Гародня: Суды не задавальняюць скаргі партыйцаў
Гарадзенскі абласны суд адмовіў Гарадзенскай абласной арганізацыі БСДГ у разглядзе касацыйнай скаргі на падставе таго, што ў мінулым рашэнні Гарадзенскага абласнога суда на скаргу грамадоўцаў пра несправядлівае, на іх думку, фармаванне выбарчых камісій, было ўказана, што рашэнне суда канчатковае і абскарджванню не падлягае. Сябры БСДГ расцэньваюць такі падыход як адмову ў доступе да суда і збіраюцца далей абскарджваць гэтае рашэнне. Акрамя таго, арганізацыя БСДГ адзначае тое, што Гарадзенскі абласны суд не дае адказаў на дзяржаўнай беларускай мове.
Гарадзенская абласная арганізацыя АГП атрымала адказ з Гарадзенскага абласнога суду на скаргу, у якой партыя апратэстоўвала парадак фармавання акруговых выбарчых камісій у Гародні і неўключэнне некаторых сваіх прадстаўнікоў у іх склад. Суддзя Вячаслаў Міхневіч адмовіў у задавальненні гэтай скаргі, спасылаючыся на тое, што камісіі ўтрымліваюць неабходную квоту прадстаўнікоў ад палітычных партый і грамадскіх арганізацый. Чаму менавіта сябры АГП не патрапілі ў гэтую квоту, суд вырашыў не разбірацца. Затое было дапісана, што рашэнне суду канчатковае і абскарджванню не падлягае.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”