viasna on patreon

“Праваабаронцы за свабодная выбары”: Вынікі маніторынгу этапа рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў 26-га склікання

2010 2010-03-29T15:12:16+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Вылучэнне і рэгістрацыя кандыдататаў у дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў 26-га склікання

25 сакавіка скончыўся этап рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў 26-га склікання. Кампанія “Праваабаронцы за свабодныя выбары” правяла маніторыг гэтага этапа і прэзентуе кароткі аналіз і высновы па яго выніках.


І. Рэгістрацыя ініцыятыўных груп кандыдатаў

Прававыя падставы

Адным са шляхоў вылучэння кандыдатаў у дэпутаты з’яўляецца вылучэнне групай грамадзянаў (ініцыятыўнай групай). У адпаведнасці з артыкулам 65 Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь ініцыятыўная група правамоцная, калі колькасць грамадзянаў у ёй складае ад 3 да 10 чалавек, незалежна ад узроўню мясцовага Савета.

Спіс сябраў ініцыятыўнай групы з указаннем яе кіраўніка перадаецца разам з заявай у тэрытарыяльную, акруговую камісію. Такая перадача ў выбарчыя камісіі, зыходзячы з Кодэксу і Каляндарнага плана, зацверджанага Пастановай Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь ад 21.01.2010 за №7, адбывалася з 14 па 18 лютага ўключна.

За гэты перыяд у выбарчыя камісіі паступіла 16 903 заявы аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп, у тым ліку – 341 група па вылучэнні сябраў палітычных партыяў. Большасць ініцыятыўных групаў сфармавалі сябры такіх палітычных партыяў, як Камуністычная партыя Беларусі  - 111 заяваў, Партыя БНФ  – 71 заява, Аб’яднаная Грамадзянская Партыя – 60 заяваў.

Палітычныя партыі выкарыстоўвалі вылучэнне шляхам збору подпісаў, зыходзячы з неабходнасці наяўнасці арганізацыйных структураў для такога вылучэння, у адпаведнасці з Выбарчым кодэксам Рэспублікі Беларусь. Адным з матываў такога вылучэння было і тое, што пры такім вылучэнні няма дадатковай магчымасці камунікацыі з выбаршчыкамі, калі праз збор подпісаў адбываецца ўскосная агітацыя за будучага кандыдата.

Таксама трэба ўлічваць вялікую колькасць вылучаных претэндэнтаў ад незарэгістарванай партыі БХД, у якой была адзіная магчымасць удзелу ў выбарах як праз вылучэнне шляхам збору подпісаў грамадзян. Такім чынам, БХД вылучала 204 претэндэнты ў дэпутаты.

Згодна з законам, тэрытарыяльная, акруговая выбарчая камісія ў пяцідзённы тэрмін павінна разглядзець пададзеныя дакументы і прыняць рашэнне аб  рэгістрацыі ці адмове ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы грамадзянаў. У рэгістрацыі ініцыятыўнай групы адмаўляецца, калі на этапе яе рэгістрацыі было парушана заканадаўства Рэспублікі Беларусь. Рэгістрацыя ініцыятыўных груп, згодна з Каляндарным планам, адбывалася з 19 па 23 лютага.

У параўнанні з мясцовымі выбарамі 2007 г., колькасць адмоваў у рэгістрацыі ініцыятыўных груп скарацілася з больш за 100 у 2007 г. да 23 у 2010 г. Гэтыя лічбы сведчаць пра тое, што выбарчыя камісіі былі схільныя не ствараць перашкодаў у рэгістрацыі ініцыятыўных груп. Але ж, калі параўновываць з выбарамі мясцовых Саветаў дэпутатаў 24 склікання (2003г.), то бачна, што з вылучаных 3094 груп было адмоўлена ў рэгістрацыі толькі 15, што складае 0,4%.

Асноўнымі падставамі для адмоваў у рэгістрацыі ініцыятыўных груп з’яўляліся: парушэнне часткі 1 артыкула 65 Выбарчага кодэксу, якая рэгламентуе тое, што дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы падаюцца ўласнаручна асобай, якая мае намер вылучыцца ў якасці кандыдата ў дэпутаты, а таксама парушэнне прыцыпу свабоднага ўдзелу ў выбарах, які прапісаны ў артыкуле 5 Выбарчага кодэксу. Парушэнне прынцыпу “свабоднага ўдзелу ў выбарах” з’яўлялася асноўнай падставай для адмовы ў рэгістрацыі ініцыятыўных груп на ўсіх папярэдніх выбарах; не стала выключэннем і выбарчая кампанія 2010 г.

Так, Астравецкая акруговая выбарчая камісія двойчы адмовілася рэгістраваць ініцыятыўную групу сябра АГП Івана Крука, які меў намер вылучацца кандыдатам у дэпутаты Астравецкага раённага Савета. Афіцыйна актывіста абвінавацілі ў тым, што нібыта пры фармаванні ініцыятыўнай групы ён “парушыў прынцып свабоднага ўдзелу ў выбарах”. Іван Крук высветліў, што сябраў ягонай ініцыятыўнай групы запалохалі супрацоўнікі райвыканкаму - абяцалі ўнесці ў так званыя “чорныя спісы”.

У адпаведнасці з ч. 9 арт.61 Выбарчага кодэксу збор подпісаў выбаршчыкаў можа ажыцяўляцца ў форме пікетавання. Атрымання дазволу на такую форму збору подпісаў не патрабуецца, калі яно праводзіцца ў месцах, якія не забароенныя для гэтага мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі.

Трэба адзанчыць, што мясцовыя органы ўлады ў большасці прынялі адпаведныя рашэнні, у якіх максімальна абмежавалі магчымасць збору подпісаў у шматлюдных месцах, зачастую такімі месцамі былі вызначаны пляцоўкі, аддаленыя ад цэнтраў населеных пунктаў і руху транспарту, ці іншыя месцы, якія рэдка наведваюцца выбаршчкамі.Такія рашэнні выканаўчых і распарадчых органаў улады прывялі да таго, што большасць прэтэндэнтаў не выкарыстоўвалі такую форму збору подпісаў, сканцэнтраваўшыся выключна на іншых.

Як прыклад, можна прывесці вытрымку з рашэння Глыбокскага раённага выканаўчага камітэта ад 09.02.2010 г. № 123: “Забараніць збор подпісаў выбаршчыкаў па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў у месцах, якія перашкаджаюць руху транспарту і людскіх патокаў, на чыгуначным вакзале, аўтастанцыі г. Глыбокае, грамадскім транспарце, установах адукацыі, культуры, медыцыны, гандлёвых  кропках і іншых месцах, якія забяспечваюць жыццядзейнасць насельніцтва раёна.

Падобныя забароны былі прыняты ў Бешанковічах, Верхнядзвінску, Талачыне, Лепелі, Шуміліне, Паставах, Гарадку, Оршы, Наваполацку. Не ўтрымаліся ад забароны мясцовыя ўлады і ў некаторых невялікіх мястэчках Віцебскай вобласці. Аналагічныя забароны былі прыняты ў іншых рэгіёнах Беларусі,  і ў Мінску.

Абскарджанне адмоваў у рэгістрацыі ініцытяўных груп

У адпаведнасці з часткай 2 артыкула 65 Выбарчага кодэксу адмова ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы абскарджваецца ў трохдзённы тэрмін у вышэйстаячую камісію, а ў выпадку, калі скарга не задаволена, адмова ў рэгістрацыі ў трохдзённы тэрмін абскарджваецца ў адпаведны абласны, Мінскі гарадскі суд. Скарга падаецца ад імя асобы, якая мае намер вылучацца кандыдатам у дэпутаты.

Такіх скаргаў было пададзена няшмат. Абскарджанне адмовы ў рэгістрацыі сваёй ініцыятыўнай групы праводзіў Іван Крук, але ён звярнуўся ў органы, у кампетэнцыі якіх не знаходзіцца разгляд скаргі на адмову па сутнасці. Ён накіраваў скаргу ў органы пракуратуры і Цэнтральную камісію. Цэнтральная камісія Рэспублікі Беларусь перанакіравала скаргу Івана Крука для разгляду па сутнасці ў Гарадзенскую абласную выбарчую камісію, у якой, згодна з Выбарчым кодэксам Рэспублікі Беларусь, маецца кампітэнцыя разгляду такіх катэгорыяў скаргаў. Выбарчая камісія прыняла скаргу да разгляду, хаця тэрміны абскарджання былі ўжо прапушчаныя, і выбарчая камісія адмяніла рашэнне Астравецкай раённай камісіі пра адмову ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў у падтрымку вылучэння Івана Крука. У сваім рашэнні яна адзначыла, што прэтэнзіі раённай камісіі “не могуць разглядацца як парушэнне патрабаванняў Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь пра ўтварэнне ініцыятыўнай групы і не могуць паслужыць падставай для адмовы ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы”. У адпаведнасці з дадзеным рашэннем, ініцыятыўная група па вылучэнні Івана Крука кандыдатам была зарэгістравана. Такое рашэнне вышэйстаячай камісіі стала прэцэндэнтным, паколькі раней у выпадку адмовы сябраў ініцыятыўнай групы ад іх уключэння ў склад камісіі, камісіямі прымалася рашэнне аб адмове ў рэгістарцыі. 

Гомельская абласная выбарчая камісія задаволіла скаргу актывісткі незарэгістраванай Партыі БХД, прэтэндэнта ў кандыдаты Калінкавіцкага раённага Савета Таццяны Зайцавай. Раённая камісія адмовіла ёй у рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, спаслаўшыся на памылку пры афармленні дакументаў: жанчына правільна напісала назву сваёй выбарчай акругі – Сасноўская, але недакладна напісала яе нумар. Абласная камісія адмяніла рашэнне раённай аб нерэгістрацыі ініцыятыўнай групы Таццяны Зайцавай.

Было прынята адваротнае рашэнне ў дачыненні да  актывісту руху “За свабоду” Пятра Кузняцова. Абласная камісія не задаволіла яго скаргу, палічыўшы, што яго парушэньне больш сур’ёзнае. Спадар Кузняцоў уключыў у сваю ініцыятыўную групу больш за 10 чалавек, а гэта ёсць парушэнне закону. У адпаведнасці з ч.1 арт. 65 Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь ініцыятыўная група павінна налічваць ад 3 да 10 сяброў.

Дзеянні дзяржаўных органаў

У параўнанні нават з кампаніяй па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу, назіраўся большы ціск на претэндэнтаў і на сябраў ініцыятыўных груп з боку выбарчых камісіяў і па месцы іх працы ці вучобы.

Бабруйскага сябра  ініцыятыўнай групы па стварэнні  партыі БХД Вячаслава Шэлега, які  збіраецца ісці на выбары, выклікалі  ў аддзел гандлю гарвыканкама. Зінаіда  Луніхіна –намеснік начальніка ўпраўлення гандлю- паведаміла, што запрасіла яго па заданні намесніка старшыні гарвыканкама Міхаіла Кавалевіча.  Падчас размовы чыноўніца паставіла Вячаслава Шэлега перад выбарам: ідзеш на выбары ці працуеш.

Сябра аргкамітэту па стварэнні Партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Аляксандр Кабяк быў звольнены з працы. За тыдзень да выбараў  актывіст уладкаваўся на працу ахоўнікам у мясцовае казіно. У дзень, калі ён падаў дакументы на рэгістрацыю сваёй ініцыятыўнай группы,  яму патэлефанавалі з працы і сказалі, што больш ня маюць патрэбы ў ягоных паслугах.

Таксама камандаванне вайсковай часткі перашкодзіла актывісту “Маладога Фронту” Андрэю Цянюту зарэгістравацца ў якасці кандыдата ў дэпутаты. Андрэй Цянюта падаў пісьмовы рапарт з просьбай, каб яго адпусцілі зарэгістравацца ў якасці кандыдата ў дэпутаты мясцовага Савета. Паводле Выбарчага кодэксу, адміністрацыя вайсковай часткі была абавязана стварыць спрыяльныя ўмовы для рэгістрацыі кандыдатаў і ні ў якім разе не перашкаджаць гэтаму. Аднак камандзір часткі, які таксама бярэ ўдзел у мясцовых выбарах, сказаў, каб Цянюта перадаў сваю заяву праз каго-небудзь іншага. Да гэтага Андрэй Цянюта некалькі разоў падаваў рапарты камандаванню Віцебскай дэсантнай вайсковай часткі пра сваё жаданне вылучацца на мясцовых выбарах у якасці кандыдата. Яго некалькі разоў прымушалі перапісваць рапарты.

Інфармаванасць насельніцтва

Артыкул 13 Выбарчага кодэкса гарантуе галоснасць падчас падрыхтоўкі і правядзення выбараў. Адным са шляхоў забеспячэння галоснасці закон вызначае “інфармаванне грамадзянаў”, аднак у многіх рэгіёнах мясцовыя дзяржаўныя СМІ і афіцыйныя сайты выканкамаў не забяспечвалі поўнай і своечасовай інфармацыяй насельніцтва сваіх рэгіёнаў.

На самым пачатку выбарчай кампаніі мясцовыя органы ўлады дастаткова мала асвятлялі выбарчы працэс.
Так, напрыклад, у Гомельскай вобласці на інтэрнет-сайтах выканкамаў звесткі пра выбары ў сельскія Саветы зусім не прадстаўлены, на іншых - вельмі нешматлікія. Напрыклад, на сайце Рагачоўскага райвыканкама на старонцы “Заканадаўства” доўгі час была толькі спасылка на ўказ аб прызначэнні выбараў і план іх правядзення, але самае патрэбнае – рашэнні мясцовых органаў улады і раённай выбарчай камісіі – адсутнічаюць. На ўсіх сайтах райвыканкамаў Магілёўшчыны былі створаны падраздзелы, якія прысвечаны мясцовым выбарам. Некаторыя з іх падаюць інфармацыю аб утварэнні раённых камісій па выбарах дэпутатаў, а таксама іх склад (Слаўгарадскі, Бялыніцкі, Кіраўскі, Круглянскі, Мсціслаўскі, Чэрыкаўскі, Шклоўскі і Асіповіцкі), іншыя абсалютна пустыя (Бабруйскі, Касцюковіцкі), а некаторыя проста інфармуюць, дзе знаходзіцца выбарчая камісія (Быхаўскі, Глускі, Горацкі, Дрыбінскі, Клічаўскі, Краснапольскі, Крычаўскі, Хоцімскі, Чавускі, Магілёўскі і Клімавіцкі). Прычым у апошняй катэгорыі райвыканкамаў інфармацыі, прысвечанай выбарам, часам не больш за некалькіх радкоў.

Толькі бліжэй да сярэдзіны лютага 2010 г. з’явілася больш шырокае асвятленне выбарчай кампаніі на сайтах мясцовых органаў улады.

Па інфармацыі назіральнікаў, больш аптымістычна выглядала сітуацыя на Віцебшчыне. Тут уладамі былі задзейнічаны афіцыйныя сайты (21 сайт раённых, 4 гарадскіх і 1 абласнога выканаўчых камітэтаў). На кожным сайце ёсць або раздзел, або банэр з назвай “Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў”. На сайце Віцебскага аблвыканкама такі раздзел абнаўляецца паводле Каляндарнага плану арганізацыйных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў. Прадстаўлена на сайце і статыстычная інфармацыя ў выглядзе табліц. Аднак у інфармацыі, якую выкладаюць на сайт, з'яўляліся недакладнасці і памылкі, хаця, як адзначаюць назіральнікі, гэтыя недахопы аператыўна выяўляюцца і рэдагуюцца.

Ацэньваючы ролю дзяржаўных СМІ пры асвятленні правядзення выбарчых кампаній, старшыня  Цэнтральнай камісіі Лідзія Ярмошына заявіла, што “дзяржаўныя СМІ маюць права на крытыку апазіцыйных кандыдатаў падчас выбараў”. Пры гэтым яна забылася дадаць, што такой жа крытыцы могуць падвяргацца і кандыдаты ад улады, каб забяспечыць дэмакратычны падыход і прадставіць усім роўныя ўмовы. Каментуючы выказванні Ярмошынай, вядомы палітолаг Віктар Чарноў адзначыў, што яна наогул не павінна была рабіць заяў з нагоды працы прэсы, паколькі яе выказванні могуць успрымацца і расцэньвацца як загад да дзеяння. “Журналіст можа мець свой пункт гледжання і выказваць яго ў прэсе, але гэта не значыць, што трэба ператвараць друк у трыбуну для палівання брудам апанентаў.”

Парушэнне правоў назіральнікаў

Згодна з канцэпцыяй кампаніі “Правабаронцы за свабодныя выбары”, пасля стварэння тэрытарыяльных і акруговых выбарчых камісій праваабаронцы вылучаліся ў якасці назіральнікаў у адпаведныя камісіі. Зафіксаваны выпадак адмовы ў рэгістрацыі назіральніку у Барысаўскай раённай выбарчай камісіі- праваабаронцы Алегу Мацкевічу.

Таксама фіксаваліся адмовы з боку выбарчых камісіяў у прадастаўленні поўнай і ўсебаковай інфармацыі назіральнікам.

22 лютага назіральніка ад “Беларускага Хельсінкскага Камітэту” Рамана Юргеля не пусцілі на паседжанне Вішнявецкай акруговай камісіі №12 па выбарах дэпутатаў Гарадзенскага абласнога Савета, нягледзячы на тое, што раней гэтая ж камісія зарэгістравала яго ў якасці назіральніка. Старшыня камісіі Сяргей Сямашка патлумачыў Раману Юргелю, што цэнтральны офіс БХК ня мае права вылучаць свайго прадстаўніка назіральнікам у рэгіянальныя камісіі.

Святлану Рудкоўскую пасля рэгістрацыі назіральнікам ад “Беларускага Хельсінкскага Камітэту” ў акруговую камісію Пралетарскай выбарчай акругі №17 па выбарах у Гарадзенскі абласны савет адразу пачалі пераследаваць па месцы працы. Святлана Рудкоўская чатыры гады працавала старшынёй Жыллёва-будаўнічага кааператыву №8 і за ўсе гады працы ня мела ніякіх службовых спагнанняў і заўвагаў з боку адміністрацыі Ленінскага раёну Гародні. Але як толькі была вылучаная назіральніцай у акруговую камісію, пачаліся праблемы. З адміністрацыі Ленінскага раёну ёй двойчы была дасланая позва, падпісаная Уладзімірам Кузьмянковым, з патрабаваннем з’явіцца ў адміністрацыю. 3 сакавіка кіраўнік адміністрацыі Ленінскага раёну Барыс Фёдараў з асабістага прыёму накіраваў Святлану Рудкоўскую да начальніка аддзелу ЖКГ і добраўпарадкавання Аляксандра Архіпава, які адразу ж склаў на яе пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні. Правапарушэнне нібыта палягала ў тым, што прылеглая тэрыторыя да жылога будынку ЖБК №8 засмечаная і не прыбіраецца. Святлана Рудкоўская катэгарычна нязгодная са складзеным на яе пратаколам і лічыць такія дзеянні адміністрацыі пераследам за ўдзел у выбарчай кампаніі. Адміністрацыйная камісія Ленінскага раёну Гародні аштрафавала незалежную назіральніцу Святлану Рудкоўскую, якая была вылучана Радай “Беларускага Хельсінкскага Камітэта”.

Збор подпісаў

Збор подпісаў рэгулюецца арт. 65 Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь. Дадзены артыкул рэгламентуе, што кандыдатам у дэпутаты неабходна сабраць для свайго вылучэння шляхам збору подпісаў не меньш за 150 подпісаў для свайго вылучэння ў абласныя Саветы дэпутатаў, Мінскі гарадскі Савет дэпутатаў; не меньш за 75 подпісаў у выпадку вылучэння у раённы, гарадскі (гарадоў абласнога падпарадкавання); не меньш за 20 подпісаў для вылучэння ў гарадскі (гарадоў раённага падпарадкавання), пасялковы, сельскі Савет дэпутатаў. Подпісы выбаршчыкаў збіраюцца на тэрыторыі адной выбарчай акругі.

Працэдура збора подпісаў грамадзянаў рэгулюецца арт.61 Выбарчага кодэксу, згодна з якім удзел адміністрацыі арганізацый у зборы подпісаў, як і прымус у працэсе збору подпісаў, не дапускаецца. Парушэнне гэтых патрабаванняў можа стаць падставай для адмовы ў рэгістрацыі ў якасці кандыдата ў дэпутаты.  

Растлумачэнне працэдуры збору подпісаў утрымліваецца ў Пастанове Цэнтральнай камісіі №10 ад 21.01.2010 г. Дадзеная пастанова дублюе нормы кодэкса, а таксама ўтрымлівае ўказанне, што збор подпісаў можа адбывацца ў форме пікета, але толькі ў месцах, якія не забароненыя для такога збору рашэннямі мясцовымі распарадчых і выканаўчых органаў. Пастанова ўтрымлівае інфармацыю пра тое, што падчас збору подпісаў можна прадстаўляць выбаршчыкам для азнаямлення інфармацыйныя матэрыялы пра асобу, якая мае намер вылучацца кандыдатам у дэпутаты, але такія матэрыялы не могуць раздавацца выбаршчыкам.

Пастанова Цэнтральнай камісіі рэгламентавала збор подпісаў на тэрыторыях вайсковых частак і ў інтэрнатах. Так, збор подпісаў у вайсковых частках можа ажыцяўляцца толькі па ўзгадненні з камандзірамі вайсковых частак, а на тэрыторыі інтэрнатаў -- з улікам патрабаванняў правілаў унутранага распарадку. Гэтая норма фактычна абмежавала магчымасці збору подпісаў ініцыятыўнымі групамі на вызначаных тэрыторыях, а на практыцы гэта прывяло да таго, што сябры ініцыятыўных груп прэтэндэнтаў у кандыдаты не маглі туды патрапіць.

Так,  прэтэндэнт у кандыдаты ад БСДП(Г) Леанід Падбярэцкі не змог патрапіць для збору подпісаў у інтэрнат №1 Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.Куляшова. Выхавацельніца інтэрната Вольга Дзедавец пракаментавала сваё нежаданне пускаць яго тым, што збор подпісаў неабходна ўзгадніць з прарэктарам універсітэта па выхаваўчай працы Уладзімірам Ясевым. За некалькі дзён Л.Падбярэцкаму давялося неаднаразова размаўляць з кіраўніцтвам навучальнай установы. У выніку 4 сакавіка у рэктараце прэтэндэнту ў кандыдаты паведамілі, што рэктар Бандарэнка перадаў вырашаць пытанне юрысту універсітэта. Як высветлілася, юрыст у сваю чаргу збіраўся даць Падбярэцкаму пісьмовы адказ праз два тыдні, гэта значыць, пасля таго, як скончыцца збор подпісаў. 2 сакавіка актывіст сустрэўся з прарэктарам, які параіў яму напісаць заяву на імя рэктара ўніверсітэта спадара Бандарэнкі з просьбай дазволіць збор подпісаў у студэнцкім інтэрнаце.  

Не дазволілі збіраць подпісы і ў інтэрнаце №4 Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта ім.Ф.Скарыны. З гэтай нагоды сябра ініцыятыўнай групы аднога з прэтэндэнтаў у кандыдаты Андрэй Аксёнаў звярнуўся да прарэктара ўніверсітэта Сяргея Ханені. С.Ханеня прапанаваў напісаць пісьмовы зварот на імя рэктара універсітэта Аляксандра Рагачова, і па выніках звароту дачакацца адказу ў адпаведнасці з заканадаўствам. Адміністрацыя ВНУ, матывуючы адмову ў наведванні інтэрнатаў з мэтай збору подпісаў, спасылалася на пастановы аб унутраным распарадку ў інтэрнатах, а на таксама растлумачэнні Цэнтральнай камісіі да Выбарчага кодэкса.

Змены, якія былі ўнесены ў Выбарчы кодэкс напярэдадні выбараў, спрасцілі норму, якая рэгламентуе збор подпісаў у адным населеным пункце. Ранейшая рэдакцыя  артыкулу 61 Выбарчага кодэкса прадугледжвала больш складаную працэдуру. Так, раней патрабавалася, каб у адным падпісным лісце знаходзіліся подпісы выбаршчыкаў, якія пражываюць у адным населеным пункце, сельскім, пасялковым савеце, раёне, горадзе. У новай рэдакцыі артыкула неабходна, каб у адным падпісным лісце ўтрымліваліся подпісы жахароў аднаго горада абласнога падпарадкавання, раёна, раёна ў горадзе.

Таксама трэба адзначыць, што пасля ўнясення зменаў у заканадаўства спрасціліся і патрабаванні да запаўнення падпісных лістоў. Так, з арт. 61 Выбарчага кодэксу была прыбрана норма аб завярэнні падпісных лістоў у старшыні, намесніка старшыні мясцовага выканаўчага ці распарадчага органа ўлады. Зараз такое завярэнне не патрабуецца, падпісныя лісты завяраюцца непасрэдна сябрам ініцыятыўнай групы, які збіраў подпісы. Дадзеныя змены ў заканадаўстве можна ацаніць як станоўчыя, бо яны на практыцы спрасцілі працэдуру збору подпісаў выбаршчыкаў.

У параўнанні з папярэднімі выбарамі зафіксавана нязначная колькасць папярэджанняў ініцыятыўным групам з боку выбарчых камісій, але гэтая практыка захоўвалася.  Выбарчая камісія Маскоўскага раёна Мінска 2 сакавіка вынесла два папярэджанні прэтэндэнту ў кандыдаты Юрыю Карэтнікаву - за датэрміновую агітацыю выбаршчыкаў і выкарыстанне ўласных сродкаў на друк інфармацыйных матэрыялаў. Выбарчая камісія Маскоўскага раёна атрымала распараджэнне з Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь за подпісам яе старшыні з просьбай разабрацца па факту скаргі, якая быццам бы паступіла у камісію. Само ж паседжанне камісіі па разглядзе гэтай справы прайшло толькі 2 сакавіка. Прычым Ю. Карэтнікаву паказалі толькі распараджэнне  ЦВК аб правядзенні праверцы раёнай выбарчай камісіяй, а ліста са скаргай ад жыхароў ён так і не пабачыў.

Адміністратыўныя абмежаванні падчас збору подпісаў

Назіральнікам фіксаваліся выпадкі выкарыстання адміністратыўнага рэсурсу пры зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатаў, якія падтрымліваюць улады. Так,  жыхары 13-й выбарчай акругі паведамілі назіральнікам, што подпісы за начальніка ваенкамата Валерыя Заінчкоўскага збіраюць супрацоўнікі домакіравання, прычым, у працоўны час і па разнарадцы выканаць норму ў сорак подпісаў. У домакіраванні не пацвердзілі гэтую інфармацыю і не змаглі дакладна адказаць, ці ёсць сябры ініцыятыўнай групы Валерыя Заінчкоўскага сярод супрацоўнікаў.

У параўнанні з папярэднімі выбарамі было зафіксавана менш выпадкаў стварэння перашкодаў самім зборшчыкам подпісаў, запалохвання грамадзянаў, якія паставілі свае подпісы за вылучэнне апазіцыйных кандыдатаў. Не было зафіксавана выпадкаў затрымання сябраў ініцыятыўных групаў з боку супрацоўнікаў міліцыі.

Разам з тым, на этапе збору подпісаў фіксаваліся факты ціску на сябраў ініцыятыўных групаў з мэтай прымусіць іх спыніць свой удзел у выбарах у якасці сябраў ініцыятыўных групаў дэмакратычных кандыдатаў. Некаторыя претэндэнты ў кандыдаты былі вымушаныя спыніць свой удзел у выбарчай кампаніі Так, лідэр Мінскай абласной арганізацыі моладзевай арганізацыі АГП “Маладыя дэмакраты” Арцём Агафонаў адмовіўся ад свайго вылучэння кандыдатам у дэпутаты Любанскага райсавету. Ён сабраў неабходную колькасць подпісаў, але адмовіўся здаваць падпісныя лісты ў раённую выбарчую камісію з-за ціску на настаўнікаў – сябраў ініцыятыўных групаў, сярод якіх і жонка Арцёма Агафонава Надзея.

У Бабруйску 2 сакавіка ў мясцовым аддзеле Камітэту дзяржаўнай бяспекі на працягу трох гадзінаў дапытвалі лідэра бабруйскіх сацыял-дэмакратаў Юрыя Грынявіцкага, які з’яўляўся сябрам ініцыятыўнай групы па вылучэнні кандыдатам у дэпутаты аднапартыйца Андрэя Стасяловіча. Фармальнай нагодай для выкліку ў КДБ стала канферэнцыя сацыял-дэмакратаў у Друскеніках, якая адбылася ў апошнія дні лютага. Сам Ю. Грынявіцкі звязвае допыт з сваім удзелам у ініцыятыўнай групе па вылучэнні А. Стасяловіча. 

 

ІІ. Вылучэнне ад палітычных партыяў

Вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты ад палітычных партыяў рэгулюецца арт. 62 Выбарчага кодэксу. Палітычным партыям для вылучэння у мясцовыя Саветы розных узроўняў неабходна мець адпаведную зарэгістраваную (пастаўленую на ўлік) арганізацыйную структуру. Такім чынам, унесеныя ў заканадаўства змены не закранулі парадку вылучэння кандыдатаў у дэпутаты ад палітычных партыяў.

Кандыдаты ў дэпутаты Мясцовых Саветаў дэпутатаў былі вылучаныя ад 13 з 15 палітычных партыяў зарэгістарваных Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь. 

Паводле афіцыйных дадзеных Цэнтральнай камісіі, ад агульнай колькасці вылучаных у мясцовыя саветы палітычныя партыі вылучылі 2% кандыдатаў у дэпутаты, 2,8% - скарысталіся магчымасцю вылучыцца ад двух суб’ектаў (вылучэнне ад партыі і шляхам збору подпісаў грамадзянаў, ад партыі і працоўнымі калектывамі). Найбольш кандыдатаў вылучыла Камуністычная партыя Беларусі – 207, Ліберальна-дэмакратычная партыя – 61, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці - 18, Беларуская аграрная партыя - 7, Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя - 2, Рэспубліканская партыя і Беларуская патрыятычная партыя - па 1. У дэмакратычным блоку сітуацыя выглядае наступным чынам: ад Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” пададзены дакументы на рэгістрацыю 126 кандыдатаў, ад Аб`яднанай грамадзянскай партыі - 94, ад Партыі БНФ - 35, ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) - 32, Беларускай партыі “Зялёныя” - 5, Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады - 2.

 

ІІІ. Падача дакументаў на рэгістрацыю кандыдатаў у дэпутаты

Парадак прадстаўлення дакументаў для рэгістрацыі ў якасці кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў дэпутатаў рэгулюецца арт.66 Выбарчага кодэксу. Гэты артыкул прадугледжвае, што не пазней чым за 40 дзён да выбараў (не пазней за 15 сакавіка 2010 г.) у тэрытарыяльныя (акруговыя) выбарчыя камісіі прадстаўляецца неабходны пералік дакументаў для рэгістрацыі ў якасці кандыдата. У заканадаўстве сказана, што асоба, якая жадае быць вылучанай у якасці кандыдата ў дэпутаты, перадае неабходныя дакументы ўласнаручна, прад’яўляючы пашпарт. Разам з тым, падчас гэтай выбарчай кампаніі склалася пазітыўная практыка, калі дакументы на рэгістрацыю перадаваліся не ўласнаручна, а праз адпраўку поштай, што ўказввае на тое, што ў канкрэтным выпадку практыка прымянення заканадаўства больш спрыяльная для кандыдатаў чым літаральнае чытанне нормы закона.

Таксама варта адзначыць, што абавязак падачы дакументаў толькі самой асобай, якая жадае быць вылучанай кандыдатам у дэпутаты, па-рознаму трактаваўся рознымі выбарчымі камісіямі. Так, Франак Вячорка, які служыць у Мазыры ў вайсковай частцы 48694, на момант падчы дакумантаў на рэгістрацыю ў якасці кандыдата знаходзіўся на абследаванні ў Мінску ў галоўным медыцынскім цэнтры ўзброеных сілаў і асабіста не мог падаць дакументы, за яго гэта дазволілі зрабіць па даверанасці сябрам ініцыятыўнай групы.

Адначасова Жодзінскай раённай выбарчай камісіяй не былі прынятыя дакументы на рэгістрацыю Андрэя Кашэўскага, які збіраўся вылучыцца ў якасці кандыдата ў дэпутаты Жодзінскага раёнага савета дэпутатаў і быў арыштаваны на 15 сутак, пададзеныя кіраўніком ягонай ініцыятыўнай групы П. Севярынцам.

Адным з дакументаў, які ў адпаведнасці з заканадаўствам прадстаўляецца ў выбарчыя камісіі для рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты, з’яўляецца дэкларацыя аб даходах і маёмасці. У адпаведнасці з патрабаваннямі Выбарчага кодэксу, дэкларацыя прадстаўляецца ў выпадку вылучэння ў раённыя, гарадскія (гарадоў абласнога падпарадкавання), абласныя саветы дэпутатаў. У папярэднія выбарчыя кампаніі недахопы ў запаўненні дэкларацыі з’яўляліся адной з асноўных падставаў у адмове ў рэгістрацыі.

У Выбарчым кодэксе ў частцы прадстаўлення дэкларацыі адбыліся змены. Так, у ч.7 арт.68 Выбарчага кодэксу было ўнесена палажэнне, што падставай для адмовы ў рэгістрацыі ў якасці кандыдата з’яўляюцца толькі істотныя недахопы ў запаўненні дэкларацыі. Цэнтральная камісія сваёй Пастановай ад 18.02.2010г. за № 17 устанавіла парушэнні, якія носяць істотны характар і могуць стаць падставай для адмовы ў рэгістрацыі. Такім падставамі могуць лічыцца: неўказанне звестак аб суме даходу, калі такая сума меншая за 10% ад сапраўды атрыманай сумы даходу; неўказанне транспартных сродкаў, нерухомасці, якія належаць на праве ўласнасці  і інш.

Уцэлым перадача дакумантаў для праверкі ў тэрытарыяльныя, акруговыя камісіі не суправаджалася парушэннямі з боку дзяржаўных органаў і выбарчых камісія і прайшла без эксцэсаў.

 

ІV. Рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты 

Рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў рэгулюецца арт. арт.67, 68 Выбарчага кодэксу. Дадзеныя артыкулы рэгулююць парадак праверкі подпісаў пры вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты шляхам збору подпісаў, парадак прыняця рашэнняў аб рэгістрацыі ці адмове ў рэгістрацыі і працэдуру абскарджання адмовы ў рэгістрацыі. У артыкул 68 Выбарчага кодэксу ўносіліся змены, якія прадставілі асобе, якая вылучаецца кандыдатам у дэпутаты, права знаёміцца з матэрыяламі праверкі прадстаўленых ёй дакументаў аб рэгістрацыі. Гэтая змена мае істотны характар, паколькі раней пры адмове ў рэгістрацыі фактычна немагчыма было падаць абгрунтаваную скаргу з-за нежадання выбарчых камісіяў прадставіць вынікі праверкі, якія паслужылі падставай для адмовы ў рэгістрацыі.

Трэба адзанчыць, што на паседжаннях выбарчых камісіяў па праверцы дакумантаў пададзеных для рэгістрацыі кандыдатаў не маглі прысутнічаць зарэгістарвпаныя ў гэтых камісіях назіральнікі. Як і раней працэс праходзіў закрыта і не празрыста. Звязку з гэтым у большасці выпадкаў цяжка зрабіць выснову аб тым, ці кіраваліся выбарчыя камісіі патрабаваннямі выбрачага заканадаўства пры праверцы вышэйазначаных дакумантаў.

Назіральнікаў і претэндэнтаў запрашалі толькі на выніковыя паседжанні камісіяў, дзе адбывалася зацвярджэнне вынікаў праверкі. Таксама фіксаваліся выпадкі адмоваў з боку выбарчых камісіяў претэндэнтам у кандыдаты ў азнаямленні з матэрыяламі праверак сапраўднасці прадстаўленых для рэгістрацыі дакументаў.  

Так, на паседжанне Мазырскай раёнай выбарчай камісіі не дапусцілі назіральнікаў да праверкі падпісных лістоў, а таксама да праверкі пратакалоў  па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты. “Гэта не прадугледжана выбарчым кодэксам. Можаце толькі прысутнічаць на паседжанні камісіі. Фатаграфаваць і запісваць на дыктафон працес паседжання  - нельга”.

Так, у Гарадзенскай гарадской выбарчай камісіі зарэгістарванаму назіральніку Раману Юргелю было адмоўлена ў прысутнасці пры праверцы дакладнасці дакумантаў па рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты, спасылаючыся на артыкул 13 Выбарчага кодэксу, дзе такія правы назіральніку не прапісаныя.

Падчас выбараў у мясцовыя саветы 2010 года працэнт адмоваў у рэгістрацыі ў якасці кандыдатаў меньшы, чым на папярэдніх выбарах. Апазіцыйныя палітычныя партыі агулам вылучылі 297 кандыдатаў у дэпутаты, з якіх было адмоўлена 57 сябрам палітычных партыяў, што складае 19.1% ад колькасці вылучаных ад палітычных партыяў. Трэба ўлічваць, што палітычныя партыі вылучалі сваіх прадстаўнікоў у асноўным шляхам збору подпісаў, таму працэнт адмовы меньшы ў агульнай лічбе вылучаных ад дэмакратычных палітычных партыяў.  

У якасці кандыдтаў у дэпутаты мясцовых саветаў афіцыйна зарэгістравана 25035 асобаў, адмоўлена ў рэгістрацыі – 318 асобам, 122 адклікалі свае дакументы. Адмовы ў рэгістрацыі складаюць усяго 1,27% ад агульнай лічбы кандыдатаў. Такім чынам, на адно дэпутацкае месца ў сярэднім прэтэндуюць каля 1,2 чалавека.

Ад палітычных партыяў зарэгістравана 513 кандыдатаў у дэпутаты, што значна болей, чым на папярэдніх мясцовых выбарах, калі аналагічная лічба складала ўсяго 177 чалавек. Ад Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” зарэгістравана 99 кандыдатаў у дэпутаты з 126 вылучаных прадстаўнікоў; ад Аб’яднананай грамадзянскай партыі – 77 з 94; ад Партыі БНФ зарэгістравана 33 з 35; ад БСДП (Грамада) зарэгістравана 29 з 32; ад БСДГ зарэгістравана 2 з 2 вылучаных прадстаўнікоў. Ад КПБ зарэгістравана 199 кандыдатаў у дэпутаты, ЛДПБ – 48, Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці – 7; Беларускай аграрнай партыі – 2; Беларускай сацыальна-спартыўнай партыі – 2; ад Рэспубліканскай партыі – 1; Патрыятычнай партыі – 1 прадстаўнік.

З зарэгістраваных кандыдатаў жанчыны складаюць 11.300 кандыдатаў, што складае 45% адагульнай колькасці кандыдатаў.

З ліку моладзі (асобы да 30 год) зарэгістравана ў якасці кандыдатаў 1530 чалавек, што складае 6,1% ад іх агульнай колькасці.

Таксама сярод кандыдатаў ёсць 26 грамадзянаў РФ, што складае 0,1% ад агульнай колькасці кандыдатаў.

Нягледзячы на невялікі працэнт, зафіксаваны факты масавых адмоваў у рэгістрацыі кандыдатаў у адным рэгіёне фактычна ўсім претэндэнтам ад апазіцыі. У Баранавічах толькі адзін з дзесяці апазіцыйных прэтэндэнтаў быў зарэгістраваны ў якасці кандыдата ў дэпутаты гарадскога Савета. Баранавіцкая гарадская тэрытарыяльнай выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі актывістам Партыі БХД Аляксандру Кабяку, Галіне Ярашэвіч, Сяргею Забеньку і Алегу Малашчанку. Таксама не былі зарэгістраваныя Анжэла Камбалава ад АГП, Віктар Мезяк ад Партыі БНФ, Віктар Цяпін ад партыі “Справядлівы свет”. Гарадская камісія адмовіла ў рэгістрацыі актывісту Руху “За Свабоду” Рыгору Грыку і беспартыйным кандыдатам, прадпрымальнікам Мікалаю Чарнавусу і Дзмітрыю Аўгусту. Паводле версіі выбаркаму, прэтэндэнты з 15-20- гадовым вопытам удзелу ў выбарах - Віктар Мезяк, Віктар Цяпін, Галіна Ярашэвіч, Анжэла Камбалава, Малашчанка Алег, Рыгор Грык, Дзмітрый Аўгуст - чамусьці “сваёй рукой” ставілі дату ў падпісных лістах. А ў Мікалая Чарнавуса, Аляксандра Кабяка і Сяргея Забенькі дэкларацыі аб даходах былі запоўненыя “з памылкамі”. 25-27 сакавіка незарэгістраваныя Баранавіцкія кандыдаты ў дэпутаты Рыгор Грык, Віктар Цяпін і Дзмітрый Аўгуст, Мікалай Чарнавус падалі скаргі ў Брэсцкую тэрытарыяльную абласную выбарчую камісію.

Рашэннем Баранавіцкай гарадской тэрытарыяльнай выбарчай камісіяй 25 сакавіка гэтыя вылучэнцы не былі зарэгістраваныя кандыдатамі ў дэпутаты Баранавіцкага гарадскога і абласнога Саветаў. Камісія выявіла “памылкі” ў падпісных лістах. Прычым, “праверцы” падлягалі толькі прадстаўнікі дэмакратычных сілаў.

Адзін з незалежных кандыдатаў у дэпутаты, дырэктар Баранавіцкай фірмы “АНДАТРА” Дзмітрый Аўгуст, прайшоўшы да гэтага пасяджэння камісіі па кватэрах грамадзянаў, ад якіх былі сябрамі камісіі прадстаўленыя “заявы” пра тое, што яны не ставілі сваёй рукой даты подпісу, і правёў іх апытанне аб тым, як рабілася “праверка” падпісных лістоў. Пасля гэтага Дзмітрый Аўгуст прынёс на пасяджэнне камісіі заявы гэтых самых падпісантаў пра тое, што менавіта яны самі ставілі і дату і подпісы ў падпісных лістах. Усе гэтыя заявы былі ў падтрымку Дзмітрыя Аўгуста і адвяргалі прадстаўленыя камісіяй паперы.

Незалежны кандыдат запатрабаваў, каб прадстаўленыя ім заявы былі на камісіі разгледжаныя. Але ў парушэнне Выбарчага кодэкса, камісія адмовілася іх разглядаць наогул. Камісія, па прапанове старшыні Юрыя Шасцярнёва, прагаласавала за неўключэнне Дзмітрыя Аўгуста ў спісы кандыдатаў, а заявы грамадзянаў, якія ён прадставіў, не стала і разглядаць.

З прынятым камісіяй рашэннем Дзмітрый Аўгуст не пагадзіўся і падаў скаргу ў Брэсцкую тэрытарыяльную абласную выбарчую камісію, дзе просіць прыцягнуць адпаведных спецыялістаў і правесці падчыркаведчаскую экспертызу падпісных лістоў, рашэнне Баранавіцкай гарадской тэрытарыяльнай выбарчай камісіі ад 25 сакавіка 2010г. прызнаць незаконным і зарэгістраваць яго кандыдатам у дэпутаты.

Аналагічныя скаргі падалі Рыгор Грык і Віктар Цяпін.

Усе тры незарэгістраваныя прэтэндэнты таксама маюць намер звярнуцца ў ЦВК, каб прызнаць працу камісіі і яе старшыні Юрыя Шасцярнёва не толькі нездавальняючай, але і парушаючай Выбарчы кодэкс Беларусі.

Адначасова назіральнік у Баранавіцкай гарадской камсіі Сяргей Гоўша напісаў заявы ў ЦВК і ў пракуратуру па дадзеных фактах, дзе просіць правесці праверку падпісных лістоў і подпісаў тых грамадзянаў, чые заявы прадставіла камісія і прыцягнуць адпаведных спецыялістаў, каб правесці падчыркаведчаскую экспертызу дакументаў. Назіральнік таксама патрабуе пракурора прыняць адпаведнае прававое рашэнне і прыцягнуць да адказнасці вінаватых у грубым парушэнні падчас выбараў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (арт.64) і Выбарчага Кодэкса Беларусі згодна з арт.49 ВК, у якім указваецца: “Лица, препятствующие путем насилия, угроз, обмана, подкупа или иным способом свободному осуществлению гражданином Республики Беларусь права участвовать или не участвовать в выборах… а также члены комиссий, должностные лица государственных органов и общественных объединений и иные лица, совершившие подлог документов по выборам,… либо совершившие другие нарушения требований настоящего Кодекса и иных актов законодательства Республики Беларусь о выборах,…- несут ответственность, установленную законодательством Республики Беларусь” у сувязі з тым, што ў выніку падробкі дакументаў камісіяй грамадзяне незаконна не зарэгістраваныя кандыдатамі ў дэпутаты. Сяргей Гоўша настойвае таксама на тым, каб ЦВК абавязала тэрытарыяльную камісію пераглядзець сваё незаконнае рашэнне і зарэгістраваць вышэйпералічаных кандыдатамі ў дэпутаты.

Да сваёй заявы назіральнік прыкладае копіі заяваў выбаршчыкаў, якія пацвярджаюць уласнаручнае прастаўленне датаў і подпісаў за вылучэнне названых прэтэндэнтаў.

Асаблівасцю гэтай выбарчай кампаніі з’яўляецца вялікая колькасць безальтэрнатыўных акругаў, дзе вылучаецца толькі адзін кандыдат. Так, напрыклад, У Гарадзенскі гарсавет на 30 акругаў зарэгістраваныя 55 кандыдатаў, 14 акругаў — безальтэрнатыўныя. Сярод кандыдатаў — 14 сябраў апазыцыйных партыяў.

Пасля рэгістрацыі 25 сакавіка Барысаўскай выбарчай камісіяй кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў Рэспублікі Беларусь 26 склікання, высвятлілася, што на 34 месцы ў раённым Савеце прэтэндуе 41 кандыдат.

Аднак ужо зараз зразумела, што ў пераважнай большасці выбарчых акругаў на тэрыторыі Барысаўскага раёна выбары будуць безальтэрнатыўнымі.

Адно з нешматлікіх выключэнняў – акруга №15 - адзіная, дзе прайшлі рэгістрацыю адразу тры кандыдатуры. З сябрам Партыі БНФ і актывістам руху “За Свабоду” Зміцерам Бабіцкім у змаганні за кандыдацкі мандат будуць канкураваць два чалавекі “пры пасадах” – дырэктар Барысаўскага політэхнічнага каледжа Уладзімір Шмакаў і дырэктар ААТ “Лесахімік” Валянцін Шкаруба.

Аналізуючы дадзеныя аб рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты Мясцовых саветаў дэпутатаў бачна, што канкурэнцыя захоўваецца выключна ў Мінску, дзе на адно месца прэтэндуе 3, 9 кандыдатаў у дэпутаты. У іншых абласцях Беларусі захоўваецца канкурэнцыя не больш 1,8 чалавек на месца. Такім чынам у іншых абласцях большасць акругаў, асабліва не ў гарадах абласнога падпарадкавання застаюцца безальтарнатыўнымі.  

Пасялковыя і сельскія выбарчыя акругі у падаўляльнай масе застаюцца безальтарнатыўнымі. Напрыклад у Брэсцкай, Гомельскай, Віцебскай, Гродзенскай, Мінскай  вобласцях у сельскія, пасялковыя саветы вылучаюцца 1 – 1,1 чалавек на месца. Сітуацыя адрозніваецца толькі ў Магілеўскай вобласці, дзе ў сельскія, пасялковыя саветы вылучаныя 1,8 кандыдатаў на адно дэпутатцкае месца.

 

V. Абскарджанне адмоваў у рэгістрацыі кандыдатамі ў дэпутаты

Абскарджанне адмовы ў рэгістрацыі кандыдатаў рэгулюецца арт. 68 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь. У гэтай частцы заканадаўства не прыцярпела зменаў. Скарга падаецца ў трохдзенны тэрмін у вышэйстаячую выбарчую камісію, у выпадку, калі вышэйстаячая камісія не задаволіла скаргу, то такое рашэнне абскарджваецца ў адпаведны раёны (гарадскі), абласны суд таксама ў трохдзенны тэрмін. Рашэнне абласнога суда з’яўляецца канчатковым і абскарджанню не падлягае.

У адпаведнасці з афіцыйнымі дадзенымі з ліку вылучаных 25475 кандыдатаў у дэпутаты, адмоўлена ў рэгістрацыі 318 прэтэндэнтам, што складае 1% ад агульнага ліку вылучаных кандыдатаў.

Калі аналізаваць адмовы ў рэгістрацыі, то пераважная большасць такіх адмоваў прынятая ў дачыненні да дэмакратычных кандыдатаў. Большасць незарэгістраваных кандыдатаў прадстаўленыя аргкамітэтам па стварэнні партыі БХД. З 173 прэтэндэнтаў, якія падалі дакументы на рэгістрацыю ў якасці кандыдатаў ад гэтай палітычнай сілы зарэгістравана толькі 82 кандыдата ў дэпутаты. Гэта тлумачыцца тым, што большасць прэтэндэнтаў упершыню ўдзельнічала ў выбарчай кампаніі, і часта дапускала фармальныя парушэнні пры зборы подпісаў, ці запаўненні дэкларацыяў, што і стала прычынай адмоваў у рэгістрацыі ў якасці кандыдатаў.  Большасць з пададзеных кандыдатаў абскарджвае адмовы ў вышэйстаячых камісіях.

Таксама і прадстаўнікі іншых палітычных сілаў, якім было адмоўлена ў рэгістрацыі абскарджваюць такія адмовы. Так, Віктар Гіршкевіч сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі абскардзіў адмову ў рэгістрацыі кандыдатам у Брэсцкі гарадскі Савет дэпутатаў. Падставай для адмовы стала тое, што прэтэндэнт пражывае на тэрыторыі Кобрынскага раёна, і там жа зарэгістраваны ў якасці кандыдата ў дэпутаты. У адпаведнасці з арт.60 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь кандыдатамі ў дэпутаты Мясцовых саветаў дэпутатаў могуць быць вылучаны грамадзяне, якія пражываюць ці працуюць на тэрыторыі адпаведнага Мясцовага Савета.

Брэсцкая абласная арганізацыя БСДП (Г) падала скаргу ў Брэсцкую абласную выбарчую камісію па факту адмовы ў рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты А.Р. Каўтуна. А. Каўтун з’яўляецца студэнтам Гданьскага універсітэта дзеннага адзялення. На думку камісіі месцам яго жыхарства з’яўляецца г. Гданьск (Польшча). 

Адной з асноўных падставаў для адмовы ў рэгістрацыі з’яўляецца наяўнасць несапраўдных подпісаў выбаршчыкаў пры вылучэнні ініцыятыўнымі групамі грамадзянаў шляхам збору подпісаў.

На такой падставе неабгрунтавана было адмоўлена сябру Партыі БНф Уладзіміру Целяпуну (г. Мазыр, Гомельская вобл.). Сакратаром Мазырскай раённай выбарчай камісіі №65  былі прад’яўленыя два падпісныя лісты члена ініцыятыўнай групы, у гэтых падпісных лістах у графе месца жыхарства не была запісаная назва горада – г. Мазыр. Вул. Палеская, магчыма, можа быць і ў іншых гарадах з гэтымі ж нумарамі і аднолькавымі прозвішчамі грамадзянаў.

Аднак, у адпаведнасці з арт. 61, ч. 15 “калі ў падпісным лісце, паступіўшым у раённую камісію, ўтрымліваюцца подпісы выбаршчыкоў, пражываючых на тэрыторыі розных раёнаў, гарадоў абласнога падпарадкавання, раёнаў у горадзе, праверцы і ўліку падлегаюць толькі подпісы, сабраныя на тэрыторыі таго раёна, горада, раёна ў горадзе, дзе ўтворана камісія, ў якую здадзены гэты падпісны ліст. Астатнія подпісы не правяраюцца і не ўлічваюцца”. Такім чынам камісія павінная была неўлічваць гэтыя подпісы, а не прызнаваць іх несапраўднымі, што і паўплывала на рашэнне аб адмове ў рэгістрацыі.

 

Высновы:

1. У цэлым рэгістрацыя ініцыятыўных групаў, а затым кандыдатаў у дэпутаты прайшлі больш дэмакратычна і празрыста ў параўнанні з папярэднімі выбарчымі кампаніямі.

2. Назіральнікамі фіксаваўся ціск з боку дзяржаўных органаў улады, дзяржаўных прадпрыемстваў і ўстановаў на сябраў ініцыятыўных групаў па вылучэнні кандыдатамі ў дэпутаты прадстаўнікоў дэмакратычных партыяў і арганізацыяў, а таксама на прэтэндэнтаў у кандыдаты з мэтай іх адмовы ад удзелу ў выбарчай кампаніі. Фіксаваліся недапушчальныя факты палітычна матываваных звальненняў з працы, як напрыклад звальнення кандыдата ад ПБНФ у г. Маладэчна Тацяны Балабанскай.

3. Назіральнікамі фіксаваліся факты закрытасці выбарчага працэсу, калі праверка дакумантаў па рэгістарцыі кандыдтаў у дэпутаты праходзіла закрыта і непразрыста. 

4. Дзяржаўныя СМІ фактычна не асветлялі этап вылучэння і рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства