viasna on patreon

В.Стэфановіч: “Выбары ў Беларусі заўжды суправаджаюцца рэпрэсіямі і пераследам”

2010 2010-03-05T16:02:25+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/valiancin_stefanovich.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабаронца Валянцін Стэфановіч

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч

Апошнім часам улады на ўсіх узроўнях узмацнілі ціск на прадстаўнікоў дэмакратычных сіл і сяброў ініцыятыўных груп па збору подпісаў за кандыдатаў у дэпутаты.

Агульны фон, на якім адбываюцца сёлетнія выбары, увогуле не надта спрыяльны для недзяржаўных структур, і такія складаныя ўмовы ўдзелу ў выбарчым працэсе былі прадказальнымі, лічыць юрыст Праваабарончага цэнтра “Вясна” Валянцін Стэфановіч.

– Кожныя выбары ў нашай краіне суправаджаюцца рэпрэсіямі і пераследам у большай ці меншай ступені ў залежнасці ад узроўню выбараў, – адзначыў юрыст. – На жаль, так ужо склалася, што менавіта мясцовыя выканаўчыя ўлады фактычна арганізоўваюць і праводзяць выбарчы працэс, а не выбарчыя камісіі, бо непасрэдна ўлады адказваюць за фармаванне камісій розных узроўняў.

Уціск мясцовых сілавых структур і органаў улады на незалежных кандыдатаў і членаў іх ініцыятыўных груп, на думку Валянціна Стэфановіча, звязаны з імкненнем пазбегнуць складанай сітуацыі ў будучым. Калі нехта з дэмакратычных кандыдатаў пераможа на выбарах і ўвойдзе ў склад таго ці іншага Савета, у мясцовых уладаў будуць адпаведныя праблемы, вырашаць якія прыйдзецца ўжо не Цэнтральнай камісіі, а на месцах.

– Сама Цэнтральная выбарчая камісія працуе няблага, – зазначыў Валянцін Стэфановіч. – Але той уціск, што адбываецца зараз, не спрыяе правядзенню свабодных выбараў. Калі не прымаць да ўвагі выпадкі пераследу людзей і выклікаў іх у падаткавыя ці следчыя органы, па лічбавым эквіваленце гэты выбарчы працэс значна лепшы, чым пад час мінулых выбараў – працэнт адмоў у рэгістрацыі ініцыятыўных груп зараз мізэрны. Гэта сведчыць пра тое, што ёсць намаганні надаць дэмакратычны выгляд выбарчай кампаніі. Але ўсё, што адбываецца на мясцовым узроўні, псуе карціну, якую б хацелася стварыць уладам.

Юрыст “Вясны” упэўнены, што трэба адсочваць працэс фармавання ўчастковых камісій, бо гэта вельмі важны і прынцыповы этап выбараў. Па тым, колькі месцаў прадстаўнікі дэмакратычных партый змогуць атрымаць у складзе ўчастковых камісій, можна будзе казаць, наколькі змянілася практыка правядзення выбараў, і ці спрыяе выбарчы кодэкс больш шырокай рэпрэзентацыі ўсіх палітычных суб’ектаў, а не толькі праўладных асоб ці арганізацый.

– Мы чакаем датэрміновага галасавання, – дадаў Валянцін Стэфановіч. – Цікава, як гэта будзе адбываццца, асабліва ў сувязі з тым, што зняты парог яўкі; як зараз будуць выкарыстаны тыя механізмы, якія ўжываліся для прымусу да датэрміновага галасавання некаторых катэгорыяў выбаршчыкаў. Не менш важны этап – падлік галасоў. Гэтая сфера засталася нязменнай і вельмі важна будзе адсачыць, ці мелі магчымасць назіральнікі сапраўды бачыць, як адбываўся падлік.

Паколькі ніякія міжнародныя місіі на гэтых выбарах, акрамя амбасадаў, акрэдытаваных у Беларусі, не ажыццяўляюць назірання за арганізацыяй выбараў, вельмі важна аналізаваць інфармацыю, якую збіраюць праваабарончыя арганізацыі, што праводзяць кампанію “Праваабаронцы за свабодныя выбары”. Пасля сканчэння рэгістрацыі з’явіцца аналітычны матэрыял на гэтую тэму і будуць зроблены прамежкавыя высновы, адзначыў юрыст “Вясны”.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства