viasna on patreon

Праблема палітычна матываваных зьнікненьняў. 2009 год

2010 2010-02-26T10:06:49+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У 2009 годзе споўнілася 10 гадоў з часу гвалтоўнага зьнікненьня вядомых палітычных дзеячаў  Юрыя Захаранкі (экс-міністр унутраных справаў, выкрадзены 7 траўня 1999 году), Віктара Ганчара (віцэ-прэм’ер, віцэ-спікер Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, выкрадзены 16 верасьня 1999 году), бізнэсмена Анатоля Красоўскага (выкрадзены 16 верасьня 1999 году разам з В. Ганчаром) і 9 гадоў з часу зьнікненьня журналіста Дзьмітрыя Завадзкага (аператар ОРТ, выкрадзены 7 ліпеня 2000 году). За гэты час лёс вядомых людзей так і застаўся нявысьветленым, не былі выяўленыя і пакараныя асобы, датычныя да арганізацыі і зьдзяйсьнення дадзеных злачынстваў.

 

Афіцыйнае расьсьледваньне справы аб зьнікненьні Дзьмітрыя Завадскага было прыпыненае яшчэ 31 сакавіка 2006 году “ў сувязі з неўстанаўленьнем бясьсьледна зьніклай асобы” і з тых часоў не ўзнаўлялася. Апошняе афіцыйнае паведамленьне пра стан справы па пошуку журналіста было атрымана маці Дзьмітрыя Завадзкага Вольгай Рыгораўнай у лістападзе 2007 году. Пракурор аддзелу па наглядзе за сьледзтвам у органах пракуратуры А.В. Сыцько паведаміў, што “працягваецца аператыўная праца па ўстанаўленьні месцазнаходжаньня Завадзкага Дз.А. ці ягонага цела; асобаў, якія ўчынілі злачынаства. У выпадку атрыманьня станоўчай інфармацыі вытворчасьць па крымінальнай справе будзе неадкладна ўзноўленая”. Па-ранейшаму не было дадзенае тлумачэньне адносна таго, якіх асобаў меў на ўвазе пракурор А.В. Сыцько, паколькі па абвінавачаньні ў выкраданьні Дз. Завадзкага і ўчыненьні шэрагу іншых злачынстваў яшчэ ў 2002 годзе да розных тэрмінаў пазбаўленьня волі былі асуджаныя члены так званай “банды Ігнатовіча” – былога супрацоўніка сьпецпадразьдзяленьня “Алмаз” (у тым ліку В. Ігнатовіч і М. Малік – да пажыцьцёвага зьняволеньня).

Сьледзтва па справах аб зьнікненьні Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага афіцыйна працягвалася, пра што кожныя тры месяцы пракуратурай гораду Менску родным зьніклых і прадстаўніку сям’і Ю. Захаранкі дасылаліся адпаведныя паведамленьні. Аднак акрамя таго, што сьледзтва працягнутае і пра вынікі расьсьледваньня будзе паведамлена дадаткова, ніякай інфармацыі не прадстаўлялася, хаця родныя неаднойчы зьвярталіся ў сьледчыя органы з просьбай аб гэтым. Так, Зінаіда Ганчар, жонка зьніклага Віктара Ганчара, у канцы 2008 году даведалася пра зьмену сьледчага па справе мужа (ім стаў сьледчы па найважнейшых справах пракуратуры Менску, малодшы дарадца юстыцыі Юрый Вараўка) і 12 студзеня зьвярнулася да яго з просьбай аб сустрэчы, паколькі яна як пацярпелая мае права на атрыманне зьвестак пра прыняцце рашэнняў, якія закранаюць яе правы і інтарэсы, а таксама атрымліваць копіі гэтых рашэнняў. У тэлефоннай размове Ю. Вараўка сказаў, што не бачыць падставаў для сустрэчы і прапанаваў накіраваць па гэтым пытаньні пісьмовае хадайніцтва. Адпаведнае хадайніцтва было накіравана ў пракуратуру г.Менска, у якім утрымлівалася просьба да новага следчага пра выдачу Зінаідзе Ганчар “на падставе п.14 арт. 50 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь пастановаў пра аднаўленьне і падаўжэньне тэрміна папярэдняга расьсьледаваньня, вынесеных сьледчымі ў перыяд папярэдняга расьсьледаваньня па крымінальнай справе па факце зьнікнення Ганчара В.І.”. У задавальненьні пісьмовага хадайніцтва таксама было адмоўлена – сьледчы па справе не пажадаў сустрэцца з Зінаідай Ганчар і даць адказы на хвалюючыя яе пытаньні. Трэба адзначыць, што гэта стала нязьменнай традыцыяй сьледчых органаў: папярэдні сьледчы Сяргей Кухаронак таксама не задаволіў ніводнага хадайніцтва, хаця яму неаднаразова дасылаліся адпаведныя запыты з тым, каб пры асабістай сустрэчы даведацца інфармацыю пра папярэднія вынікі расьсьледаваньня.

