viasna on patreon

Вернікі “Новага жыцьця” зьвяртаюцца ў Вярхоўны суд

2010 2010-03-05T09:04:14+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/novaje_zhyccio.jpg

Вернікі менскай пратэстанцкай царквы “Новае жыцьцё” абскарджваюць рашэньне Маскоўскага райсуду сталіцы ў Вярхоўным судзе Беларусі. Царква аспрэчвае рашэньне суду, паводле якога яна мусіць заплаціць больш за 100 000 даляраў штрафу за нанясеньне ўрону навакольнаму асяродзьдзю – у глебе каля будынку нібыта знайшлі нафтапрадукты.

Юрыст царквы “Новае жыцьцё” Сяргей Луканін паведаміў, што вернікі не спадзяюцца на адмену судовага рашэньня, але вырашылі фармальна прайсьці ўсе інстанцыі, каб зьвярнуцца ў міжнародныя структуры.
Справу супраць вернікаў 24 і 25 лютага разглядала судзьдзя Алена Шылько. Сяргей Луканін казаў, што пробы глебы ля царквы супрацоўнікі Менгарвыканкаму бралі бязь сьведак. Таму ў вернікаў няма ўпэўненасьці, што пробы бралі менавіта каля іх будынку.
Тым больш, што да таго, як вернікі набылі будынак і расчысьцілі тэрыторыю вакол яго, там была гарадзкая звалка, у тым ліку старых аўтамабіляў.
Сяргей Луканін зьвярнуў увагу суду на тое, што камітэт аховы прыроды падпарадкоўваецца Менгарвыканкаму, а менавіта ён у 2005 годзе пазбавіў вернікаў спачатку зямельнага надзелу, а потым і будынку (былога калгаснага кароўніка), які зьяўляецца храмам «Новага жыцьця». Цяпер гэта ўласнасьць гарадзкіх уладаў. Справа часу, калі туды дашлюць спэцназ для захопу будынку, які вернікі добраахвотна аддаваць ня будуць.
Днямі вернікі пратэстанцкай суполка накіравалі ліст на імя Аляксандра Лукашэнкі, у якім заявілі што штраф на агульную суму 271 мільён 548 тысяч 725 рублёў зьяўляецца эканамічнымі санкцыямі супраць суполкі.
Вернікі прапанавалі стварыць адмысловую камісію дзеля вырашэньня канфлікту паміж царквой “Новае жыцьцё” і ўладамі Менску з удзелам прадстаўніка кіраўніка краіны, беларускага офісу АБСЭ, кіраўнікоў пратэстанцкіх канфэсій і праваабарончых арганізацый.
Сяргей Луканін даведаўшыся, што журналістам у адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі нядаўна адказалі, што ніколі не атрымлівалі лістоў ад вернікаў “Новага жыцьця”, выказаў абурэньне:

 “Гэта нас вельмі абурае, бо гэта няпраўда. Цягам пяці гадоў мы даслалі 3 лісты ў адміністрацыю прэзыдэнта, гэта чацьвёрты ліст. На сваім сайце мы разьмясьцілі фотакопію паштовай квітанцыі, згодна зь якой ліст мы даслалі 1 сакавіка.
Мы прынялі рашэньне прайсьці да канца ўсе судовыя ўстановы, каб потым зьвяртацца ў міжнародныя структуры”.
Тым часам у царкве працягваецца дзяжурства, як і ў 2007 годзе, калі была высокая верагоднасьць захопу будынку міліцыяй. Але гэта не замінае ладзіць набажэнствы і вучыць дзяцей ў нядзельнай школе.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства