Пінск: Участковыя выбаркамы сфармавалі паводле прынцыпу “нікога не ўключылі, каб нікога не пакрыўдзіць”
10 сакавіка ў Пінску адбылося паседжанне тэрытарыяльнай гарадской выбарчай камісіі па фармаванні ўчастковых камісій. У выніку ў іх склад не ўключылі ніводнага прадстаўніка ад палітычных партый.
На паседжанні прысутнічаў старшыня Пінскай гарадской Рады партыі БНФ Алесь Рамановіч. Калі ён запытаўся, чаму не ўключылі прадстаўнікоў Партыі БНФ у склад участковых камісій, старшыня камісіі Берасцень І.М. адказаў, што было вельмі шмат вылучэнцаў ад палітычных партый і, каб нікога не пакрыўдзіць, нікога з прадстаўнікоў палітычных партый не ўключылі.
Старшыня Пінскай гарадской Рады партыі БНФ Алесь Рамановіч вылучаецца кандыдатам ад партыі ў гарадскі Савет дэпутатаў па Аэрафлоцкай выбарчай акрузе № 16 г. Пінска. На гэтай акрузе два выбарчыя ўчасткі, таму ад Партыі БНФ вылучаліся два прадстаўніка ва ўчастковыя камісіі.
Алесь Рамановіч працягвае ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі. Але ён сцвярджае, што ў любы момант можа зняць сваю кандыдатуру, таму што падобная сітуацыя паказвае бессэнсоўнасць выбараў.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”