Адсутнасць інфармацыі, фармальныя адпіскі, а таксама поўнае ігнараваньне хадайніцтваў аб прадастаўленьні зьвестак пра ход справаў на працягу многіх гадоў вымушала родных зьніклых зьвяртацца асабіста да Генеральнага пракурора Беларусі Рыгора Васілевіча.

6 лютага Генпракурору быў перададзены ліст ад жонкі Юрыя Захаранкі Вольгі з просьбай асабіста адказаць на пытаньні адносна ходу расьследваньня справы аб зьнікненьні яе мужа. “За час працы на пасадзе Генеральнага пракурора Вы не прынялі мераў, каб хоць неяк разьвеяць слухі, што да зьнікненьня майго мужа датычныя вышэйшыя службовыя асобы нашай дзяржавы. Кожныя тры месяцы я атрымліваю адказы, што сьледзтва ідзе, і па завяршэньні сьледзтва я буду праінфармаваная пра ход расьсьледваньня. Дзесяць гадоў я атрымліваю адну і тую ж адпіску”, -- адзначыла ў сваім звароце Вольга Захаранка. Яна таксама прасіла Генпракурора адказаць: хто з супрацоўнікаў сьпецслужбаў адпрацоўваўся на прадмет датычнасьці да зьнікненьня Юрыя Захаранкі; супрацоўнікі якіх падразьдзяленьняў падазраваліся ў гвалтоўным выкраданьні яе мужа; ці былі дапытаныя ў якасьці падазраваных Віктар Шэйман (1995-2000 гг. - дзяржсакратар Савету бясьпекі – рэд.), Юрый Сівакоў (1999-2000 гг. - міністр унутраных справаў – рэд.) , Уладзімір Навумаў (1999-2000 – начальнік службы бясьпекі прэзідэнта – рэд.) і Дзьмітрый Паўлічэнка (палкоўнік, у 1999 годзе - камандзір сьпецыяльнага атраду хуткага рэагаваньня – рэд.). Адказаў на канкрэтна сфармуляваныя пытаньні В. Захаранка так і не атрымала, зноўку з пракуратуры ёй была дасланая фармальная адпіска.

У жніўні зварот да Генпракурора Рыгора Васілевіча накіравалі жонка В. Ганчара, маці Дз. Завадзкага і Ю. Захаранкі, дзе адзначылі: “Дзесяць гадоў ведамства, якое Вы ўзначальваеце, вядзе расследаванне таго, што адбылося з нашымі мужамі і сынамі. Увесь гэты час органы расследавання і пракуроры па наглядзе дэманстравалі сваю няздольнасць эфектыўна расследаваць гэтыя злачынствы. Бяздзейнасць улад, магчымая некампетэнтнасць следчых органаў працягваюць трымаць нас у невядомасці адносна лёсаў блізкіх нам людзей, што наносіць нам вялікія маральныя і фізічныя пакуты. Тэрміны па справах шматразова працягваюцца без якіх-небудзь канкрэтных вынікаў. Улады яўна цягнуць час. У бліжэйшы час гэта прывядзе да таго, што справы будуць спынены ў сувязі з заканчэннем тэрмінаў даўнасці прыцягнення вінаватых да крымінальнай адказнасці. Мы хочам ведаць, якія вынікі расследавання, якое цягнецца ўжо дзесяць гадоў. Мы настойваем і патрабуем азнаёміць нас з працэсуальнымі дакументамі, у якіх адлюстраваны вынікі расследавання спраў з прававымі ацэнкамі і высновамі, указанымі ў іх. Мы патрабуем, каб цягам бліжэйшага месяца -- да 16 верасня -- Вы зрабілі публічную справаздачу аб выніках расследавання. Вы можаце выбраць любую зручную для Вас форму (напрыклад, асабістую сустрэчу, інтэрв'ю беларускім СМІ і гэтак далей), аднак хаваць ад нас праўду, прыкрываючыся разнастайнымі фармальнымі адгаворкамі і адпіскамі, недазваляльна. Калі беларускія праваахоўныя органы не ў сілах расследаваць гэтыя злачынствы, мы гатовы дапамагчы ў прыцягненні да расследавання спецыялістаў з іншых краін. Мы хочам, каб былі пакараны вінаватыя ў гэтых злачынствах”. Аднак і на гэты зварот Генпракуратура адрэагавала адпіскай: ён быў перанакіраваны ў пракуратуру Менску, адкуль па-ранейшаму працягвалі прыходзіць толькі фармальныя паведамленьні аб працягненьні сьледзтва. 

Такім чынам, супрацоўнікі пракуратуры ўсіх узроўняў па-ранейшаму займалі пазіцыю відавочнага зацягваньня і імітацыі сьледчых дзеяньняў, замоўчваньня інфармацыі пра ход расьсьледваньня і ігнараваньня законных патрабаваньняў пацярпелых. За 2009 год не з’явілася ніводнага фактару, які б сьведчыў пра імкненьне пракуратуры да правядзеньня аб’ектыўнага расьсьледваньня, выяўленьня і далейшага прыцягненьня да адказнасьці асобаў, датычных да дадзеных злачынстваў. Пры гэтым адсутнасьць вынікаў шматгадовай працы сьледчых пракуратуры па справах зьнікненьня вядомых у Беларусі людзей толькі ўмацоўвала ў меркаваньні, што афіцыйнае расьсьледваньне ў поўным аб’ёме не вядзецца, паколькі прафесійная дзейнасьць сьледчых блакуецца вышэйшымі службовымі асобамі Беларусі. Безвыніковасьць афіцыйнага расьсьледваньня таксама падмацоўвала версію аб датычнасьці да дадзеных злачынстваў асобаў, якія займалі або займаюць высокія дзяржаўныя пасады. Нагадаем, беларуская і міжнародная дэмакратычная грамадзкасьць не выключае магчымасьці дачыненья да гвалтоўных выкраданьняў і пазасудовых пакараньняў былога дзяржсакратара Савету бясьпекі і Генеральнага пракурора Віктара Шэймана, экс-міністраў МУС Уладзіміра Навумава і Юрыя Сівакова, экс-камандзіра вайсковай часткі 3214 Дзмітрыя Паўлічэнкі. Пры тым, што шмат гадоў афіцыйнае сьледзтва ігнаруе гэтую інфармацыю, але яна і не абвяргаецца, а неабходныя крокі дзеля высьвятленьня яе праўдзівасьці не прадпрымаюцца. 

У той час, як прадстаўнікі афіцыйнага сьледзтва цалкам ухіляліся ад каментароў па справах аб зьнікненьні вядомых у Беларусі людзей, Аляксандр Лукашэнка як ніколі раней удзяліў гэтай праблеме шмат увагі. У інтэрв’ю расійскай газеце “Завтра” (№24 (812) ад 10 чэрвеня 2009 г.), А. Лукашэнка заявіў, што “шмат прычынаў і палітычных, і псіхалагічных, і сацыяльных, якія перашкаджаюць нашаму Саюзу. Аднак усё гэта падаецца пад соўсам таго, што нібыта ў Беларусі не хапае дэмакратыі, Лукашэнка – дыктатар, у Беларусі бясьсьледна зьнікаюць людзі. Загінулі тры чалавекі, а СМІ круцяць гэта да гэтага часу. Лукашэнка іх забіў як праціўнікаў рэжыму. На самой справе, у двух выпадках – гэта забойствы на камерцыйнай глебе, -- абяцалі купіць, прадаць, не стрымалі абяцаньне і былі забітыя, як гэта адбываецца ў напаўбандыцкім асяродку. Сьлед забойцаў нядаўна выяўлены ў Германіі” (незразумела, каго са зьніклых меў на ўвазе А. Лукашэнка – рэд.). Такім чынам, кіраўнік дзяржавы, не з’яўляючыся органам, які вядзе крымінальны працэс, або органам, якому прадастаўлена права ажыцьцяўляць нагляд і кантроль за вядзеньнем крымінальнага працэсу, выявіў дасьведчанасьць у выніках расьсьледаваньня і публічна заявіў пра іх. Пры гэтым ні родныя, ні іх адвакаты не валодаюць ніякай інфармацыяй пра ход расследавання  і  іх не дапускаюць да азнаямленьня з тымі дакументамі, выдача якіх па запатрабаваньні пацярпелых прадугледжаная нацыянальным заканадаўствам. Таму для іх стала поўнай нечаканасцю з’яўленне інфармацыі пра нібыта ўжо раскрытае злачынства і даказанасьць факту забойства іх блізкіх. Паколькі на нацыянальным узроўні высьветліць праўдзівасьць выкладзенай прэзідэнтам краіны інфармацыі аказалася немагчымым, жонка Віктара Ганчара Зінаіда, якая ўспрыняла агучаную інфармацыю як датычную яе мужа, накіравала зварот да сакратара Працоўнай групы па гвалтоўных знікненнях ААН Джаваны Цукелі, у якім папрасіла зрабіць запыт да ўраду Беларусі наконт інфармацыі, пададзенай А. Лукашэнкам. Ці быў такі запыт зроблены Працоўнай групай і якія яго вынікі – да канца году так і заставалася невядомым.

У гэтым жа інтэрв’ю А. Лукашэнка даў тлумачэньне і прычынаў зьнікненьня журналіста Дзьмітрыя Завадзкага, адзначыўшы: “Або Дзьмітрый Завадзкі з Першага канала. Які ён мне супернік, чалавек з сярэдняй адукацыяй. Чаму я павінен быў яго знішчыць? Вы хочаце ведаць аб гэтым праўду? Была ваенізаваная група ў Беларусі, узначаленая нейкім Ігнатовічам, вельмі падрыхтаваныя рабяты са сьпецназу СССР. Яны паехалі ў Чачню падчас вайны і ваявалі на баку Масквы. Паваявалі і вярнуліся дадому. Прыязджаюць да іх Шарамет (журналіст ОРТ, калега і сябра Дз. Завадзкага – рэд.) і Завадскі здымаць сюжэт для расійскага тэлебачаньня. У гэтым сюжэце было сказана, што вось гэтыя беларускія грамадзяне ваююць на баку чачэнскіх сепаратыстаў супраць федэральных войскаў. Узялі інтэрв’ю ў гэтага Ігнатовіча, а потым сказалі, што ён ваяваў супраць рускіх. Шарамет выкруціўся, а Завадскага злавілі. Пачалі з мужчынскіх разборак: “Навошта жа ты нас абгаварыў”? І забілі Завадскага. Ігнатовіч атрымаў пажыцьцёвае зьняволеньне і знаходзіцца ў нашай калоніі. Загінуў аператар, а гэты правакатар Шарамет сядзіць у Маскве і піша ўсякія гадасьці аб Беларусі”. Варта адзначыць, што А.Лукашэнка назваў В.Ігнатовіча і яго банду “вельмі падрыхтаванымі рабятамі са сьпецназу СССР”, тым самым дыстацуючыся ад іх. На самой справе В.Ігнатовіч з’яўляўся афіцэрам сьпецпадразьдзяленьня “Алмаз” пры беларускім МУС, і ў ягоную групу ўваходзілі яшчэ некалькі дзеючых і былых супрацоўнікаў “Алмаза” і іншых беларускіх спецпадразьдзяленьняў. Таксама зьвяртае ўвагу і той факт, што А. Лукашэнка выказаў упэўненасьць у тым, што Дз. Завадзкі быў забіты, хаця В. Ігнатовіч і ягоныя паплечнікі былі асуджаныя па абвінавачаньні ў выкраданьні, а не забойстве журналіста, а аператыўная праца па ўстанаўленьні месцазнаходжаньня журналіста ці ягонага цела працягваецца і да гэтага часу. Пры гэтым выкладзенымі кіраўніком дзяржавы дадатковымі зьвесткамі, якія б маглі праліць сьвятло на лёсы зьніклых людзей, адпаведныя сьледчыя органы не зацікавіліся.

Пасьля з’яўленьня інтэрв’ю А. Лукашэнкі з указаньнем на “нямецкі сьлед” у справах аб зьнікненьнях, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька накіраваў у канцэлярыю канцлера ФРГ Ангелы Меркель зварот, у якім прасіў даць адказ на два пытаньні: ці вядома праваахоўным органам Германіі, што мяркуемыя забойцы Ганчара і Захаранкі знаходзяцца на тэрыторыі краіны і ці зьвярталіся беларускія ўлады да ўладаў ФРГ з просьбай выдаць какосьці як магчымых удзельнікаў ці арганізатараў забойстваў гэтых людзей. Вядома, што з канцэлярыі А. Меркель запыт быў перададзены ў МУС Германіі, адкуль быў атрыманы адназначны адказ, што такія асобы на тэрыторыі краіны не знаходзіліся, а таксама ніякіх афіцыйных запытаў з боку беларускіх уладаў па такіх асобах у МУС ФРГ не паступала. Такім чынам, агучаная А. Лукашэнкам версія пра крымінальны “нямецкі сьлед” у зьнікненьнях і магчымых забойствах беларускіх палітыкаў была абвергнутая нямецкімі ўладамі.

Наступны раз шырокую трактоўку свайго бачаньня праблемы зьніклых А. Лукашэнка агучыў перад журналістамі падчас свайго працоўнага візіту ў Літву. Візіт адбыўся 16 верасьня, якраз у дзесятую гадавіну выкраданьня Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага, і афіцыйнай прычынай яго была стала адкрыцьцё літоўска-беларускага форуму “Беларусь і дзяржавы Балтыйскага мора: новыя магчымасьці для пашырэньня супрацоўніцтва”. Трэба адзначыць, што гэта быў першы візіт А. Лукашэнкі па запрашэньні краіны Еўрасаюзу пасьля многіх гадоў палітычнай ізаляцыі. А. Лукашэнка, бясспэчна, ведаў, што журналісты будуць задаваць яму пытаньні, датычныя гучных справаў аб зьнікненьнях, таму спрабаваў спачатку перавесьці размову ў рэчышча звычайных зьнікненьняў. Ён добра падрыхтаваўся і агучыў наступныя лічбы: “Вось ведаючы тое, што вы такія дэмакраты ў нас, я запытаў вось такую інфармацыю. Колькасьць зьніклых без вестак у Беларусі – 2289 чалавек з 1991 году. (…) За восем месяцаў гэтага году знойдзена 718 чалавек. У год у росшук у нас абвяшчаецца 1600 чалавек. За год знаходзіцца 900 чалавек, гэта значыць, меней, на жаль”. Аднак усё ж кіраўніку дзяржавы прыйшлося адказаць на вострыя пытаньні літоўскіх СМІ, і ім была была агучаная наступная трактоўка праблемы (цытуем “Lietuvos Rytas”): “Вы іх называеце высокапастаўленымі палітыкамі. Я так не лічу. Гэта што, па пасадзе: дык яны ніякія пасады не займалі. Яны былі ў маім урадзе. І Віктар Ганчар займаў пасаду віцэ-прэм’ера, потым махнуў рукой і сышоў. Не ведаю, праўда, пры чым тут, як вы сказалі, Красоўскі? Красоўскі ніякім пастаўленым не быў. Дзіма Завадзкі – гэта аператар, які са мной працаваў. Я не разумею зусім, якія ён мае адносіны да палітыкі. (…)  Захаранка, былы міністр. У гэтага Захаранкі быў бізнэс з Українай. Вы вось гэтае пытаньне вывучыце, калі вам цікава. Камусьці запазычаў, папярэджвалі яго, глядзі, будзь больш уважлівым. Не я папярэджваў, а людзі, з якімі ён у МУС працаваў. Не, у мяне бізнэс! Запазычыў мільёны. Мы гэтую версію разглядаем. Мы ні адну з версій не адкідаем. І самае галоўна, вам, верагодна, гэта вядома, у адной з краінаў мы кагосьці пабачылі. І хутка далі запыт – дайце інфармацыю. Вось ён у нас зьніклы, а там ходзіць. Фотаздымкі былі і артыкулы ў газетах, у іх, не ў нас. Да гэтага часу нам інфармацыю не прадставілі. Разумееце, і цэлы кангламерат пытаньняў. І самае галоўнае, што ні родныя, ні блізкія не спрабуюць аказаць падтрымку, каб устанавіць ісьціну. Усё палітызавана. (…) Усё гэта выкарыстоўваецца мэтанакіравана – супраць Лукашэнкі.(…) І, дарэчы, яны не былі апазіцыянерамі. (…) Віктар Ганчар? Ну які ён быў апазіцыянер!? Хто грошай заплаціць, на таго і працаваў, ну што вы кажаце. Ну я Віктара ведаю лепш, чым вы. І далей, прад’яўленьне прэтэнзіяў з боку родных: дзе мой муж, дзе мой сын і гэтак далей. Гэта я, перш за ўсё, павінен спытаць у сям’і, дзе ваш муж, дзе ваш сын? Чаму вы не глядзелі, калі ён не быў зьніклым? Чаму ўвагі не зьвярталі? Як яго не стала, гэта стала палітыкай і заробкам для іх. Мы гэта таксама добра ведаем. Таму не трэба на гэтым рабіць палітыку. Таму не трэба на людзкім горы будаваць палітыку супраць Лукашэнкі, супраць краіны. Не трэба, гэта выгады не прынясе. Паверце, перад вамі сядзіць чалавек больш-менш дасьведчаны ў тым, што адбываецца сёньня вакол гэтага працэсу. Я не буду канкрэтызаваць, але я ведаю вельмі добра, што адбываецца. (…) Вы хочаце ведаць, на якім узроўні гэты працэс? Калі ласка, да Генеральнага пракурора – ён у нас гэтай справай займаецца. Гэтае пытаньне знаходзіцца на кантролі ў прэзідэнта, яны мне рэгулярна дакладаюць, што зроблена за апошні час, як і па многіх іншых важных пытаньнях, калі яго палітызавана”. А. Лукашэнка выступіў таксама ў абарону беларускіх службоўцаў, якія падазраюцца беларускай і міжнароднай супольнасьцю ў датычнасьці да арганізацыі зьдзяйсьненьня выкраданьняў: “Чаму вы без суда залічылі кагосьці ў злачынцы? Вы прадстаўнік дэмакратычнага грамадзтва, таму павінны разумець, што злачынца – гэта тады, калі суд прыняў рашэньне. Ні ваш суд, ні наш, а гэта павінен быць наш суд, не прымаў такога рашэньня”.

Вялікая цікавасьць да візіту А. Лукашэнкі, і да праблемы зьнікненьня людзей у Беларусі ў прыватнасьці, была выклікана рознымі фактарамі, сярод якіх – зварот родных В. Ганчара, Ю. Захаранкі і Дз. Завадзкага асабіста да прэзідэнта Літвы Далі Грыбаўскайтэ з просьбай не дапусьціць гэтага візіту. “Візіт Лукашэнкі, з нашага пункту погляду, будзе азначаць адно – прызнаньне Літоўскай Рэспублікай легітымнасьці цяперашняга правячага рэжыму, які да гэтага часу падазраецца ў страшных злачынствах. (…) Нам, родных выкрадзеных, хочацца спадзявацца, што Вы, спадарыня Прэзідэнт, у стане зразумець нашы пачуцьці. Для нас выкрадзеныя правячым рэжымам – не проста палітыкі, а родныя людзі, -- таму мы вымушаныя стукацца ва ўсе інстанцыі ў надзеі, што нас пачуюць, хоць нешта зробяць для таго, каб нашыя сем’і змаглі даведацца праўду пра лёс нашых любімых і блізкіх. Лічым, што ў праблеме палітычных выкраданьняў у Беларусі існуе вялікі маральны, чалавечы асьпект”. Таксама Зінаіда Ганчар і Вольга Завадзкая напярэдадні візіту А. Лукашэнкі ў Вільню правялі прэс-канферэнцыю ў Сейме Літвы, якая выклікала вялікі інтарэс у літоўскай прэсы. Падчас сустрэчы з журналістамі родныя зьніклых выказалі пратэст у сувязі з запрашэньнем А. Лукашэнкі літоўскімі ўладамі. “Мы да гэтага часу не ведаем, чым абумоўлены гэты візіт. Ніводнае патрабаваньне Еўрасаюзу беларускімі ўладамі не выканана. Нам не зразумелая пазіцыя Еўрасаюза і для нас, родных выкрадзеных апазіцыянераў, усё гэта зьневажальна”, -- адзначыла З. Ганчар. Аднак, нягледзячы ні на што, візіт А. Лукашэнкі адбыўся, і падчас яго прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ сустрэлася з беларускім лідэрам, абазначыўшы такім чынам намер праводзіць далейшае супрацоўніцтва з беларускімі ўладамі. Дарэчы, на зварот родных зьніклых палітыкаў з Адміністрацыі прэзідэнта Літвы ніякай рэакцыі не пасьледавала.

Відавочна, што візіт А. Лукашэнкі ў краіну ЕС і фактычнае зьняцьцё палітычнай ізаляцыі беларускага рэжыму былі ўзгодненыя кіраўніцтвам Літвы з Еўрапейскім Саюзам, які настойліва працягваў палітыку ўцягваньня беларускіх уладаў у дыялог. Пры гэтым ЕС фактычна адышоў ад сваіх ранейшых патрабаваньняў, сфармуляваных ў 2006 годзе ў дакуменце “Што Еўрасаюз можа даць Беларусі”, дзе адзначалася, што”дзеля  пабудовы глыбокіх адносінаў, якія мы хацелі  б мець паміж ЕС і народам Беларусі, дзеля спыненьня палітыкі самаізаляцыі, якую беларускі ўрад навязвае сваім грамадзянам, мы гаворым, што беларускім уладам патрэбна, па-першае, належным чынам і незалежна расьсьледаваць ці перагледзець выпадкі зьнікненьня людзей(…)”. На працягу году ў перамовах кіраўніцтва ЕС з уладамі Беларусі гэтае пытаньне публічна не ўздымалася, а праблема зьніклых не знайшла свайго гучаньня ў пераліку асноўных патрабаваньняў да ўладаў Беларусі дзеля вядзеньня далейшага перамоўнага працэсу і ўключэньня краіны ў праграмы ЕС. Аднак праблема гэта негалосна прысутнічала ў стасунках ЕС і Беларусі.

У сваю чаргу, беларускія ўлады пасылалі выразныя сігналы Захаду, працягваючы адхіленьне ад высокіх дзяржаўных пасадаў службоўцаў, з чыімі імёнамі зьвязваюцца выкраданьні і магчымыя пазасудовыя пакараньні Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Дзьмітрыя Завадзкага. 6 красавіка 2009 году прэзідэнт Беларусі прыняў адстаўку міністра ўнутраных справаў Уладзіміра Навумава: па афіцыйнай версіі міністр сам папрасіў вызваліць яго ад пасады па стану здароўя. За У. Навумавым засталася толькі грамадзкая пасада старшыні Федэрацыі хакею, аднак ужо ў сьнежні экс-міністр заявіў пра сыход і з Федэрацыі, хаця незадоўга да гэтага заяўляў пра намер заняцца падрыхтоўкай інфраструктуры Беларусі да чэмпіянату сьвету па хакеі 2014 году ў Менску. У хуткім часе стала вядома, што Уладзімір Навумаў пакідае Беларусь і працаўладкоўваецца ў Маскве ў адным з буйнейшых расійскіх банкаў “Зьнешторгбанк”. У сакавіку сышоў у адстаўку палкоўнік Дзьмітрый Паўлічэнка: прэс-служба ўнутраных войскаў паведаміла, што ён звольнены з вайсковай службы “па хваробе”. Апошняя пасада, якую займаў Дз. Паўлічэнка – намесьнік камандзіра корпуса аховы грамадзкага парадку ўнутраных войскаў МУС па баявой падрыхтоўцы (быў прызначаны ў лістападзе 2008 году), а да гэтага камандаваў сьпецыяльным атрадам хуткага рэагаваньня ўнутраных войскаў (в/ч 3214). Нагадаем, што першым з адыёзных асабоў дзяржпасаду пакінуў былы міністр унутраных справаў, а затым міністр спорту і турызму Юрый Сівакоў, які займаецца выкладаньнем у Акадэміі МУС. Затым у чэрвені 2008 году з пасады дзржсакратара Савету бясьпекі быў зьняты Віктар Шэйман: афіцыйнай прычынай адстаўкі называлася незабесьпячэньне належнага ўзроўню бясьпекі падчас сьвяткаваньня Дня Рэспублікі, у выніку чаго ў цэнтры Менску адбыўся выбух. Пасьля адстаўкі ў В. Шэймана заставалася пасада кіраўніка сумеснай беларуска-венесуэльскай камісіі высокага ўзроўню, на якую ён быў прызначаны прэзідэнтам яшчэ ў верасьні 2006 году, аднак у студзені стала вядома, што былы дзяржсакратар прызначаны памочнікам прэзідэнта, і ў ягоныя задачы ўваходзіць выкананьне асобых даручэньняў кіраўніка дзяржавы. Эксьперты не выключаюць, што А. Лукашэнка не палічыў магчымым парываць сувязі з чалавекам, які падчас знаходжаньня на дзяржпасадах выконваў кантралюючыя функцыі па шэрагу схаваных ад старонніх вачэй накірункаў дзейнасьці беларускіх уладаў.

Нягледзячы на відавочна кампрамісны варыянт стасункаў па праблеме зьніклых, абраны паміж Захадам і ўладамі Беларусі, родныя выкрадзеных працягвалі настойліва падымаць гэтую тэму на ўсіх узроўнях. 17 жніўня З. Ганчар, В. Завадзкая і У. Захаранка накіравалі звароты прэм’ер-міністру Швецыі, якая на той час старшынствавала ў Еўрапейскім Саюзе, канцлеру Германіі, у Парламенцкую асамблею Савету Еўропы, а таксама прэзідэнтам ЗША і Расіі, дзе адзначылі: “Мы вымушаны прасіць вас выкарыстаць усе магчымыя сродкі ўзьдзеяньня на беларускія ўлады, каб тыя выканалі абавязацельствы перад грамадзянамі сваёй краіны і міжнародныя абавязацельствы, узятыя на сябе Рэспублікай Беларусь па правядзеньні ўсебаковага і аб’ектыўнага расьсьледваньня зьнікненьняў нашых родных. (…) У выпадку адсутнасьці рэальных дзеяньняў па расьсьледваньні гучных справаў, просім вас ініцыяваць міжнароднае расьсьледваньне гэтых злачынстваў. (…) Беларускія афіцыйныя асобы ў розныя перыяды агучвалі версіі то пра расійскі, то пра нямецкі сьлед, то пра камерцыйны характар зьдзейсьненых злачынстваў. Аднак даўно зразумела, што ўсё гэта – толькі спроба адцянуць увагу ад сапраўдных прычынаў выкраданьня вядомых у Беларусі людзей”.

У сваю чаргу ЕС, займаючы даволі стрыманую пазіцыю і не абвастраючы дыялог з беларускімі ўладамі праблемай палітычна матываваных зьнікненьняў, заставаўся цьвёрдым у рашэньні абмежаваньня доступу на тэрыторыю краінаў Еўрапейскага Саюзу асобаў, якія падазраюцца ў датычнасьці да гэтых злачынстваў. Нагадаем, яшчэ 13 кастрычніка 2008 году міністры замежных справаў краінаў Еўрасаюзу прынялі рашэньне аб прыпыненьні на 6 месяцаў забароны на ўезд у краіны ЕС 36 вышэйшых службовых асобаў Беларусі, і толькі ў адносінах да 5 чалавек дадзеная санкцыя была захаваная, сярод іх -- Віктар Шэйман, Уладзімір Навумаў, Юрый Сівакоў, Дзьмітрый Паўлічэнка і старшыня ЦВК Лідзія Ярмошын (візавыя санкцыі адносна гэтых асобаў былі ўведзеныя ЕС у 2004 годзе). Праз вызначаныя 6 месяцаў, 16 сакавіка 2009 году, кіраўнікі МЗС краінаў ЕС працягнулі дадзеныя візавыя абмежаванні яшчэ на 9 месяцаў: для 36 чыноўнікаў яны былі зноўку прыпыненыя, для 5 тых жа асобаў уезд на тэрыторыю краінаў ЕС зноў быў забаронены. Тая ж сітуацыя паўтарылася ў лістападзе, калі дзеяньне санкцыяў было працягнута да кастрычніка 2010 году.

Тэма палітычных зьнікненьняў у Беларусі была ўпершыню закранутая прэзідэнтам Расіі Дзьмітрыем Мядзьведзевым. Падчас прэс-канферэнцыі для прадстаўнікоў беларускіх СМІ 23 лістапада ён заявіў, што Беларусь не зьвярталася да Расіі па дапамогу ў расьсьледваньні гучных злачынстваў, у тым ліку выкраданьня тэлеаператара расійскага канала ОРТ Дзьмітрыя Завадзкага (нагадаем, што асобы, прызнаныя вінаватымі ў выкраданьні журналіста, былі затрыманыя на тэрыторыі Расіі, а таксама яны ваявалі на расійскім баку падчас вайны ў Чачні). “Я не ведаю, якія звароты былі да таго, але ў маё прэзідэнцтва такіх зваротаў не было”, -- адзначыў Дз. Мядзьведзеў. Пры гэтым ён падкрэсьліў, што ўсе злачынствы, зьдзейсьненыя на тэрыторыі Беларусі, як і на тэрыторыі Расіі, “павінны быць расьсьледаваныя, пакуль у іх не будзе пастаўленая кропка, не знойдзеныя вінаватыя, не ўстаноўлена, што адбылося. Бясспэчна, і па дадзеных злачынствах павінна быць пастаўленая кропка”.  Родныя зьніклых выказалі гатоўнасьць падрыхтаваць такія звароты да расійскага кіраўніцтва, перш за ўсё каб аспрэчыць расійскі сьлед у выкраданьняых сваіх блізкіх.

На працягу году праблема палітычных зьнікненьняў заставалася ў цэнтры ўвагі беларускай дэмакратычнай супольнасьці. Кожны месяц 16 чысла (16 верасьня 1999 году былі выкарадзеныя Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі – рэд.) у розных гарадах Беларусі традыцыйна праводзіліся акцыі салідарнасьці з сем’ямі зьніклых і рэпрэсаванымі. У большасьці выпадкаў акцыі насілі несанкцыянаваны характар, паколькі ўлады не давалі дазволу на іх правядзеньне. Так, Брэсцкі гарвыканкам у пачатку траўня не задаволіў заяўку, пададзеную актывістамі мясцовай арганізацыі АГП, на правядзеньне пікету, прымеркаванага да 10 гадавіны зьнікненьня Юрыя Захаранкі. І хаця заяўка падавалася на вызначае гарвыканкамам месца для правядзеньня масавых мерапрыемстваў – стадыён “Лакаматыў”, пікетаваньне было забароненае. Матывіроўка адмовы: у гэты час на стадыёне будзе праходзіць футбольны турнір, пры гэтым, іншага месца і часу правядзеньня акацыі брэсцкія ўлады не прапанавалі. Пікетаваньне адбылося ў несанкцыянаваным парадку, і ў выніку быў затрыманы адзін з яго ўдзельнікаў Мікалай Коўш. У Менску ў 10-ю гадавіну выкраданьня Юрыя Захаранкі былі затрыманыя каля 30 чалавек: яны былі дастаўленыя ў РУУС Цэнтральнага раёну і падвергнутыя прымусовай дактыласкапіі, пасьля чаго адпушчаныя без складаньня пратаколаў. У Гомелі на пяцёх удзельнікаў аналагічнай акцыі былі складзеныя пратаколы адміністратыўнага правапарушэньня, і яны былі пакараныя арыштам (Уладзімір Кацора, як арганізатар несанкцыянаванага масавага мерапрыемства) і штрафамі ў 10 базавых велічыняў. Не была дазволеная Менгарывканкамам і заяўка на правядзеньне пікету на месцы выкраданьня Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага (перасячэньне вуліцы Фабрычная і завулка Рабочы ў Менску) у 10-ю гадавіну іх зьнікненьня, пададзеная сябрамі АГП. Калі ж актывісты 16 верасьня выйшлі з партрэтамі зьніклых на Кастрычніцкую плошчу, акцыя была вельмі жорстка падаўленая з ужываньнем сілы, каля 20 яе ўдзельнікаў затрыманыя і дастаўленыя ў аддзяленьне міліцыі – пратаколы правапарушэньняў зноў жа не складаліся. У Гомелі на ўдзельнікаў акцыі памяці пратаколы адміністратыўнага прапавапушэньня былі складзеныя, і сямёра з іх былі прыцягнутыя да адміністратыўнай адказнасьці ў выглядзе штрафаў на агульную суму 7 млн. 525 тысяч рублёў (каля 2 700 даляраў ЗША). Практыка сілавога падаўленьня акцыяў салідарнасці была працягнутая і надалей, чаго не назіралася ў першай палове году.

Усяляк блакаваўся ўладамі і распаўсюд інфармацыі па праблеме гвалтоўных зьнікненьняў у Беларусі. Найбольш паказальны выпадак – дэпартацыя журналістаў расійскага тэлеканала НТВ Аляксея Малкава і Юрыя Бабенкі з Беларусі пасьля іх інтэрв’ю з жонкай Віктара Ганчара і маці Дзьмітрыя Завадзкага. Журналісты завершылі сваю камандзіроўку ў Менск і зьбіраліся вярнуцца ў Маскву, аднак увечары 14 жніўня супрацоўнікі сьпецслужбаў у цывільным вывелі журналістаў з нумара гатэлю Міжнароднага адукацыйнага цэнтра, дзе яны спыніліся. Спачатку яны былі дастаўленыя ва ўпраўленьне унутраных спраў Маскоўскага раёну Менска, затым адвезеныя ў аэрапорт, дзе іх пратрымалі ўсю ноч, а першым ранішнім рэйсам адправілі ў Маскву. Афіцыйна журналістаў абвінавацілі ў працы без акрэдытацыі МЗС Беларусі.

 

Такім чынам, у 2009 годзе так і не быў высьветлены лёс зьніклых Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Дзьмітрыя Завадзкага. Афіцыйнае расьсьледваньне фактычна не вялося, вынікі яго так і не сталі вядомымі родных выкрадзеных і грамадзкасьці, вінаватыя ў злачынствах так і не былі выяўленыя і пакараныя.

Важнай асаблівасьцю году стала фактычнае замоўчваньне праблемы зьніклых еўрапейскімі структурамі дзеля наладжваньня палітычнага дыялогу з беларускімі ўладамі, адыход ад ранейшай прынцыповай пазіцыі ў гэтым пытаньні.  

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства