У Оршы тэрытарыяльныя камісіі дэманструюць непрафесійную працу
Як ужо паведамлялі "Праваабаронцы за свабодныя выбары", шэраг грамадскіх актывістаў звярнулі ўвагу на парушэнні, дапушчаныя падчас нарэзкі акругаў у Аршанскі гарадскі і Болбасоўскі пасялковы Саветы. У склад акругаў увайшлі даўно знесеныя вуліцы і дамы, затое не значыліся рэальна існуючыя; не былі выкананы нормы прыкладнай роўнасці колькасці выбаршчыкаў, мелі месца нестасоўкі гэтай колькасці ў розных дакументах і г.д.
У выніку практычна кожнае апублікаванае рашэнне тэрытарыяльных камісій у сувязі з паступаючымі скаргамі даводзіцца самім жа камісіям змяняць, дапаўняць ці адмяняць.
Так, 15 лютага Аршанская гарадская тэрытарыяльная камісія была вымушана змяніць склад 13-ці з 30 акругаў гарадскога Савета, пра што паведаміла мясцовая "Аршанская газета". Некалькімі днямі раней тая ж "Аршанская газета" апублікавала ўдакладненні па колькасці выбаршчыкаў у пасялковы Савет Болбасава, у выніку чаго гэта самая колькасць змянілася прыкладна на 30%. А яшчэ раней тая ж газета змясціла на сваіх старонках удакладненне адносна спосабаў вылучэння асобаў у склад Аршанскай раённай камісіі.
Усе ўдакладненні і аспрэчанні з'яўляюцца вынікам скаргаў выбаршчыкаў на дапушчаныя парушэнні.
Па меркаванні прадстаўнікоў Аршанскай кааліцыі АДС, бясконцая чахарда з адменамі і зменамі раней прынятых рашэнняў тлумачыцца крайнім непрафесіяналізмам сябраў тэрытарыяльных камісій. Ніводнага прадстаўніка апазіцыі ў склад гэтых камісій не ўключылі.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"