непрацягненні з мая працоўнага кантракта. Кандыдат працуе вядучым інжынерам прыватнага прадпрыемства «Гомелькаапдругрэсурсы» - прадпрыемста знаходзіцца ў падпарадкаванні «Гомельаблспажыўсаюза». Кантракт у актывіста заканчваецца 3 мая. З 29 сакавіка ён ідзе ў адпачынак, таму яго загадзя папярэдзілі аб непрацягненні працоўных адносінаў. Шарыпаву паведамілі, што рашэнне аб непрацягненні кантракта прымала вышэйстаячае кіраўніцтва — то бок «Гомельаблспажыўсаюз». 25 сакавіка актывіст атрымаў кандыдацкае пасведчанне, а назаўтра ён атрымаў папярэджанне аб непрацягненні працоўных адносінаў. Шарыпаў балатуецца па Гагарынскай выбарчай акрузе №17 у гарадскі савет і па Цэнтральнай выбарчай акрузе №35 — у абласны савет. Ён вылучаўся ў кандыдаты шляхам збору подпісаў.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”