Запрашэнне для прэсы на адкрытыя перамовы паміж праваабарончай супольнасцю і беларускімі сілавымі структурамі
Праваабарончыя арганізацыі Беларусі заяўляюць аб ініцыяванні перамоваў з сілавымі структурамі Беларусі для абмену пазіцыямі адносна гвалтоўных дзеянняў у адносінах да ўдзельнікаў масавых мерапрыемстваў 8, 14 і 16 лютага, а таксама сітуацыі вакол “Саюза палякаў на Беларусі”.
Мэтай перамоваў з’яўляецца пошук шляхоў для нармалізацыі дзейнасці праваахоўных органаў пры забеспячэнні правапарадку падчас правядзення мірных сходаў.
Для ўдзелу ў перамовах запрашаюцца прадстаўнікі МУС Рэспублікі Беларусь, ГУУС Мінгарвыканкама, Рэспубліканскай і Мінскай гарадской пракуратуры, Палка міліцыі спецыяльнаг прызначэння, КДБ Рэспублікі Беларусь, Упраўленняў КДБ па Мінску і Мінскай вобласці, Камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
Ініцыююць перагаворны працэс праваабарончыя арганізацыі: Цэнтр прававой трансфармацыі, Праваабарончы цэнтр “Вясна”, Камітэт “Салідарнасць”, Беларускі Хельсінкскі камітэт, Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі Дом правоў чалавека, Цэнтр па правах чалавека.
Для назірання за перагаворным працэсам запрашаюцца прадстаўнікі пасольстваў, офіса АБСЕ, прадстаўніцтва Еўракамісіі ў Беларусі.
Для асвятлення ходу перамоваў запрашаюцца прадстаўнікі прэсы.
Перамовы запланаваныя на пятніцу, 19 лютага, у памяшканні для перамоваў на 7 паверсе гасцініцы “Еўропа” (вул. Інтэрнацыянальная, 28) з 11.00 да 13.00.
За дадатковай інфармацыяй звяртацца па тэлефоне: +375 29 3698988 (Алена Танкачова) і электроннаму адрасу: infocenter8@gmail.com