Баранавічы: Праваабаронца абскарджвае рашэнне гарвыканкаму
17 лютага назіральнік ад ТБМ у Баранавіцкай гарадской выбарчай камісіі, праваабаронца Сяргей Гоўша накіраваў заяву пракурору горада Баранавічы Палыка І.Л. У заяве гаворыцца, што рашэннем Баранавіцкага гарвыканкама вызначаны “месцы для агітацыі” падчас выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў з мэтай стварэння роўных магчымасцяў свабоднага і ўсебаковага абмеркавання перадвыбарных праграмаў кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў. У якасці месца для правядзення перадвыбарчай агітацыі вызначаны стары парк культуры і адпачынку імя 50-годдзя УЛКСМ.
Сяргей Гоўша піша, што адведзенае месца для агітацыі сёння цалкам засыпана снегам, тут няма пляцовак, каб людзі маглі стаяць і агітаваць за сваіх кандыдатаў. Болей таго, падлічана, што ў старым парку з боку вуліцы Царука, дзе дазволена агітаваць, адзін чалавек праходзіць на працягу 40-45 хвілін. Стары парк – гэта проста лес, засыпаны паўмятровым слоем снегу. У гэтым парку даўно няма ніякіх атракцыёнаў, яны шмат гадоў таму былі перанесены бліжэй да цэнтру. У старым парку няма пляцовак, там наогул ніколі не ходзяць людзі і Баранавіцкаму гарвыканкаму гэта добра вядома. Як магчыма агітаваць у такіх умовах, і каго там можна агітаваць, пытаецца ў пракурора назіральнік Сяргей Гоўша. Ён сцвярджае, што такія ўмовы агітацыі парушаюць правы грамадзян – як прэтэндэнтаў у кангдыдаты, так і выбаршчыкаў.
Далей у сваёй заяве Сяргей Гоўша дадае, што месцы для правядзення пікетаў, вызначаныя мясцовай уладай, таксама не даюць магчымасці кандыдатам у дэпутаты працаваць з выбаршчыкамі. З рашэння гарвыканкама вынікае, што пікетаваць (збіраць подпісы) можна толькі ў бязлюдных месцах. Фактычна, гэта ёсць парушэнне правоў кандыдатаў на сустрэчы і размовы з грамадзянамі. На падставе вышэй выкладзенага, Сяргей Гоўша просіць ў трохдзённы тэрмін, згодна арт.49/1. ВК, прыняць меры пракурорскага рэагавання і забяспечыць выкананне правоў грамадзян, падчас выбарчай кампаніі.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”